Выбрать главу

У Ады захоўваліся запісы назваў вуліц, на якіх у свой час жылі Янка Купа­ла і Канстанцыя Буйло. Усе гэтыя мясціны яна яшчэ збіралася наведаць.

Ада павярнула налева, яе позірк прыцягнула прыгожая царква, вельмі яскрава размаляваная, яна пайшла да яе і раптам здзіўленым позіркам утаропілася ў круглую каменную калодку. Спынілася, разглядаючы дзіўнае збудаванне і нарэшце здагадалася: гэта ж Лобнае месца! Храмы рушыліся, Масква перабудоўвалася, а калода, на якой секлі галовы, працягвала стаяць!..

Знакамітыя мясціны, знакамітая сталіца... Цяпер вось і Ада прыехала сюды вучыцца. Наогул з розных краін свету едзе моладзь у Маскву па вышэйшую адукацыю, і па ўсім відаць, што дыпломы, атрыманыя тут, каціруюцца ў іх на радзіме. Ада, стоячы каля Лобнага месца, узіралася ў круглую калоду, міжвольна пачала складацць верш:

На плошчы пукатай,

Што тайнаў шмат месціць,

Ля царскіх палатаў

Ёсць Лобнае месца,

Дзяржаўнаахоўнае,

Любасць турыстаў,

Стаіць, быццам новае,

Год, можа, трыста.

Дастала нататнік, паспешна запісала першыя радкі, што прыйшлі самі сабою, дапісаць верш вырашыла дома. Згадаліся падзеі Смутнага часу, калі ў Маскве загінула шмат літвінаў. І падумала, ці не ў гэтым храме вянчаўся Ілжэдзмітрый з Марынай Мнішак, калі яна была прызнана расійскаю царыцаю. Праўда, праз некалькі дзён успыхнула змова на чале з Шуйскім і ўсё змянілася на працягу нейкай гадзіны. Труп забітага Ілжэдзмітрыя пакінулі на Чырвонай плошчы для здзекаў, можа, недзе тут і ляжаў, а Марына апынулася ў палоне. Ёй яшчэ пашанцавала, што здолела схавацца пад спадніцу сваёй ахмістрыні, калі раз’ятраны натоўп уварваўся ў царскія палаты. Таму і выжыла. А потым стала паланянкаю разам з бацькамі і мноствам іншых літвінаў і палякаў, якія ацалелі ў той жудаснай бойні, калі Васіль Шуйскі расчышчаў месца для ўласнага царавання.

Ада падумала, што варта пашукаць матэрыялы, якія датычацца тых падзей, ды напісаць паэму, а, можа, нават раман пра Марыну Мнішак, малень­кую жанчыну, якая выправілася замуж у чужую краіну, каб кіраваць ёю, стала царыцаю, а потым давялося ёй перажыць жудасныя мітрэнгі і разам з маленькім сынам вытрываць катаванні і прыняць страшную смерць...

«Ну вось, выправілася на шпацыр з добрым настроем, а зноў развярэдзіла душу гістарычнымі падзеямі, хоць і было гэта даўно, — міжвольна падумала Ада. — Нельга чалавеку адначасова жыць у мінулым і цяперашнім часе, думаць пра наступнае ды яшчэ прымаць усё блізка да сэрца. Вельмі цяжкая справа. Хоць без гэтага сардэчнага болю немагчыма спасцігнуць сапраўдную сутнасць падзей, якія адбыліся некалькі стагоддзяў таму, зразумець учынкі людзей, мэты і памкненні, якія рухалі імі. Але годзе ўжо на сёння ўражанняў. Трэба вяртацца ў інтэрнат, павячэраць ды класціся спаць».

4

Увечары Ада прымасцілася ля акна, доўга пазірала на Астанскінскую вежу, якая высока ўздымалася над шчыльнаю забудоваю і свяцілася чырвонымі агнямі. Сачыла за чародкаю галубоў, што ў добра асветленым горадзе не спяшаліся на спачын, а ўсё яшчэ прыляталі на дах пяціпавярховага дома насупраць, садзіліся, а потым зноў некуды ляцелі. Мусіць, яны прызвычаіліся жыць у вялікім горадзе і, пакуль хадзілі па вуліцах людзі, вышуквалі сабе нейкую спажыву.