Выбрать главу

— І не скажаш, дзе залатая дзіда?

— Не.

Бандыты выйшлі з пакоя. Я запытаў у Анту, зірнуўшы на Піучэна:

— Чаму яго называюць Піучэнам? Што азначае гэтае слова?

Анту ўздыхнуў.

— Нашы людзі расказваюць, што ёсць змяя піучэн, якая, падрастаючы, ператвараецца ў птушку. У яе доўгая дзюба, маленькія крылы і гнуткі хвост. Калі яна поўзае па ствалах дрэў, то пакідае за сабою чырвоныя плямы.

— Дзядзька Анту, выратуйце нас, — паціху папрасіла Алеся.

— Усё зраблю, каб выратаваць.

Я ўбачыў, што на вачах у Анту бліснулі слёзы. Шкадуе нас. Няўжо пра сябе зусім не думае? Яму ж не лягчэй, чым нам. Чаму Санча не такі, як ён? Стаіць, з Піучэнам шэпчацца. Усмешка на вуснах. Радуецца, а ў Анту слёзы на вачах. Калі б па справядлівасці, то трэба, каб Анту ўсміхаўся, радаваўся. Трэба, каб дабро радавалася, трэба, каб у зла былі слёзы на вачах. Нейкі перавернуты наш свет.

— Дык як жа вы тут апынуліся? — запытаў Анту. — Хто мне раскажа?

— Я, — падаў голас Максім і пачаў свой аповяд.

— Дасталося вам, — выслухаўшы, прагаварыў Анту.

— А чаму кучаравага бандыта зваць Чон-чон? — пацікавіўся я.

— Чон-чон — жывёліна з чалавечай галавой і доўгімі вушамі. Вушы ў яе замест крылаў.

— Яна пры дапамозе вушэй лятае? — не паверылася мне.

— Па начах лятае. Махае імі, як птушка крыламі. Калі ляціць, то крычыць: туэ-туэ-туэ…

— А як вас бандыты злавілі? — запытаў Максім. Анту не паспеў адказаць, бо ў пакой увайшлі Санча і Піучэн. Санча стаў каля Анту.

— Па-добраму прашу: пакажы дарогу да свайго племені. Атрымаеш узнагароду. Будзеш жыць як чалавек.

— Не пакажу, — прамовіў Анту. Санча ўважліва паглядзеў на Анту.

— Можа, няма залатой дзіды? Можа, ты хлусіш? Анту падняў галаву.

— Мапучэ ніколі не хлусяць.

У Санча бровы прыўзняліся ўгору.

— З гонарам.

— Выб'ем гонар, — сказаў Піучэн.

— Не, мы зробім так, як цяпер дамовіліся. — Санча зыркнуў на нас вачыма. — Станьце ў рад. Адзін за адным. Першым — індзеец, за ім — хлапчукі, пасля — дзяўчынка.

Мы сталі ў рад.

— Цяпер пойдзеце за мною. Ззаду пойдзе Піучэн. Калі што, страляе без папярэджання. Зразумела? — прагаварыў Санча.

Анту, апусціўшы галаву, сказаў:

— Дзеці, не ўздумайце ўцякаць. Прашу вас.

Добры Анту… Ведае, што ў бандытаў няма літасці. Спадзяецца, што выратуе нас. Ці ўдасца?

— За мною, — скамандаваў Санча. — Крок управа, крок улева — страляем.

Мы выйшлі з пакоя, прайшлі праз залу, асветленую сонцам, ступілі ў цёмны лабірынт. Мне думалася, што будзем сунуцца ў цемры. Але Санча і Піучэн уключылі ліхтарыкі. Іх праменьчыкі бегалі па чырвоных каменных плітах, па сцяне.

Да горла падступіў даўкі камяк, на вочы навярнуліся слёзы. Я змахнуў іх рукавом. Ды ўсё роўна коцяцца.

Неўзабаве мы выбраліся з піраміды. Унізе, каля прыступак, стаялі два аўтамабілі, падобныя на нашы аўтобусы "пазікі". Каля іх сядзелі Траука, Металіст, Чон-чон, Кайман і Кайф.

— Ці павядзе індзеец у свае джунглі? — убачыўшы нас, пацікавіўся Металіст.

— Павядзе, — усміхнуўся Санча.

— Пагадзіўся?

— Пагодзіцца. У мяне ўсе пагаджаюцца.

— Я яму нагу кулькаю прастрэлю. Можна?

— Некаторыя і кулькі не баяцца. Мы з Піучэнам іншае прыдумалі,— сказаў Санча.

— Што прыдумалі? — разявіў рот Металіст. Санча павярнуўся да Анту.

— Калі не завядзеш у тое паселішча, дзе жыве тваё племя, то я аддам дзяцей вампіру. Знімем з яго наморднік і…

— У-у-у… — заплакала Алеся. Затуліла твар далонькамі, а плечукі калоцяцца, ходзяць ходарам.

— Не маеце права. Мы з іншай краіны, — ступіў наперад Максім.

