Выбрать главу

Ён асьцярожна палажыў у агонь палена і разважаў далей. Тое-ж адбываецца ўсюды з усімі жывымі стварэньнямі. Москіты прападаюць, калі пачнецца першы мароз. Вавёрка, калі чуе набліжэньне сьмерці, адпаўзаецца далей у зацішнае месца. Калі трусік старэе, ён цяжэе, у яго няма больш сілы ратавацца ад ворагаў. Нават вялікі мядзьведзь сьлепне, становіцца лянівым і сярдзітым, і нарэшце даходзіць да таго, што сабакі лёгка спраўляюцца з ім. Дзед успомніў, як ён сам пакінуў свайго бацьку, за год да таго, як прышоў да іх місіянэр з кніжкамі і скрынкаю розных лекаў. Коскуш раней толькі аблізваўся, калі ўспамінаў тую скрынку, але цяпер яго губы былі сухімі. Вельмі-ж упамяць адно лякарства — «сьмерць болю», — яно было асабліва смачнае. Але місіянэр быў дармаедам: ён не здабываў мяса, а толькі еў, і паляўнічыя наракалі на яго. Аднойчы ён прастудзіў лёгкія, а потым сабак раскапалі яго магілу і перагрызьліся з-за яго касьцей.

Коскуш ускінуў яшчэ адно палена і задумаўся аб далёкім мінулым. Гэта было ў часы Вялікага Голаду, калі дзяды з пустымі жыватамі падпаўзалі да агню і апавядалі старажытныя паданьні пра тыя гады, калі Юкон не замярзаў тры зімы засаб і засьцілаўся лёдам улетку. У той галодны год ён страціў сваю матку. Ласосяў ня відаць было тым летам, і племя з нецярплівасьцю чакала зімы, калі зьявіцца карыбу[1]. Зіма прышла, але карыбу ня было. Такога году ня было ніколі, — казалі старыя. Алені зьніклі, трусікі не пладзіліся, і ад сабак засталіся толькі скура ды косьці. У бесканцовай зімой вай цемры плакалі і паміралі дзеці і старыя: з дзесяці не засталося жывым і аднаго, каб сустрэць сонейка, калі яно вярнулася вясною. Так, страшны быў тады год!

Але ён бачыў і іншыя часы, калі ўсяго было даволі. Калі мяса псавалася, а сабакі сычалі і іх нельга было браць у работу. Гэта былі часы, калі паляўнічыя часта знарок прапускалі здабычу, і род іх тады рос і пашыраўся. Успомніў ён, як, будучы хлапчуком, у шчасьлівыя гады бачыў задушанага ваўкамі аленя. Зінг-Ха разам з ім ляжаў на сьнягу і наглядаў, — Зінг-Ха, які потым стаў адным з лепшых паляўнічых і, нарэшце, праваліўся ў палонку на Юконе. Праз месяц знайшлі яго: ён напалавіну вылез і моцна прымёрз да лёду.

А цяпер пра аленя. Зінг-Ха і ён пашлі ў той дзень на паляваньне. Гэта была дзіцячая гульня: яны пераймалі ад старэйшых. На беразе раўчука яны натрапілі на сьвежы сьлед аленя, а поруч ішлі сьляды ваўкоў. «Алень стары, — сказаў Зінг-Ха, які лепш ведаў сьляды. — Алень стары і астаўся ад статку. Воўкі адбілі яго ад чарады, і цяпер яго жывога ня пусьцяць». Так яно і было. Такі быў звычай у ваўкоў. Дзень і ноч без адпачынку гналіся яны за ахвяраю, выючы і падскакваючы да самага носу ахвяры, пакуль тая ня выбівалася з сілы. Як забурліла тады кроў у жылах хлопчыкаў! Сьмерць аленя — як гэта цікава паглядзець!

Хлопцы нібы на крыльлях пусьціліся бягом па сьлядох, і нават ён — Коскуш, які ня вельмі разьбіраўся ў сьлядох — мог-бы знайсьці гэты сьлед з заплюшчанымі вачыма, — такімі выразнымі былі адбіткі ног на сьнягу. Яны ішлі па сьвежых сьлядох, чытаючы на кожным кроку адзнакі страшнай трагэдыі. Вось яны падышлі да месца, дзе алень спыніўся. Навокал сьнег быў пакамечаны і разбушаваны. Пасярэдзіне відаць былі глыбокія ямы ад капытоў аленя, а навокала — усюды лёгкія воўчыя сьляды. Пакуль адны ваўкі распраўляліся з ахвярай, другія валяліся ў сьнягу і адпачывалі. Адбіткі іх выцягнутых цел былі такімі сьвежымі, нібы ваўкі толькі што зьбеглі адгэтуль. Абараняючыся, ашалелая ахвяра стукнула аднаму з ваўкоў капытом, і ён быў забіты на-сьмерць. Некалькі чыста абгрызаных костачак сьведчылі пра гета здарэньне.

Далей яны зноў натрапілі на месца, дзе спыняўся алень. Тут адбылася страшэнная бойка. Ваўком двойчы ўдавалася пакапіпь аленя, як пра гэта сьведчылі сьляды на сьнягу, і два разы алень ратаваўся ад сьмерці. Ён даўно выканаў свой абавязак перад жыцьцём, але ўсё-ж яму шкада было жыцьця. Зінг-Ха казаў, што вельмі рэдка аленю ўдаецца ўстаць, калі ён пакоціцца, але гэтаму аленю ўдавалася.

вернуться

1

Карыбу — канадзкі паўночны алень.