Падняўшы галаву, я чакаў, калі Анту падасць ліяну. Ніколі нічога так не чакаў.
— Трымай, — Анту апусціў ліяну.
Я ўхапіўся за яе і стаў вылазіць, упіраючыся нагамі. Нарэшце высунуў галаву, адной рукой намацаў галіну, падцягнуўся і вылез. Аддыхваючыся, прысеў каля Анту.
— Антось, чаго маўчыш? — гукнуў Максім.
Я, затуліўшыся рукою, падставіў твар сонцу. А ўгары смяяліся ігрунковыя малпы — відаць, з мяне.
Нечаканае нападзенне
Пакрыўдзіўся я на Алесю і Максіма. Канешне, яны мяне ў бядзе не пакінулі, але ж і не здагадаліся, як з дупла вызваліць. Калі б не Анту, то я сядзеў бы ў дупле да скону.
— Анту! — гукнуў Санча.
— Чаго? — азваўся Анту.
— На машынах праз рэчку мы не пераедзем. Што будзем рабіць?
— Трэба назад вярнуцца.
— Зноў ты за сваё? Дзяцей пашкадуй. Пойдзем каля рэчкі, праз джунглі. Павядзеш?
— Павяду, раз вам так прыспічыла. Толькі каб пасля самі на сябе не наракалі.
— За нас не хвалюйся. Думай пра дзяцей. Крок управа, крок улева — страляем. Памятаеш?
Бандыты загналі машыны на ўскраек, замаскіравалі, накрыўшы іх галлём. Пасля мы паелі кансерваў з хлебам і, расцягнуўшыся ланцужком, пасунуліся праз джунглі. Уперадзе ішоў Кайман. Кароткім вострым нажом, падобным на кінжал, ён рассякаў ліяны, якія павуцінай аблытвалі дрэвы, пераплятаючы адно з адным. За Кайманам ішоў Анту, за ім — Металіст, я, Алеся, Максім, Санча, Кайф, Чон-чон, Піучэн. У бандытаў на грудзях віселі аўтаматы, а за плячыма — рукзакі, напакаваныя пад самую завязку. Чон-чон валок кулямёт.
— Добра яны ўзброіліся, — не сцярпеў Максім. Нічога не скажаш, узброеныя да зубоў. Нялёгкі бой прыйдзецца вытрымаць мапучэ.
Прыйшло на памяць, як расказваў нам Анту пра смелага токі Лаутара, які аднаго разу разбіў вялікі атрад іспанцаў. Лаутара ведаў, што іспанцы хочуць напасці на ягонае войска. Ён загадаў воям-індзейцам, каб яны замасцілі тоўстымі бярвеннямі і замаскіравалі ліянамі топкае балота, якое знаходзілася паблізу. На гэтых бярвеннях ён пастроіў сваіх вояў. Іспанцы на конях рынуліся ў атаку. Індзейцы адступілі, і коні пачалі правальвацца ў багну. Шмат канкістадораў загінула, шмат коней індзейцы забралі сабе. Гэта была апошняя перамога Лаутара.
— Правільна нас вядзеш? — запытаў у Анту Санча.
Не церпіцца яму. Залатую дзіду хоча схапіць. Калі схопіць, то са сваіх рук не выпусціць.
— Правільна вядзеш? Чаго маўчыш? Заняло?
— Калі такі разумнік, то сам вядзі,— агрызнуўся Анту.
— Дзядзька Анту не баіцца іх, — заўважыла Алеся.
— Яму цяпер усё роўна. Ён цяпер толькі дзеля нас жыве, — сказаў Максім.
Дзеля нас — гэта значыць дзеля Алесі, дзеля Максіма, дзеля мяне. Дзеля мяне… Як мае тата і мама. Мама мне аднаго разу так і сказала: "Сынок, мы з татам дзеля цябе жывем". Нялёгка ім так жыць. Калі, здараецца, пазней дамоў вярнуся, то месца сабе не знаходзяць.
Пачалося балота. Пад нагамі захлюпала вада.
— Куды вядзеш? — зноў запытаў у Анту Санча.
— Хіба не бачыш? — незычліва сказаў Анту.
— Чаму ў балота завёў? Хочаш, каб утапіліся?
— Іншай дарогі няма.
Мы пайшлі далей, а вады ўсё болей, пад нагамі — коўзкая гразь. "Хлюп-хлюп", — хлюпае ў чаравіках.
— Трэба адпачыць, — падаў голас Чон-чон. Санча сказаў як адрэзаў:
— Дойдзеш.
— Табе добра, — не стрываў Чон-чон. — У цябе аўтамат, а ў мяне кулямёт. Плячо ўжо як нежывое.
— Ажывеш, калі ўбачыш залатую дзіду.
— Невядома, што мы ўбачым.
Я азірнуўся, паглядзеў на Алесю. Пнецца. Аж сагнулася. Стараецца, каб не адстаць.
— Алеся, табе не цяжка? — пытаюся.
