Выбрать главу

— Ды ўжо гадоў пяць.

— Шкада, што раней да нас не прыязджалі. Гледачы атрымалі вялікае задавальненне. Я — таксама.

— Дзякуй, — адказаў Касьян, на імгненне адрываючы позірк ад дарогі. — Калі адчуваеш, што твая праца прыносіць радасць людзям, што ты — не проста блазан на сцэне, які выйшаў павесяліць публіку, а крануў іхнюю душу, самыя патаемныя струны, дык жыццё набывае сэнс.

— Дзе ваша сталае месца працы?

— У гродзенскай філармоніі, а раней сам па сабе трэнькаў.

— Не кажыце так. Вы цудоўна спявалі і ігралі. У вас нават прозвішча музычнае.

— Усе мае дзяды і прадзеды займаліся тым, што рабілі цымбалы, гуслі, скрыпкі ды гралі на гэтых інструментах на вяселлях. Адсюль і прозвішча пайшло. А я выбраў гітару як найбольш папулярны інструмент. Але ёсць у мяне задума сабраць аўтэнтычны аркестр з традыцыйнай дудою, барабанам з бразготкамі, скрыпкаю ды цымбаламі. Як грымнем разам, дык увесь свет заскача. Толькі вы пра маю мару не пішыце, бо не здзейсніцца.

— Як жа можна не сказаць пра мару?

— Можна напісаць, што мару яшчэ раз наведаць ваш горад. А якія тут ёсць славутыя мясціны?

— Найперш — крэпасць.

— Ведаю, учора паразглядваў бастыёны, пахадзіў па сутарэннях. Цікава, ці ёсць якія адметныя факты, якія датычацца гісторыі крэпасці?

— Ёсць звесткі пра так званы «Бабруйскі план», прыдуманы дзекабрыстамі Мураўёвым-Апосталам і Бястужавым-Руміным, якія ў той час камандавалі Палтаўскім і Чарнігаўскім палкамі ў крэпасці. Яны хацелі ўзяць у закладнікі цара Аляксандра Паўлавіча, які меўся наведаць Бабруйск у 1823 годзе. Потым мелі намер рухацца на Пецярбург разам з высокапастаўленым палонным. Гэтую задуму аспрэчыў Пестэль. І яна не здзейснілася. Цар без прыгод агледзеў Бабруйск, крэпасць і ад’ехаў. Потым, як вы ведаеце, дзекабрыстаў-зачыншчыкаў павесілі, вось такая гісторыя. Яшчэ кажуць, што ёсць пад крэпасцю шмат падземных хадоў, але я ніколі не адважвалася хадзіць па падзямеллях, і, думаю, там ужо ўсё завалена.

— Цікавая інфармацыя, — адзначыў Касьян.

— Вось мы і на месцы, — сказала Ада, калі пад’ехалі да транспартнай стаянкі.

Да будынка санаторыя, узведзенага ў стылі архітэктуры сталінскіх часоў, вяла сцяжына, абсаджаная дрэвамі, кустоўем і кветкамі. Касьян прыпаркаваў машыну. Ада паклала кветкі на сядзенне, выйшла з салона, і яны разам падаліся да адміністрацыйнага корпуса.

Потым Касьян зноў спяваў. Ада не магла наслухацца і нагледзецца на яго. І ўсё думала, як жа ёй цяпер жыць без гэтага чалавека? І для чаго нейкія вышэйшыя сілы паказалі ёй яго, на пакуту ці на шчасце?

Пасля канцэрта работнікі санаторыя запрасілі Касьяна і Аду ў пакой пры сталоўцы на вячэру. Было там і віно, але Касьян спаслаўся на тое, што за рулём піць сабе не дазваляе. Прысутныя выпілі за сустрэчу, пажадалі поспехаў спеваку, а ў дарогу далі цэлафанавы пакунак і цёпла развіталіся з гасцямі. Ада зноў несла кветкі, хоць іх было і не так шмат, як на папярэднім выступленні.

— Куды паедзем? — спытаў Касьян, заводзячы машыну.

— Не ведаю, — адказала яна. — Вам, мусіць, трэба было б адпачыць, а я навязалася са сваім інтэрв’ю.

— Адпачну, паспею. Можа, пасядзім дзе-небудзь на беразе ракі? Яшчэ віно пракісне.

— Дык вы ж за рулём.

— Ёсць такі нюанс. Добра, давайце пакінем машыну дзе-небудзь, а самі пойдзем на рэчку. Люблю глядзець на ваду. Яна мяне супакойвае.

— Можна і так, — адказала Ада, адчуваючы, што не хоча расставацца з Касьянам.

А потым яны сядзелі на беразе ракі. Пачало ўжо змяркацца. На тым баку быў поплаў, застаўлены стажкамі сена.

Ля іхніх ног плёскаліся хвалі, кусты вербалозу хісталі галінамі і паласкалі іх у вадзе пад лёгкім ветрыкам. Навокал панавала прыемная вечаровая цішыня, калі ўсё жывое рыхтуецца да сну.

Касьян дастаў з пакета віно, адкаркаваў бутэльку, прапанаваў крыху выпіць. Яна згадзілася, і яны пілі віно з бутэлькі. Над імі было зорнае жнівеньскае неба, з якога час ад часу падалі знічкі. Ада забылася пра ўсе свае абавязкі і турботы, час спыніўся, быццам яна трапіла ў месца з найвялікшай гравітацыяй, дзе законы дзейнічаюць не так, як звычайна на зямлі. Касьян, мабыць, адчуваў, што зачараваў дзяўчыну, ягонай душою таксама запанавала ўзнёсласць і натхненне, самы час пісаць вершы. Ён сказаў пра дзіўнае адчуванне, якое аднойчы перажыў:

— Не ведаю, сон ці ява, але мне здаецца, што я не нарадзіўся, а зляцеў аднойчы з неба, згарнуўся клубком — і падаў уніз.

— Вы — Лятавец, самы сапраўдны Лятавец. Я гэта зразумела адразу, калі ўбачыла вас на афішы.