Выбрать главу

— Лятавец? Гэта хто такі?

— Лятаўцы — персанажы славянскай міфалогіі. Яны ў выглядзе зорак злятаюць на зямлю, ператвараюцца ў людзей і жывуць, колькі здолеюць. У іх залацістыя валасы, сінія вочы, яны вельмі прыгожыя.

— Не, мяне нарадзіла звычайная зямная жанчына, хіба мо ў цела немаўляці ўсялілася душа Лятаўца, — разважліва прамовіў Касьян.

— Адкуль бярэцца ваша музыка? Вы яе ствараеце, ці яна уладарыць вамі?

— Безумоўна, гук першасны! Ён існаваў да мяне. Але я, калі дакранаюся да гітары, хачу адчуць яе настрой, каб напоўніць свет гукамі. Нашы душы тады гучаць суладна з інструментам. Можа, зусім не так заспявае яна, як мне чакалася, але я ведаю, што струна нарадзіла гук, якому патрэбна было нарадзіцца. А за ім выбудоўваецца музычная прастора з мноства новых гукаў, дзеля якой і выходзіць музыка на сцэну, а зала напаўняецца слухачамі. І тады час быццам запавольваецца. Прынамсі, мне здаецца, што дзве гадзіны канцэрта пралятаюць, як дваццаць хвілін.

— Ці можна спасцігнуць загадку музыкі?

— Мабыць, гэтая задача не мае рашэння. Тайна музыкі — не пошук універсальнага адказу, гэта шлях да мэты, якая ляжыць за межамі чалавечага жыцця і разумення. Яе нельга дасягнуць, можна толькі наблізіцца, што і складае сэнс нашага існавання.

— Як вам бачыцца ваша далейшае жыццё?

— Хачу быць патрэбным, выконваць сваё прызначэнне. Дакладна ведаю, што недарэмна прыйшоў на Зямлю. Ува мне з маленства жыве адчуванне гуку і слова, што я і спалучаю ў сваіх песнях.

— Вам прыносіць радасць творчасць?

— Так, радасць адчуваю, але занадта часта сутыкаюся з цяжкасцямі, выпрабаваннямі, неразуменнем. Тады супакойваю сябе, што гэта часовая з’ява, і рухаюся далей. Для мяне шмат значыць не столькі прызнанне, колькі быць пачутым і зразуметым, бо гэта патрэбна не толькі мне, а ўсім людзям.

— Вы незвычайны і вельмі прыгожы. Вам з вашай прывабнасцю, мабыць, дзяўчаты не даюць праходу, — захоплена прамовіла Ада, ёй так хацелася пераказаць свой колішні сон, але сумнявалася, ці паверыць ён, яшчэ падумае, што журналістка выдумляе абы-што.

— Ведаеце, мая жонка вельмі раўнівая і нястрыманая, калі што заўважыць, дык будзе на баранкі мне і прыхільніцы.

— У вас і дзеці ёсць?

— Дачка.

— А я так і не адважылася завесці дзіця, хоць даўнавата замужам, нешта стрымлівае мяне ад гэтага кроку, хоць і хочацца...

— Адклад не йдзе на лад.

Ягоныя словы пра сям’ю быццам вярнулі Аду да ўспрымання рэчаіснасці. Яна разулася, увайшла ў ваду, паклала кветкі на ваду і іх падхапіла плынь.

— Гэта ахвяра Бярэзіне, каб помніла нас, — сказала яна, вяртаючыся на бераг.

— Я зразумеў.

— А цяпер мне пара. Вельмі прыемна было з вамі пазнаёміцца. Я напішу тэкст і магу прачытаць вам яго па тэлефоне ці, калі вы не супраць, сустрэнемся яшчэ раз у зручны для вас час.

— У мяне заўтра яшчэ выезд ў буйны калгас, запрашаю паехаць са мной. Яны прышлюць машыну, так што я буду вольны казак.

Ада ўзрадавалася і не прымусіла сябе ўпрошваць. Безумоўна, яна паедзе, каб яшчэ хоць адзін дзень пабыць разам з Касьянам.

У калгасе іх добра сустрэлі, наладзілі вячэру. Старшыня, яшчэ не стары чалавек, адразу пачаў заляцацца да Ады, што выклікала рэўнасць Касьяна. Аду смяшыла такая праява пачуццяў з боку барда. Кахання няма, а рэўнасць ёсць.

Старшыня, хоць і быў на падпітку, але ўзяўся завезці іх у Бабруйск. Ён гнаў машыну на страшэннай хуткасці, а Касьян абдымаў Аду за плечы, паказваючы, што гэта ягоная жанчына. Адзе было прыемна адчуваць ягоную прыхільнасць, яна нават не думала, што з імі можа здарыцца нешта благое. Нічога не магло здарыцца, бо яна нарэшце сустрэла таго чалавека, які ёй быў наканаваны лёсам для шчасця. Сапраўды, яны даехалі да гасцініцы без прыгод. Старшыня галантна і не без шкадавання развітаўся з імі, мусіць, адчуў нейкім чынам і сваю далучанасць да мастацтва.

Пакуль ехалі, Касьяна добра разабрала. Ада ўзялася правесці яго ў нумар, тым больш, што Касьян патрабаваў, каб яна неадкладна прачытала яму тэкст інтэрв’ю.

Яны селі ў крэслы адно насупраць аднаго. Ада пачала чытаць. Касьян уважліва слухаў, згодна ківаў галавою. Пасма залацістых валасоў упала яму на лоб. Ада перастала чытаць, зірнула на яго, пагладзіла па валасах. Ён перахапіў яе руку, пацалаваў пальцы і сказаў:

— Дзякую, гэтак хораша пра мяне ніхто не пісаў.

— Калі вас тэкст задавальняе, дык буду аддаваць у друк. Пакіньце мне адрас, я вышлю вам газету.

Ён прадыктаваў адрас, Ада запісала, але ёй хацелася, каб і ў яго ўсё ж засталіся нейкія звесткі пра яе, таму прапанавала:

— Запішыце мой тэлефон.

Касьян дастаў нататнік, разгарнуў. Ада ўбачыла, што на старонцы запісана дзясяткі два тэлефонных нумароў без імёнаў і прозвішчаў. Яна зразумела: столькі нумароў нельга было трымаць у галаве, ён запісвае нумары таму, што не можа адмовіць, але нікому і ніколі не тэлефануе! Яна для яго толькі адна з мноства іншых жанчын, якія мільгаюць перад вачамі шэрай масай. Мо ў кожным гарадку знаходзіцца не адна такая, як Ада, якая набліжаецца да яго і знікае назаўсёды. Яна прыхавала крыўду, абуджаную здагадкай, пачала развітвацца.

полную версию книги