— Пакуль не вельмі.
Не прызнаецца, што цяжка.
— Стойце! — неспадзявана крыкнуў Анту і, кіўнуўшы галавою, паказаў направа. — Бачыце?
— Што? — не зразумеў Санча.
— На купіну глянь. Лягушка на купіне.
І праўда, на купіне сядзела невялікая лягушка, пазіраючы на нас.
— Хіба не ведаеце, што гэтая лягушка ядавітая? — прагаварыў Анту.
— Ядавітая?! — усклікнула Алеся.
— Вельмі ядавітая. Яе яду хопіць, каб знішчыць не адну сотню мышэй. Я далей не пайду, — сказаў Анту. — Тут яна не адна.
— Не пойдзеш — дзяцей пастраляем.
— Можа, вернемся? — азірнуўся Металіст.
— Не. Пойдзем.
Мы пацягнуліся далей. Я ўважліва глядзеў пад ногі, азіраўся па баках. А лягушкі знянацку, нібы з засады, выскоквалі з густой травы.
— Санча, трэба вярнуцца, — не выцерпеў Кайф.
— Мы павінны прайсці праз балота, — заўпарціўся Санча. Анту зноў стаў, крыкнуў:
— Жаба ага!
Непадалёку, на купіне, побач з маленькай ядавітай лягушкай сядзела вялізная светла-шэрая жаба з вялікімі цёмнымі плямамі на скуры.
— Гэтая пачвара заважыць кілаграм, не меней, — вырвалася ў мяне.
— Трэба вярнуцца, — сказаў Анту. — Жаба ага таксама ядавітая.
Жаба ага… Нібы баба-яга, далі ж ёй назву!
— Санча, давай вернемся, — папрасіў Чон-чон.
— Толькі ўперад.
Мы прайшлі яшчэ крыху і сталі. Перад намі на купінах, у траве сядзелі і вялізныя светла-шэрыя жабы, і маленькія лягушкі. Іх было безліч. Яны нібы знарок сабраліся ў адным месцы, нібы варожы атрад, які заманіў нас у засаду.
— Што будзем рабіць? — запытаў Металіст.
— Халера на іх! — вылаяўся Санча.
Раптам жаба ага, якая сядзела справа ад Металіста, скокнула на яго. Ён махнуў нагою.
"Тра-та-та…" — прагучала аўтаматная чарга.
Я не заўважыў, хто з бандытаў націснуў на курок аўтамата, але балота быццам ажыло. Трава заварушылася, бы ад моцнага ветру, і на нас скачкамі кінуліся жабы і лягушкі. Мы павярнуліся — і што ёсць сілы назад. Пад нагамі хлюпала вада, чорныя кроплі гразі заляпвалі нагавіцы, рукі, твар. А мы ляцелі на злом галавы.
Нарэшце выбраліся на грудок, селі зняможаныя. Санча, азірнуўшыся, патрос кулаком.
— Праклятыя жабы!
Па джунглях
Накінуліся бандыты на Анту.
— Знарок завёў у балота? — вызверыўся Санча.
— Яго трэба бізуном! Бізуном! — ускочыў Кайман.
— І кулькамі прастрэліць, — падхапіў Металіст.
— Я з-за яго ледзь кулямёт у балоце не ўтапіў! — залямантаваў Чон-чон.
— Давайце галавой уніз паставім, — прапанаваў Кайф.
— І кіем па голых пятах. І кіем! — дадаў Піучэн.
А Анту маўчыць, нават не глядзіць на іх. У другі бок галаву адвярнуў. Мажліва, знарок завёў бандытаў у балота. Шкада, што яны адтуль ногі вынеслі.
Нарэшце Анту, як відаць, надакучыла слухаць лаянку. Ён устаў:
— Трэба вам у горад вярнуцца. Будзе лепей для вас. Яшчэ болей узбурыліся бандыты. Крычаць, кулакамі размахваюць.
— Цішэй, — падняў уверх руку Санча.
Бандыты сцялі кулакі, зыркаюць на Анту, што галодныя ваўкі.
— Індзеец, ты доўга будзеш нас за нос вадзіць? — запытаў Санча.
— Вы самі сябе за нос водзіце, — адказаў Анту.
— Я не жартую.
— Джунглі — не горад. Гэта вам не па асфальце хадзіць. Тут… — пачаў Анту.
Санча перапыніў яго.
— Без цябе ведаем, дзе асфальт, а дзе без асфальту. Ты нам зубы не загаворвай. Вядзі, як дамовіліся.
Анту паціснуў плячыма.
— Што вам трэба ад мяне?
Санча схапіў за руку Максіма, пхнуў яго. Максім упаў і жаласна прагаварыў:
— Дзядзечка-а…
Санча наставіў на Максіма аўтамат.
— Індзеец, зараз застрэлю хлопчыка. Лічу да трох. Максім глядзеў на яго шырока расплюшчанымі вачыма.