— Путаны выйшлі на паляванне.
— Калі ёсць попыт, дык будзе і прапанова, — адказала Ада. — Патрыярхальны свет нарадзіў шмат заганных з’яў у грамадстве. Я нікога не хачу пакрыўдзіць.
— Згодны, — пацвердзіў Гоша. — У нашым свеце шмат недасканалага, але нам гэтага не паправіць.
— А мяне ўсё задавальняе, — прамовіў Сеня. — Я гатовы любіць путан і сваю жонку, Маскву і сталіцу маёй Чувашыі, Чэбаксары, і ўвесь свет наогул!
— Каб дазваляла каліта! — засмяяўся Гоша.
— Гэта ты трапна прыкмеціў.
Ада і не заўважыла, як хутка праляцеў дзень, толькі зараз успомніла, што яны не абедалі, а пара ўжо і павячэрыць. Таму запрасіла хлопцаў:
— Прыходзьце да мяне праз гадзінку, я бульбу звару.
Яны ўзрадаваліся і паабяцалі з’явіцца абавязкова.
Ада наабірала бульбы, пакінула на малым агні варыцца, а сама пайшла ў гастраном, які быў побач, праз дарогу, купіла сасісак, памідораў, смятаны і булачак. Вячэра атрымалася не надта багатая, але па-студэнцку добрая. Хлопцы ахвотна паелі бульбы з салатаю і сасіскамі, папілі чаю з булачкамі ды варэннем і, мусіць, не пашкадавалі, што на цэлы дзень прынялі ў сваю кампанію жанчыну.
Пасля таго, як госці пайшлі, Адзе засталося памыць посуд і хутчэй легчы спаць, бо хоць і ездзіла цэлы дзень, але нахадзілася так, што ногі ажно гулі. Яна колькі разоў павярнулася з боку на бок, выбіраючы найбольш зручную позу для сну, згадала Касьяна, мусіць, успаміны пра яго ніколі не пакінуць яе, як бы яна ні адгаворвала сябе забыць мінулае. Аднак усё ж заснула, стомленая доўгаю вандроўкаю па Маскве, у шчаслівым прадчуванні першага дня заняткаў, які чакаўся заўтра.
3
Ада ехала ў Літінстытут і яшчэ несла ў душы слабую надзею, што раптам і Касьян прыехаў на вучобу — гэта было б вялікім шчасцем. Яму таксама карысна пажыць у Маскве, паспяваць на Арбаце, займець новых знаёмых, мо нават і вельмі карысных.
У аўдыторыі сабралася ўся група. Людзі былі прыкладна ва ўзросце да сарака гадоў, толькі некалькі мужчын мелі сіваватыя галовы і было відно, што ім, мусіць, пераваліла за пяцьдзясят. Касьяна не ўбачыла. Курсанты няспешна рассаджваліся, выбіралі сабе месцы і напарнікаў. Ада з Эмай занялі першы стол у радзе каля дзвярэй, адразу за імі селі верныя рыцары — Гоша з Сенем. Празвінеў званок. Праз некалькі хвілін увайшла Наіна Андрыянаўна, павіншавала прысутных з пачаткам навучальнага года, праверыла па спісе, ці ўсе ў аўдыторыі, і засталася задаволеная: усе. Выявілася, што ў групе будуць вучыцца людзі з далёкага замежжа: францужанка Наталі, югаслаўка Мірыям і афганец Латыф. Іхнія прозвішчы Ада не запомніла, а імёны адразу ўпячаталіся ў памяць. Было шмат курсантаў з Казахстана, Арменіі, Азербайджана, Кіргізіі, Карэліі і яшчэ бог ведае скуль.
Наіна Андрыянаўна ўрачыста абвясціла, што сёння заняткаў не будзе, а курсантаў правязуць на аўтобусе і пакажуць Маскву, каб палюбілі яе, як родны горад, які з радасцю прымае ўсіх годных людзей, здатных ствараць і працаваць на яе гонар і славу. Аўтобус чакае ля брамкі, можна ісці і займаць месцы.