Мой сябар нагадвае бандытам, што ёсць права. Для іх законы віламі па вадзе пісаныя. Ім усё роўна, з якой мы краіны. Звярыныя ў іх натуры. Хіба драпежны звер думаў бы, з якой краіны ахвяра, на якую ён збіраецца напасці? Цяпер нам адно застаецца: кінуцца ў розныя бакі. Няхай страляюць. Лепей легчы ад кулі.

Санча тыцнуў пальцам, паказваючы на Алесю.

— Яе першую аддам вампіру.

— У-у-у… — мацней заплакала Алеся.

— Аддай! Яе мне аддай, — заскакаў Траука.

Алеся плакала несціхана, наўзрыд. Я дакрануўся да пляча.

— Алеся, уцякай.

Плача, затуліўшы твар далонькамі. Зусім не чуе. Ці вытрывае маё сэрца, калі буду глядзець, як Траука накінецца на яе?

— Санча, знімі наморднік. Аддай мне дзяўчынку.

— Ну? — крыкнуў Санча, павярнуўшыся да Анту.

— Што ж, пакажу. Каб вы скрозь зямлю праваліліся! — прамовіў Анту.

— Не будзем сварыцца. Жывыя застануцца твае дзеці,— усміхнуўся Санча.

— Пашкадаваў,— адвярнуўшыся, прабурчаў Траука. Алеся апусціла рукі. Ужо не плача наўзрыд, але слёзы

ўсё коцяцца па шчаках.

— Антось, прабач. Я спалохалася.

Прабачэння просіць. Хіба яна вінаватая? Спалохалася… І мы з Максімам спалохаліся. Я ж таксама плакаў, калі выходзілі з піраміды. І ў Максіма вочы чырвоныя…

— Санча, адпусці дзяцей, — сказаў Анту. — Я адзін паеду з вамі. Няхай дзеці бягуць у горад.

— Вельмі ж ты хітранькі. Па дарозе скокнеш галавою ў цясніну, разаб'ешся. Бачыў я такіх. Дзеці з намі паедуць. Калі ты заўпарцішся, то мы з вампіра знімем наморднік. Няхай грызе дзяцей.

— Не адпусцяць вас, — сказаў Анту. — Цяжка ў мяне на душы.

Я, шчыра скажу, пашкадаваў яго. Вядома, чаму цяжка на душы. Да сваіх супляменнікаў павядзе бандытаў. Бандыты з індзейцамі не будуць разводзіць тары-бары. Пастраляюць, каб забраць залатую дзіду. І ўсё з-за нас. Якое ж слова знайсці, каб суцешыць Ату?

— Дзядзька Анту, ваш правадыр Лінкан не аддасць бандытам залатую дзіду, — сказаў я.

— А як я гляну яму ў вочы? Ён любіў мяне. А хутка… Хутка ён мяне пракляне. І ўсе мапучэ мяне праклянуць, — паціху прагаварыў Анту.

— Вы Алесю не аддалі вампіру. Вы нас ратуеце, — сказаў яму Максім.

— Нашы мапучэ заўжды давалі прытулак чужым людзям. Мапучэ ніколі не пакідалі ў бядзе. Хіба змог бы я глядзець, як Траука рве вас зубамі? Калі вы прыехалі, мне сказалі: "Анту, беражы дзяцей. Вампір у горадзе". Я даў слова, што буду берагчы. Я нешта прыдумаю, каб выратаваць вас. Абавязкова прыдумаю.

Потым нас загналі ў машыну. Уперадзе селі я, Алеся, Максім, Анту (яму звязалі ногі, каб не ўцёк), а ззаду — Траука, Санча і Металіст. За руль сеў Піучэн. У другую машыну залезлі Кайф, Чон-чон і Кайман. Калі я праходзіў каля гэтай машыны, то заўважыў, што там ляжаць рукзакі, а з-пад брызенту вытыркаецца ствол кулямёта.

— Паехалі,— гукнуў Санча.

Піучэн націснуў на газ, і машына, як спуджаная антылопа, ірванулася з месца, адлічваючы на спідометры першы кіламетр.

Частка другая

ПРАЗ ДЖУНГЛІ

Ці лёгка быць аптымістам?

Наша машына вырвалася на дарогу, паўз якой цягнуліся горныя хрыбты, пакрытыя густымі сасновымі лясамі. Дарога, выбітая, калдобістая, то ўзнімалася ўверх, то спускалася ўніз. На паваротках моцна пішчалі тармазы. Халадзела сэрца, шчымела на душы. Здавалася: вось-вось паляцім у бездань, уніз.

Па дарозе нам насустрач на мулах, на аслах, нагружаных мяшкамі, галлём, ехалі мужчыны, жанчыны. Часам пастухі гналі статкі ламаў. Ламы ступалі зграбна, ганарліва ўзняўшы галовы. "Зараз крыкну, паведамлю людзям, што нас захапілі бандыты", — падумаў я.

Санча як бы адгадаў мае думкі.

— Не ўздумайце крычаць, прасіць, каб дапамаглі. Перастраляем усіх — і ў цясніну.

— Кулькамі паказычам, — зарагатаў Металіст.

Я зразумеў, што яны не жартуюць. Калі крыкнем, то застрэляць і нас, і тых індзейцаў, якія пачуюць наш крык.