Выбрать главу

— Зноў ужываў наркотыкі, — сказаў Санча. — Дзе ж ён іх бярэ? Нядаўна ўсё з кішэняў павытрасалі.

— Трэба застрэліць яго! — прапанаваў Кайман.

— Я сам даўно застрэліў бы, ды добры следапыт і хлопец-звер. Без яго нам будзе цяжка ў джунглях, — разважыў Санча.

Вось яно што! Вылецела з галавы, што Кайф наркаман. Каб бяды не нарабіў. Наркотыкі не даюць розуму, апошні адбіраюць.

— Глядзіце! Глядзіце! Кайф паказвае клас! — усклікнуў Максім.

Кайф, убачылі мы, прысеў, растапырыў рукі, стукнуў сябе па баках і, нібы певень, закукарэкаў:

— Кукарэку-у…

— Трэба яго забраць. Годзе яму дурня строіць, — звярнуўся да Санча Чон-чон.

— Трэба, — пагадзіўся Санча.

Кайф нешта прамармытаў і падышоў да хаціны, якая стаяла непадалёку.

— Вылазь! — закрычаў.

— Каму ён? — здзівілася Алеся.

— Думае, што там сябар-велікан сядзіць, — сказаў Максім.

— Вылазь! — у другі раз крыкнуў Кайф.

З-за хаціны выбег сабака. Стаў насупраць Кайфа і, віляючы хвастом, загаўкаў. Пачуўся стрэл. Сабака, заскавытаўшы, упаў на зямлю.

Я спярша не зразумеў, што адбылося.

— Кайф сабаку застрэліў! — усклікнула Алеся.

— Га-га-га… — зарагатаў Кайф і даў чаргу па хаціне. Страха загарэлася, ашчэрылася чырвонымі агенчыкамі.

Індзейцы кінуліся хто куды.

— Трэба схапіць яго! — гукнуў Санча і, прыгнуўшыся, пабег да Кайфа.

За ім кінуліся Чон-чон і Кайман.

— Уцякайма! — крыкнуў мне і Алесі Максім. Мы прыпусціліся па вуліцы, заскочылі за хаціну, за якой рос маіс. Ягоныя сцябліны высока ўзнімаліся ўгору.

— Давайце ў маісе схаваемся, — прапанаваў Максім. Я не пагадзіўся з ім.

— Трэба ў джунглях схавацца.

— У джунглях заблудзімся. А тут пераседзім. Калі бандыты пакінуць паселішча, вылезем і папросім індзейцаў, каб завезлі нас у горад.

— Давай, — махнуў я рукою.

Мы залезлі у маіс, селі на зямлю. Не верыцца, што выратуемся, што нарэшце пашанцавала. Вось каб адсядзецца тут! Індзейцы нам дапамогуць, завязуць у горад. Там пра ўсё-ўсё раскажам.

— Хлопчыкі, а Ніна Іванаўна, мабыць, і цяпер у бальніцы, — парушыла маўчанне Алеся. — Калі б яна не захварэла, то з намі такога не здарылася б. Яна, напэўна, у гасцініцу званіла, пыталася, дзе мы.

Відаць, званіла. Мажліва, ёй сказалі, што мы згінулі. Яна так хвалявалася, калі адпраўлялі яе ў бальніцу. Прасіла нас: "Дзеткі, глядзіце, каб усё было добра". "Не хвалюйцеся, Ніна Іванаўна. Усё будзе добра", — дружна паабяцалі мы. Такое дабро каб самаму лютаму ворагу ў рабро.

— Вылазьце! Буду страляць, — пачуўся голас Чон-чона. Вось дык пашанцавала! Няўжо Чон-чон убачыў, дзе сядзім? Мабыць, знарок палохае, як калісьці Траука ў сутарэнні. Спадзяецца, што вылезем.

"Тра-та-та…" — прагрымела аўтаматная чарга. Над галавою, збіваючы сцябліны, прасвісталі кулі. Мы ніцма ляглі на зямлю.

— Вылазьце!

Зноў прагрымела аўтаматная чарга. На мяне ўпала кукурузная, сцябліна. "Мы быццам на вайне", — прабегла ў галаве недарэчная думка.

— Схаваліся? — пачулася ўжо зусім побач. Я падняў галаву. Каля нас стаяў Чон-чон.

— Схаваліся. Бачыў, куды вы пабеглі. Ваша шчасце, што Санча паслаў сюды мяне, а не Каймана. Ён вас адлупцаваў бы бізуном.

Мы ўсталі. Я паглядзеў на перабітыя кулямі кукурузныя сцябліны. На іх, нібы слёзы, блішчалі кропелькі свежага соку.

Чон-чон прывёў нас на тую вуліцу, дзе нядаўна паказваў свае фокусы Кайф. Непадалёку дагарала хаціна, каля яе, выцягнуўшыся, ляжаў застрэлены сабака.

— Навошта Кайф сабаку застрэліў? — прамовіла Алеся.

— Каб не гаўкаў,— крыва ўсміхнуўся Чон-чон.

