Выбрать главу

— Не страляйце-э! — не сваім голасам закрычала Алеся.

— Адзін, — пачаў лічыць Санча.

— Хопіць здзекавацца! — усклікнуў Анту. Санча апусціў аўтамат.

— Ты павядзеш нас?

— Праз балота мы не пралезем. Вернемся назад. Прыйдзецца плысці па рацэ. Іншай дарогі я не ведаю.

— Даўно б так, — усміхнуўся Санча.

Я падбег да Максіма, дапамог яму ўстаць. Санча скамандаваў:

— Хадзем.

Расцягнуўшыся ланцужком, мы прабіраліся праз джунглі. Тут магутныя дрэвы, шырока расхінуўшы свае кроны, стаялі воддаль адно ад аднаго. Я ведаў, як называюцца некаторыя з іх — бачыў на малюнках у падручніку геаграфіі, але тут сустракаліся і зусім невядомыя.

Я дакрануўся рукою да нейкай ружовай кветкі, і руку апякло, што агнём.

— Ай! — усклікнуў я.

— Чаго ты? — азірнуўся Анту.

— Апякла, — тыцнуў я пальцам, паказаўшы на гэтую ружовую пякучку.

— Гэта фанціхулітра, — сказаў Анту.

— Няўжо яна пячэцца? — не паверыў Максім.

— Правер, — кажу яму.

— Ну і праверу. — Максім дакрануўся да фанціхулітры, айкнуў, як і я.

— Пячэцца? — пытаюся ў яго.

— Яшчэ як, — сказаў ён.

Раптам у кустах, паўз якія мы праходзілі, нешта затрашчала, а пасля пачуўся тупат. Спачатку мне падумалася, што на нас нападае гіганцкая змяя. Але ж ног у змяі няма, так што тупацець яна не магла.

Анту нас супакоіў:

— Не бойцеся. Дзікая свіння — пекары — пабегла. Яна ў кустах адпачывала, а мы яе напалохалі.

Незвычайная, своеасаблівая прырода вакол нас. Ды няма радасці — яе адабралі бандыты.

Скарпіёны

Не толькі Алеся, але і бандыты стаміліся.

— Адпачывайце, — скамандаваў Санча. — Даю паўгадзіны на адпачынак. Мы селі на траву.

Чамусьці зашчымела на душы. Вось-вось слёзы навернуцца на вочы і капнуць на далонь. Я прыкусіў губу, адвярнуўся.

— Сумуеце? — парушыў маўчанне Анту.

— Дзядзька Анту, як уцячы ад бандытаў? — шэптам запытала Алеся.

Я зірнуў на бандытаў. Сядзяць, надзьмуўшыся, што сычы. Чаму такія незадаволеныя, такія злосныя? За ўвесь дзень ані разу не ўсміхнуліся. Зыркаюць, буркаюць, шчэрацца.

— Паспрабуем уцячы, — прамовіў Анту.

— Дзядзька Анту, праўда, што вашы токі перад боем вешалі на шыю плоскі камень, падобны на сякеру? — запытаў Максім.

Анту павярнуўся да яго.

— Токікуру?

— Гэтакі камень называецца токікура? — запытала Алеся.

Анту кіўнуў галавою.

— Але, токікура. Токікурай змагаюцца з ворагам і душы нашых памерлых вялікіх токі. Здараецца, што ў час гэткіх завоблачных бітваў токікура падае на зямлю разам з маланкай. Калі яна набліжаецца да зямлі, то пачынаецца такая вялікая бура, што пад ветрам стогнуць, ломяцца векавыя дрэвы. Токікура — зброя нашых памерлых вялікіх продкаў. Яна жывым токі дае сілу і мужнасць.

— У час вайны ўсе вашы мужчыны змагаліся? — пацікавілася Алеся.

— Усе як адзін. Каму ж, як не мужчынам, бараніць зямлю і звычаі?

— І доўга будзем па джунглях бадзяцца? — перапыніў нас Чон-чон.

— Не даспадобы? — буркнуў Санча.

— Чаго мне радавацца? Сядзім у джунглях, як звяры. Многія цяпер на моры адпачываюць. А тут нават жабаў трэба баяцца, — са злосцю прагаварыў Чон-чон.

— Хіба вы першы раз узялі ў рукі аўтаматы? Я памятаю, як каля вашых вушэй свісталі кулі. Тады вы былі мужчынамі, а цяпер сталі бабамі. Не пазнаю я вас.

— Надакучыла ўсё гэта. Хочацца па-людску пажыць, — сказаў Чон-чон.

— Не апускай нос. Пажывеш, калі забярэм залатую дзіду. На ўсіх хопіць золата.

Бач ты. Санча кажа сваім сябрукам, што шмат золата атрымаюць. А ці надоўга яго ім хопіць? Прагуляюць, праматаюць. І да гэтага, як відаць, мелі немалыя грошы. Прагулялі, цяпер у іх пустыя кішэні. Нездарма аказаліся тут.

