Выбрать главу

Аўтамат у ягоных руках дрыжаў, і сам ён, спалатнелы, калаціўся як у ліхаманцы. Затым падскочыў да Анту.

— Застрэлю сабаку!

У Анту на твары ніводзін мускул не здрыгануўся.

— Чаго шалееш?

Металіст яшчэ болей узбурыўся.

— Кулькамі прастрэлю! Сціхнеш.

Да яго падышоў Санча, адвёў убок ствол аўтамата.

— Супакойся.

— Ён на мяне змяю! Застрэлю-у… Санча ўзяў яго за локаць.

— Ты хацеў, каб ён цябе абдымаў? Не ведаў, на што і з кім ідзеш? Хіба першы раз?

— Ды я… Я…

Санча павярнуўся да Анту.

— Ідзі да машыны. Не мазоль нам вочы. Анту, плюнуўшы пад ногі, пайшоў.

— Піучэн, вартуй гэтага малойчыка, — загадаў Санча.

— Ад мяне ён не ўцячэ, — ашчэрыўся Піучэн.

Санча ўзяў Металіста за плячо і павёў, штосьці нашэптваючы яму на вуха.

— Ух, — уздыхнуў я.

— Пранесла, — сказала Алеся. — А магло немаведама як скончыцца.

Сапраўды, пранесла. Добра, што хоць так абышлося.

У дупле

Мы, крыху пастаяўшы, таксама папляліся за Анту. Зусім не шанцуе нам. Асабліва мне. Спярша Траука за мною пагнаўся, цяпер гэтая ядавітая змейка вылезла з кветкі. Быццам знарок там схавалася, каб мяне напалохаць. Што ж будзе далей?

— Не сумуйце, — прамовіў Анту, калі мы селі каля яго.

— Вы лоўка змяю схапілі,— пахваліў Анту Максім. Анту прылёг на бок.

— Змяя — гэта паўбяды. А вось бандыты… Бандыты — сапраўдная бяда. Я ўжо ўчора ведаў, што не мінуць бяды. Кепскі сон мне прысніўся.

— Які? — пацікавіўся Максім.

— Прыснілася, што іду па вадзе. Вада мутная-мутная. Спярша займала па калені, пасля па пояс, а затым і плечы ў вадзе схаваліся. Да самага горла падступіла вада. Я назад — каб вылезці на бераг — а тут змяя таўшчынёю з руку. Галаву з вады высунула, падняла і — проста на мяне…

Анту прылёг на бок. Маўчыць, пазірае на джунглі. Калі б не было бандытаў, то, вядома, радаваўся б і пра гэты сон не ўспамінаў, забыўся б пра яго.

— Калі прысніцца мутная вада ці змяя, то чакай няшчасця. Вось як, — прамовіў Анту.

Не пазайздросціш яму. Абы-што прыснілася. Пасля такога сну немаведама што ў галаву палезе. Я вырашыў суцешыць Анту.

— Дзядзька Анту, не збудзецца ваш сон. Паверце мне.

— Ужо збыўся. Бандыты мною камандуюць.

— І намі яны камандуюць, — заморгала вачыма Алеся.

— Бачыце, колькі ігрунковых малпаў сабралася на ўскрайку? — сказаў Анту.

— Давайце сходзім на ўскраек і паглядзім на іх, — загарэўся я.

— Не сядзіцца? — пачуў Чон-чон.

— Няхай ідуць, — дазволіў Санча.

— Не ўцякуць?

— Куды яны ўцякуць? Калі анаконда не задушыць, то ягуар разарве.

Бач ты! Падабрэў Санча. Вядома, у джунглі мы не палезем, на самым ускрайку пастаім.

Маленькія ігрунковыя малпы, абляпіўшы галіны, сядзелі адна каля адной. Калі мы падышлі да дрэў, то яны заскакалі, захваляваліся.

— Прыгожыя, — сказала Алеся.

— Няўрымслівыя. Не сядзіцца ім, — прамовіў Максім.

— Яны нібы школьнікі на перапынку, — усміхнулася Алеся.

Я зусім забыўся, што побач бандыты, што, мажліва, не ўдасца вырвацца з іхніх рук.

— Прывітанне, малпачкі! — галёкнуў я.

Ці то не спадабаўся малпачкам мой крык, ці то яшчэ чаму, але яны сталі крыўляцца, як бы дражнячыся са мною. Нечакана я чыхнуў. І малпы, нібы немаўляты, загугукалі на розныя галасы.

— Антось, яны табе добрага здароўя жадаюць, — усклікнула Алеся.

А Максім, пстрыкнуўшы пальцамі, сказаў:

— Яны смяюцца з цябе.

Сапраўды, быццам смяюцца. Крыўляюцца, зубы скаляць. Стараюцца адна перад адной. Я памахаў кулаком.

— Эй вы, перастаньце!