— Ён… — пачала Алеся. Чон-чон плюнуў пад ногі.

— Цьфу! Сабаку шкадуе. Лепей сябе пашкадавала б.

— А-а-а! — данёсся да нас дзікі крык.

Выйшаўшы з паселішча, мы ўбачылі, што Кайман хвошча бізуном Кайфа. Побач стаяў Санча і ў такт махаў рукою.

— Так! Так! Нам не патрэбна рэклама.

— Чаго анямелі? — зірнуў на нас Чон-чон. — Зараз і вам так будзе. Хі-хі-хі…

Каму пацеха, а каму і не

Чон-чон знарок нас напалохаў. Ні мяне, ні Алесю, ні Максіма не білі бізуном. А вось Кайфу дасталося добра.

Праз паўгадзіны мы зноў селі ў машыны і паехалі.

— Антось, што было ў паселішчы? — пацікавіўся Анту.

— Кайф наглытаўся наркотыкаў. Строіў дурня перад індзейцамі. Пасля сабаку застрэліў, хаціну падпаліў,— сказаў я.

— Гэта яны ўмеюць. Наркамафія, — прамовіў Анту.

— Чаму наркамафія? — здзівіўся я. — Яны ж хацелі банк абрабаваць. Яны проста бандыты.

— Яны не адзін банк абрабавалі. Ды гэта, як самі казалі, не іхняя спецыялізацыя. Яны тут наркотыкі дастаюць, а пасля ў іншыя краіны перапраўляюць. Шмат гадоў гэтым займаюцца. Вось і прывучыўся Кайф да наркотыкаў.

Санча пхнуў яго нагою.

— Закрый рот!

— Шкада, што ў мяне ногі звязаныя, — паціху сказаў Анту.

Што ж, звязаныя ногі ў Анту. Ляжыць на сядзенні. Успомнілася, як расказваў ён нам пра аднаго з правадыроў мапучэ. Калі іспанскія канкістадоры захапілі гэтага правадыра ў палон, то папрасіў іх, каб павесілі яго на самым высокім дрэве — каб народ ведаў, што ён не здрадзіў, што загінуў, змагаючыся за волю. "І Анту не пабаяўся б смерці,— падумалася мне. — Ні за якія грошы не павёў бы бандытаў. Ды нас пашкадаваў. Не, цяпер не застрэляць нас бандыты, будуць аберагаць, пакуль не знойдуць залатую дзіду. Мы для іх добрая прыманка. Едуць, прагнуць золата. А мапучэ не ведаюць, што бяда да іх прыбліжаецца".

Машына рэзка затармазіла. Я стукнуўся плячом аб дужку сядзення.

— Прые-эхалі,— працягла прамовіў Санча.

Я прыўзняўся і ўбачыў, што дарогу перасякае рачулка, праз якую ад берага да берага перакінута доўгае бервяно.

— Што будзем рабіць? — пазяхнуў Металіст.

— Вылазьце, — сказаў Санча. — Праверым, ці машыны праедуць праз раку.

Мы вылезлі з машыны, сталі на беразе, парослым чаротам. Над намі кружыліся стракатыя матылі: і маленькія, як жучкі, і крыху большыя, і незвычайна вялікія, быццам птушаняты. На ўскрайку джунгляў на дрэвах сядзелі маленькія смешныя ігрунковыя малпы.

Здалёку пачуўся магутны роў. Здавалася, што гудуць паравозы, быццам спаборнічаюць, хто мацней.

— Што гэта? — усклікнуў я.

— Не бойся, — супакоіла мяне Алеся. — Равуны крычаць.

— Равуны — гэта малпы? — запытаў я.

— Канешне, малпы.

— Гразка. Не праедуць машыны, — данёсся да нас голас Санча.

— Дый невядома, якая тут глыбіня, — уздыхнуў Чон-чон.

Санча тупнуў нагою па беразе.

— Глыбіню можна шастом вымераць. Але што нам гэта дасць? Не, не праедуць машыны.

— Санча! Санча! — пачулася з машыны.

Мы азірнуліся. Траука ў машыне стаіць, па шкле барабаніць.

— Санча! Санча! І я хачу да вас. Санча махнуў рукою:

— Няхай вылазіць.

Траука тут як тут. Высунуў язык, аблізнуўся, вакол мяне, Алесі і Максіма стаў кружыць нібы воўк.

— Чаго ён? — спалохалася Алеся. Траука плямкнуў губамі.

— Санча, знімі наморднік.

— Навошта?

— Зубы свярбяць.

Зубы яму свярбяць. Пэўна, хоча накінуцца на каго-небудзь. На каго ж? На бандытаў не накінецца. У іх аўтаматы. Выходзіць, хоча накінуцца на нас, на дзяцей.

— Дзядзька Санча, не скідайце з вампіра наморднік, — папрасіў я.

— Баішся?

— Баюся.

— Піучэн, знімі,— усміхнуўся Санча.

Піучэн падбег да Траука, шчоўкнуў ключом, зняў наморднік. Вампір аж праслязіўся.

— Добра без намордніка. Чалавекам сябе адчуваю.