Выбрать главу

Перад паездкаю ў Маскву Ада паабяцала сабе: не будзе ні шкадаваць пра мінулае, ні згадваць яго. Што было, тое мінулася. Ды перажытае міжволі вярталася памяццю, авалодвала настроем, перад вачамі ўсплывалі нейкія малюнкі, чуліся дыялогі, якія яна доўжыла і доўжыла, разважаючы з сабою ці з ім, Касьянам.

У іхняй сустрэчы было нешта містычнае. Яшчэ ў васямнаццаць гадоў прысніўся ёй неверагодна прыгожы хлопец, з залацістымі валасамі і сінімі вачамі, быццам з тых міфічных Лятаўцаў, якія зоркамі спускаюцца на зямлю, ператвараюцца ў мужчын і жывуць між людзьмі, колькі здолеюць. Яна цалавалася з тым хлопцам пад зорным небам. Дзіўна, ёй ніколі не сніліся эратычныя сны, а звычайна бачылася нешта звязанае з яе журналісцкай працай, усё яна некуды ехала ці ішла з незнаёмымі людзьмі. Можа, таму гэты сон урэзаўся ў памяць. Ва ўсялякі момант магла заплюшчыць вочы і зноў убачыць таго Лятаўца, як жывога, быццам толькі што з ім развіталася.

Ада працавала, вучылася, прыглядалася да супрацоўнікаў і аднакурснікаў, але таго, якога прысніла, нідзе не сустракала. Бегала да нейкіх хлопцаў на спатканні, з некім сябравала, з некім ліставалася, але адчувала, што нікога не кахае так, каб раз — і назаўсёды. Міжволі шукала прыснёнага, але нідзе яго не было. Таму і замуж згадзілася пайсці за Мечыслава пад націскам маці, што не бачыла вялікай розніцы паміж тымі хлопцамі, якія патэнцыяльна маглі стаць яе мужамі. Прамінула шмат гадоў, перш чым лёс звёў яе нарэшце з Касьянам. Аднойчы летам яна ўбачыла афішу, на якой была выява барда з гітарай. Яна спынілася перад ёю, і сэрца закалацілася ад хвалявання. Гэта быў той самы хлопец, прыснёны ў васямнаццаць гадоў. «Касьян Цымбалевіч. Аўтарскія і народныя песні, рамансы», — прачытала яна. Зірнула на дату. Канцэрт меўся адбыцца на наступны дзень у Палацы культуры шыннікаў, а таксама ў санаторыі, які знаходзіўся на Бярэзіне, побач з Бабруйскам.

Яна, супрацоўнік раённай газеты, мела магчымасць без білета наведваць культурныя мерапрыемствы, якія адбываліся ў горадзе. Сядзела ў шумлівай зале і з хваляваннем чакала барда. Людзі пачалі нецярпліва пляскаць у ладкі. Шырма рассунулася, на пустую сцэну з-за кулісаў выйшаў прыгожы малады мужчына з хвалістымі светлымі валасамі і сінімі вачамі. Ён пакланіўся, пашчыпаў струны гітары і пачаў спяваць. Голас у яго быў прыемны, мяккі, такім бы спяваць калыханкі. Здавалася, што бард рухаўся ў прасторы гукаў, чутных толькі яму. Ягоныя жэсты, поступ, позіркі падпарадкаваліся дзіўнаму рытму. Ада не магла адарваць ад спевака вачэй, і яшчэ не розумам, а падсвядома разумела: менавіта гэтага чалавека яна кахала з таго самага моманту, як убачыла Лятаўца ў сне.

Калі прагучалі апошнія акорды, слухачы, зачараваныя спевамі, колькі хвілін маўчалі, а потым зала ўзарвалася магутнымі воплескамі. Нецярплівыя дзяўчаты пабеглі на сцэну з кветкамі. Спявак галантна цалаваў ім ручкі і дзякаваў. Ада тым часам накіравалася за кулісы. Там яна сустрэла Касьяна. Ён нёс бярэмя букетаў, убачыўшы яе, спыніўся. Яна сказала яму, што з’яўляецца супрацоўнікам мясцовай газеты і што ўражаная яго выступленнем і хацела б узяць інтэрв’ю, каб шырэй расказаць пра яго чытачам.

— Аглядальнік? Хочаце мяне агледзець? — іранічна пасміхнуўся бард. Ада сумелася ад пачутага. — Праз гадзіну ў мяне яшчэ адна сустрэча ў клубе санаторыя. Можа, толькі пасля таго пагутарым, — дадаў ён.

— Добра, — згадзілася яна.

— А ведаеце што, пачакайце хвілінку, я збяру рэчы, і на маёй машыне паедзем на новую сцэнічную пляцоўку. Што ж гэта я кветкі трымаю? Гэта вам.

Ада адхіснулася, прамовіла:

— Не трэба! Гэта ж вашы кветкі!

— А куды я іх падзену? У гасцініцу павязу ці што? Бярыце, вам яны вельмі пасуюць.

Ада прыняла кветкі, паклала іх на абшарпаны стол, што стаяў за кулісамі, склала з іх, калі Касьян выйшаў з грымёркі, гожы акуратны букет.

Калі ён неўзабаве вярнуўся, Ада ўжо трымала той букет у руках.

— Якое хараство! Давайце я вазьму вас на працу кветканосцам! — пажартаваў ён.

— Згодная, — адказала Ада, ледзьве хаваючы хваляванне.

Вельмі ж недасяжна прыгожы быў гэты чалавек. У Ады, як яна лічыла, была сціплая знешнасць: сярэдні рост, звычайны круглы твар з дробнымі рысамі, зялёныя вочы, каштанавыя валасы. Але на яе звярталі ўвагу хлопцы, можа, таму, што было ў яе паставе, вачах, аблічы нешта ўзнёслае, рамантычнае.

— У такім разе едзем у санаторый, будзеце яшчэ і маім навігатарам, бо ў вашым горадзе я ўпершыню, — прапанаваў Касьян.

— З задавальненнем. Паедзем туды, — Ада ўзмахнула рукою, паказваючы напрамак і не ўтрымалася, каб не спытаць. — Ці даўно вы выступаеце?