Усё роўна малпачкі крыўляюцца. А адна, найбольш жвавая, нарвала лісцяў і кінула мне на галаву.

— Антось, уцякай, пакуль не позна, — усміхнулася Алеся. Ад гэткіх маленькіх уцякаць! Нізавошта. Усё-ткі трэба злавіць адну. Няхай паглядзіць Максім, на што я здатны. Я ўхапіўся за галіну, падцягнуўся і стаў на сук. Малпачкі закрычалі на розныя галасы і як мага паскакалі ўгору.

Спалохаліся, уцякаюць. Ад мяне яны не ўцякуць. Хоць адну, але дастану, злаўлю.

Дрэва, на якое я залез, было незвычайнае. Над самаю маёю галавою ў розныя бакі разыходзіліся чатыры магутныя галіны. Здавалася, што яны вырастаюць не са ствала, а з тоўстага слупа, які трывала стаіць на зямлі.

— Антось, злезь. Галава гуза шукае? — крыкнуў Максім. І Алеся пачала прасіць:

— Злезь. Не палохай малпачак.

— Зараз злезу, — адказаў я і пакарабкаўся ўгору. Ступіў туды, дзе разыходзіліся чатыры галіны, і… паляцеў уніз. "Ратуйце!" — хацеў крыкнуць, ды праз імгненне адчуў, што стаю на нагах.

Дзе я? Што са мною? Куды праваліўся? Няўжо ў дупло? Відаць, у дупло. Зарасло мохам, а я не заўважыў.

Я стаяў, выцягнуўшыся, як салдацік з волава. Хацеў малпу злавіць. Вось дык злавіў! Максім і Алеся прасілі, каб не лез на дрэва. Не паслухаўся іх.

— Анто-ось, дзе ты? — данёсся да мяне Максімаў голас.

— Тут! Тут! — азваўся я.

— Дзе?

— У дупле.

— Вылазь!

Як вылезці? У дупле няма галіны, каб ухапіцца, каб падцягнуцца.

— Чаму не вылазіш? — зноў крыкнуў Максім.

— Не магу-у!.. Дупло глыбо-окае-э.

Што ж рабіць? Няўжо мне наканавана век векаваць у гэтым дупле? А калі змяя зверху на галаву клубком зваліцца?

Я ўявіў, як спускаецца ў дупло доўгая, тоўстая змяя. Мурашкі прабеглі па спіне.

— Ау-у!.. — вырвалася ў мяне.

Сам не ведаю, чаму крыкнуў. Мабыць, таму, што не мог маўчаць. Цяжка, нясцерпна стаяць моўчкі і чакаць немаведама чаго.

— Антось, ты паспрабуй! Паспрабуй вылезці! — гукнуў Максім.

— Не магу-у!..

— Антось, што ж ты нарабіў? — плаксівым голасам прагаварыла Алеся.

— Дзе ваш трэці? — пачуўся голас Санча.

І ён прыйшоў. Пачуў, што крычым. У яго, напэўна, вочы на лоб палезлі. Як жа! Нядаўна я стаяў на дрэве, а цяпер мяне няма. Нібы скрозь зямлю праваліўся. Так, праваліўся. Ды толькі ў дупло.

— Наш Антось у дупле, — пачаў тлумачыць Максім.

— У дупле?

— Антось палез на дрэва і праваліўся ў дупло.

— Я тут! У дупле! — не вытрываў я.

— Ну і сядзі там.

Бач, што Санча кажа. Калі б сам у дупло праваліўся, то па-воўчы выў бы.

— Дзядзька Санча, выратуйце Антося, — заступілася за мяне Алеся.

— Як? Самому ў дупло залезці?

— Прыдумайце што-небудзь.

— Вызвалім яго з дупла, калі назад будзем вяртацца, — гыгыкнуў Санча.

Няўжо пакінуць? Ды я тут за гадзіну ссівею. Буду крычаць, пакуль не ахрыпну.

— Я без Антося не пайду, — прамовіла Алеся.

— І я не пайду, — сказаў Максім.

Заяўляюць, што не пойдуць без мяне. Хіба Санча будзе ў іх пытацца? Сілком павалачэ. Не разумеюць гэтага Алеся і Максім.

— А калі ссячы гэтае дрэва? — прагаварыў Санча. Думае ссячы. Гэта не выйсце. Секануць па назе ці па спіне. Дый галаву сабе скручу, калі дрэва будзе валіцца.

— Не трэба ссякаць! — на усю моц крыкнуў я.

— Не трэба ссякаць, — пачуўся, як рэха, голас Анту.

— А што рабіць? — запытаў Санча.

— Знімі наручнікі. Я на дрэва залезу, падам хлопцу ліяну і выцягну яго з дупла.

— У наручніках лезь.

— Антось! — гукнуў Анту. — Я табе ліяну падам, выцягну. Зразумеў?

Я ціха, бо ўжо не ставала сіл, сказаў:

— Зразумеў.