Шумлівай гурмой, нібы дзеці, хлопцы і дзяўчаты расселіся ў аўтобусе. Іх павезлі па вуліцах, даволі хутка, так што нешта разгледзець не было магчымасці. Мільгалі будынкі, вежы і сцены Крамля. Наіна Андрыянаўна весці экскурсію не ўзялася, яе новыя выхаванцы пазіралі за вокны і нічога адметнага не бачылі. Масква як Масква. Раптам пачуўся ўзрушаны голас Гошы:
— Глядзіце, Белы дом!
Усе павярнуліся і ўбачылі высокі будынак. Масква яшчэ жыла нядаўнімі падзеямі, звязанымі з расстрэлам Белага Дома... Ада падумала, як добра, што не здарылася грамадзянская вайна, што жыццё працягваецца. І гэта цудоўна!
Эма не паехала на экскурсію. Яна ведала Маскву ўздоўж і ўпоперак. Побач з Адай месца пуставала, і яна міжвольна падумала: «Як шкада, што Касьян не паехаў са мною на вучобу. А мог бы! Піша выдатныя вершы. Сядзеў бы зараз побач! Якое было б шчасце!» І адразу абарвала гэтую думку, каб не тузаць сэрца горкімі згадкамі, жыць тым, што ёсць! Няма на што наракаць! Здзяйсняецца мара! Усё выдатна!
Аўтобус імчаў наперад, курсанты аціхлі, стомленыя мільганнем за вокнамі. Гадзіны праз паўтары вандроўка скончылася. Наіна Андрыянаўна сказала, што ў іх яшчэ будуць экскурсіі ў іншыя гарады і цікавыя мясціны. А пакуль усе вольныя. Пажадала добра падрыхтавацца, каб заўтра са свежымі сіламі ўзяцца за вучобу.
Ада яшчэ ў аўтобусе вырашыла, што пойдзе сама, без спадарожнікаў, на Красную плошчу і ўсё разгледзіць як след. Выйшла на вуліцу Горкага і рушыла ў бок Крамля міма мноства крамаў, кафэ, музейчыкаў. Рухалася з людской ракою, якая няспынна плыла шырокаю і прыгожаю вуліцаю, востра адчуваючы адзіноту ў гаманлівай гурме. Нават і не падумала, а проста выдыхнула: «Касьян, Касьян, як жа я цябе кахаю! Але табе няма справы да маіх пачуццяў!» І адразу адпрэчыла гэтую думку, таму што трэба было пачынаць новае жыццё без уздыхаў, згрызот і смутку. Перад паездкаю на вучобу яна рыхтавалася, шукала і занатоўвала звесткі пра тыя мясціны, дзе ў розныя гады жылі беларусы ў Маскве. Тут выхоўваў і далучаў да навукі царскіх дзяцей святар, паэт і драматург Сімяон Полацкі. Хадзіў праз Красную плошчу (тады гэта быў галоўны маскоўскі базар) у друкарню, дзе выдаваў кніжкі, а пазней узначальваў манастыр. Недзе Ада чытала, што быў ён астролагам і здолеў дакладна прадказаць момант зачацця Пятра Аляксеевіча, будучага цара Пятра Першага. Трохі пазней у Пасольскім прыказе, які знаходзіўся на тэрыторыі Крамля насупраць Спаскай вежы, працаваў перакладчыкам беларускі асветнік Ілья Капіевіч. Падрабязнасцей іхняй дзейнасці Ада не памятала. Трэба было вярнуцца да гістарычных крыніц, каб удакладніць звесткі пра гэтых выдатных асоб, а можа, напісаць цыкл артулаў пад агульнай назвай «Масква беларуская» для сваёй раёнкі. Не варта адкладваць надоўга, потым пачнуцца экзамены і залікі, не будзе часу, а пакуль светла і цёпла, самы час заняцца гістарычнымі росшукамі.