— Глядзіце! — тыцнуў пальцам Кайф, паказваючы на выварацень, які ляжаў непадалёку.

Я падняў галаву і ўбачыў, што там б'юцца два скарпіёны. Выгнуўшы кручком хвасты, на канцах якіх былі шыпы, яны адчайна размахвалі клешнямі.

"Шыпы ў скарпіёнаў ядавітыя. Імі яны наносяць смяротны ўдар", — успомніў я.

Скарпіёны наступалі адзін на аднаго, а бандыты, скупіўшыся каля вываратня, загаманілі:

— Не адступай!

— Бі, каб не ўстаў!

— Чаго марудзіш?

— Рэзні! Рэзні!

— Хвастом яму! Хвастом!

Скарпіён, які быў справа ад нас, наскочыў на таго, які быў злева. Хацеў стукнуць ядавітым шыпом, ды прамахнуўся. Бандыты загул і.

— Слабак!

— Яшчэ раз паспрабуй!

— Пастарайся!

— Дай яму па галаве!

— Хлопчыкі, мне страшна, — прызналася Алеся і штосілы ўчапілася за маё плячо.

Ні адзін са скарпіёнаў не збіраўся здавацца, адступаць. Яны наскоквалі адзін на аднаго, размахваючы клешнямі. Алеся затуліла далонямі твар:

— Я не магу на гэта глядзець.

Максім узяў яе за руку, адвёў убок. Я падышоў да іх, стаў побач. Металіст наставіў на нас аўтамат.

— Куды? Уцячы ўздумалі?

— Нам гэты спектакль не даспадобы, — кажу Металісту.

— Прывыкайце, — хіхікнуў ён.

— Не чапляйся да дзяцей, — заступіўся за нас Анту.

— Зараз кулькай прастрэлю, — прамовіў Металіст. Ягоныя паплечнікі-бандыты закрычалі:

— Усё!

— Яшчэ дрыгае!

— Добра яму даў!

Я зразумеў, што адзін са скарпіёнаў дамогся свайго, ядавітымі шыпамі забіў свайго праціўніка.

Да нас падышоў Санча. Ён жмурыўся, як кот, лежачы на сонцы. У ягоных вачах была асалода.

— Бачылі, як біліся скарпіёны? — звярнуўся Санча да сваіх сябрукоў.— Бачылі, якія яны зацятыя? А вы жабаў нейкіх спалохаліся.

— Не крыўдуй на нас. Мы пастараемся, — сказаў Піучэн.

Чон-чон узняў уверх аўтамат.

— Вядзі нас, Санча., Санча падышоў да Анту.

— Вядзі, індзеец. Вядзі нас да ракі.

Каля ракі

Мы выйшлі на бераг ракі. Я думаў, што ўбачу бервяно, па якім уцякаў, ратуючыся ад вампіра Траука, але тут яго не было. Мы выйшлі зусім на іншае месца. Тут рака разлівалася шырока, а каля самай вады раслі магутныя дрэвы і густыя кусты.

— Будзем рабіць плыт, — сказаў Санча.

Я адышоўся ўбок, прыхінуўся да ствала дрэва, падняў галаву і ад неспадзеўкі аж прысеў. Нада мною, на ніжнім суку, нерухома сядзела доўгая жывёліна велічынёю з кракадзіла. Сама сіне-зялёная, уздоўж спіны і хваста цягнецца высокі грэбень. Халодныя змяіныя вочкі пазіраюць проста на мяне, працінаюць наскрозь.

Няўжо гэта кракадзіл? Чаму ж ён залез на дрэва? Хіба кракадзілы ўмеюць лазіць па дрэвах? Як відаць, тут умеюць. Вось-вось наваліцца на мяне, схопіць і ў ваду пацягне. Не-э.

Наставіўшы рукі, я стаў паволі адступаць назад, а потым пабег з усёй сілы. Адбегшыся, выдыхнуў:

— Кракадзіл! Бандыты ўстрапянуліся.

— Дзе кракадзіл? — запытаў Санча.

І Максім з Алесяй у адзін голас усклікнулі:

— Дзе?

Я тыцнуў пальцам, паказваючы на дрэва:

— Там.

— Ха-ха-ха… — чамусьці зарагатаў Санча. А Анту, пагладзіўшы мяне па галаве, сказаў:

— Супакойся, Антось.

Ён падышоў да дрэва і махнуў рукою. Кракадзіл саскочыў з дрэва і знік у кустах.

— Вось і ўсё. Прагнаў,— падышоўшы да нас, прамовіў Анту.

— Вы ўмееце кракадзіламі камандаваць? — усклікнула Алеся.

І праўда, умее. Спалохаўся кракадзіл, уцёк, нібы авечка. Дзе ж Анту навучыўся кракадзіламі камандаваць? Напэўна, у сваім племені. Вось каб мне гэтаму навучыцца!