— Вось і выдатна, будзем лічыць, што я займела дзвюх прыкладных курсантак.
— Скажыце, калі ласка, як тут вучыўся наш славуты пісьменнік Уладзімір Караткевіч? — спытала Ада.
— Выдатна вучыўся. Вельмі здольны быў.
— Ці чыталі вы ягоны раман «Нельга забыць» пра той час? Ён быў у некага закаханы?
— У выкладчыцу Ніну Молеву. Ведаю, што ёсць такі твор, але не чытала. Па-беларуску не разумею.
— Ды ў нас усё проста, як гаворыцца, так пішацца і чытаецца. Там ён вас назваў Галінаю Іванаўнай.
У дзверы зазірнулі. Наіна Андрыянаўна ўзрадавана сказала:
— Заходзьце! Хто там такі нясмелы?
У пакой увалілася гурма хлопцаў, сярод іх быў і Адзін знаёмы Гоша. Загадчыца пачала з імі знаёміцца. Ада з Эмай выйшлі з пакоя, наблізіліся да дошкі з раскладам, пачалі чытаць дысцыпліны, якія належала вывучаць. Чаго там толькі ні было: руская літаратара, гісторыя Расіі, філасофія, эстэтыка, тэорыя літаратуры, гісторыя эканамічных вучэнняў, тэатральнае і выяўленчае мастацтва, замежная літаратура, мова мастацкіх твораў, спецкурсы па творчасці рускіх пісьменнікаў ХІХ—ХХ стагоддзяў.
— Вы з якога горада? — спытала Эма.
— З Бабруйска. Невялікі гарадок, недалёка ад Мінска, мо чулі?
— Чула, там, здаецца, шыны робяць. І чым вы там займаліся?
— Працавала ў раённай газеце.
— Дык мы калегі. Я таксама з газетчыкаў. Раней мы жылі ў Свярдлоўску, а потым пераехалі ў Маскву. Мой муж тэлежурналіст.
Яна назвала прозвішча, знаёмае Адзе па адной маскоўскай тэлепраграме.
— Бачыла вашага мужа па тэлебачанні, постаць прыкметная. Цікавы чалавек.
— Так. Але праца яго вельмі небяспечная. Яны ж займаюцца расследваннем наркатрафіка, а гэта тоіць у сабе пэўную пагрозу.
— Вас гэта, напэўна, трывожыць, — паспачувала Ада.
— Вядома, хвалююся, але заўсёды спадзяюся на лепшае...
Наіна Андрыянаўна выйшла з хлопцамі з кабінета, расчыніла дзверы ў аудыторыю і сказала:
— Тут будзеце слухаць лекцыі.
Курсанты ўвайшлі ў пакой, патапталіся ля дошкі, Гоша нават сеў за стол і спытаў:
— Колькі жанчын будзе на курсе?
— Дзесяць, а мужчын трыццаць, — шматзначна адказала Наіна Андрыянаўна. — Вось першыя ластаўкі: Эма і Ада, абедзве замужнія.
Хлопцы расчаравана азваліся неўразумелымі воклічамі, як быццам яны прыехалі сюды жаніцца. Загадчыца засмяялася і суцешыла іх:
— Дзяўчат поўная Масква! Усе вашы! Дарэчы, заўтра першая нядзеля верасня, у якую масквічы адзначаюць Дзень горада. Можна сказаць, што вы трапілі з карабля на баль. Праграма свята вельмі цікавая і разнастайная. Афішы вісяць на тумбах. Безумоўна, усюды не паспееце, таму раю засяродзіцца на тым, каму што болей падабаецца. Праезд у метро бясплатны. Жадаю цікава адпачыць. А ў панядзелак прашу на заняткі. Расклад у калідоры...
2
На другі дзень раніцай Ада сутыкнулася з Гошам на кухні. Ён прывітаўся і спытаў, чым яна збіраецца сёння займацца.
— Мусіць, паеду глядзець Маскву. Зусім яе не ведаю. Толькі аднойчы была на экскурсіі. Нас правезлі на аўтобусе па горадзе, паказалі Траццякоўскую галерэю, павадзілі па Крамлі міма вялізнай пушкі і звона, завялі ў маўзалей, на гэтым усё скончылася.
— Калі дазволіце, стану вашым гідам, з намі яшчэ Сеня Хмурноў паедзе. Ён наогул у Маскве ўпершыню. Хлопец з Чувашыі.
— Паедзем, — пагадзілася Ада. — Дайце мне хвілін дзесяць на зборы.
— Выдатна, — Гоша зірнуў на гадзіннік. — У дзесяць сустракаемся, я вам пагрукаю ў дзверы.
Ада пераапранулася з халата ў цёмную трыкатажную сукенку, накінула лёгкую куртку з зеленаватай плашчоўкі. У Маскве стаяў ясны і цёплы пачатак верасня, але на ўсялякі выпадак трэба было перастрахавацца, раптам надвор’е зменіцца. Прычасалася, пакруцілася перад люстэркам, якое вісела на сцяне. Потым прыдзірліва агледзела пакой, ці ўсё на месцы. Учора яна вымыла падлогу, дзіву далася: пад ложкам сабраўся слой пылу. Мусіць, тут шмат гадоў жылі мужчыны, якія ніколі не прыбіралі ў пакоі. Ада працерла вокны, павесіла новыя фіранкі, на стол паставіла талерку з яблыкамі, як звычайна рабіла дома. Яе маці жыла на ўскрайку горада за вузенькай і зарослай аерам рэчкай Бабруйкай у прыватным доме, мела стары сад, які раз на чатыры гады так буйна пладаносіў, што не ведалі, куды дзяваць тую садавіну. Новае Адзіна жытло пахла бабруйскімі яблыкамі і мела даволі прыемны і ўтульны выгляд. У дзверы пагрукалі. Ада адчыніла, убачыла Гошу, а з ім маладога мужчыну, невысокага, з чорнымі вачамі і сімпатычным тварам.
— Знаёмцеся, гэта Сеня Хмурноў, — сказаў Гоша.
— Вельмі прыемна. Нядобра знаёміцца праз парог. Зайдзіце на хвілінку ў пакой.