Выбрать главу

— Хаваймася, — прашаптаў Анту.

Лінкан пераступіў з нагі на нагу. Чаму ён павінен хавацца? Тут ягоная зямля. Жоўта-чырвоны шар паляціць далей, як пралятаюць белакрылыя самалёты.

— Апускаецца! — усклікнуў Анту.

І праўда, шар апускаўся ўсё ніжэй, павялічваючыся на вачах.

— Правадыр! — зноў усклікнуў Анту.

Лінкан хацеў ірвануцца ў кусты, ды нешта там, глыбока ў душы, узнялося, наплыло дрыготкаю хваляю, не дазволіла.

А жоўта-чырвоны шар апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Лінкан глядзеў на яго, што заварожаны.

Шар раптам падскочыў, ірвануўся ўверх, пасля ўбок, нібы спалоханы звер.

З грудзей Лінкана вырваўся крык:

— Ён уцякае!

Шар павіс у паветры. Ён вісеў нерухома, як, бывае, вісіць аблачынка, калі няма ветру.

Лінкан моўчкі глядзеў на яго. Чаго ён вісіць? Чаму прыляцеў? Што, калі ўпадзе на джунглі? Відаць, усё згарыць у агні.

Неспадзявана пачуўся гул, быццам акіянскія хвалі набеглі на скалы. Шар зноў стаў спускацца.

— А-а-а!.. — закрычаў Анту і ніцма ўпаў на зямлю, абхапіўшы галаву рукамі.

А Лінкан глядзеў не адрываючыся. "Дык гэта ж Нгенечэн. Нгенечэн спускаецца з неба, — працяло здагадкаю. — Нгенечэн убачыў, што ў нас бяда, пачуў нас".

Лінкан нагнуўся, схапіў Анту за плячо.

— Да нас спускаецца Нгенечэн!

— У-у-у!.. — прамармытаў Анту.

Ён стаяў, нібы дзівак, і глядзеў. Раптам па вачах паласнула, быццам нясцерпна-яркім сонечным промнем. Галава ў Лінкана закружылася, і ён, ступіўшы ўперад, нязграбна, што паранены, паваліўся на бок.

Калі Лінкан расплюшчыў вочы, то ўбачыў перад сабою вярхоўнага духа, валадара людзей Нгенечэна, які ўзвышаўся, як скала. У Нгенечэна была вялізная круглая галава, усё цела блішчала, нібы луска ў рыбы, а вочы гарэлі, як маленькія ліхтарыкі, якія ён, Лінкан, бачыў у белых. У руцэ, падобнай на пальчатку, Нгенечэн трымаў залатую дзіду, якая зіхацела на сонцы.

Лінкан хацеў стаць на калені, хацеў папрасіць Нгенечэна, каб дапамог мапучэ, ды не мог прыўзняцца. Рукі, ногі быццам анямелі.

— Устань, — глуха прагаварыў Нгенечэн. "Вярхоўны валадар людзей звяртаецца да мяне! — здагадаўся Лінкан. — Ці маю я права стаяць з ім поруч? Не, не".

— Устань, — паўтарыў Нгенечэн. — Нягожа правадыру мапучэ ляжаць на зямлі.

Кажа, што так нядобра. Але ж рукі, ногі што волавам налітыя. Як устаць?

Лінкан варухнуў рукою (усё-ткі варушыцца, а думалася, што анямела), устаў.

Пасярод поля, на якім яны гулялі ў чуэка, стаяў жоўта-чырвоны шар. Цяпер Лінкан ведаў, што ў такім шары лятае сам Нгенечэн.

— Паднімі Анту, — сказаў Нгенечэн.

Лінкан стаяў як здранцвелы. "Нгенечэн ведае, што я правадыр племені, што майго сябра зваць Анту", — думаў ён.

— Паднімі Анту, — паўтарыў Нгенечэн.

"Які ж я дурань! Зусім ад памяці адбіла, — падумаў Лінкан. — Нгенечэн — вярхоўны дух. Ён ведае і пра тое, што адбываецца на зямлі, і пра тое, што пад зямлёю, што на акіянскіх глыбінях. Усе пільяны служаць яму".

— Паднімі Анту.

Лінкан падышоў да Анту, які нерухома ляжаў на зямлі, таргануў яго за плячо.

— Да нас прыляцеў Нгенечэн!

— Ы-ы-ы… — мармытнуў Анту, нібы з-пад зямлі. Лінкан нагнуўся.

— Нгенечэн прыляцеў! На тым круглым шары. Уставай. Ён загадаў.

— Н-не-э, — прамармытаў Анту.

Нгенечэн падышоў да Анту, прыўзняў яго, нібы пярынку, і паставіў на зямлю.

— Я не магу… Не магу-у стаяць, — наўсхліп прамовіў Анту.

Нгенечэн бліснуў на яго сваімі вачыма-ліхтарыкамі. "Нгенечэну не даспадобы, калі яго не слухаюцца", — зразумеў Лінкан.

— Анту, не плач, — папрасіў ён. — Стой і глядзі.

— Я стаю. На якім свеце я стаю? — зноў усхліпнуў Анту. Нгенечэн махнуў рукою, паказваючы на джунглі.

— На тым, дзе жывеш, дзе твае джунглі.

Анту хацеў упасці на калені, але Нгенечэн схапіў яго за плячо.

— Стой. Я вам не зраблю благога.

"Нгенечэн не пакрыўдзіць, благога не зробіць, як тады, калі паклікаў пільянаў, якія загадалі змяі Кай-кай-філу, каб затапіла землі мапучэ. Усё-ткі ён пачуў крык маёй душы, крык душы майго народа", — падумаў Лінкан.

— Я вам не зраблю благога, — паўтарыў Нгенечэн. — Зямля мапучэ гіне ад спякоты? Так?

— Гіне, — выдыхнуў Лінкан. І Анту кіўнуў галавою:

— Гіне.

Нгенечэн прыўзняў сваю залатую дзіду. Лінкан са страхам глядзеў на яго.

— Ты хочаш быць шчаслівым, правадыр? — бы здалёку, данёсся да Лінкана голас Нгенечэна.

Ці хоча? Вядома ж. Калі быў зусім малым, то вельмі хацеў навучыцца страляць з лука так, як страляў ягоны бацька. Тады гэта было для яго недасяжным шчасцем. Калі падрос, то стаў з нецярпеннем чакаць таго дня, калі прыме абрад, пасля якога юнакоў лічаць дарослымі, даюць права вырашаць усё, што звязана з жыццём племені, нароўні са сталымі мужчынамі. Ён, Лінкан, не раз уяўляў, як разам з іншымі юнакамі пераступіць парог хаціны, у якой збяруцца старэйшыя, як, седзячы на кукішках перад сваім хросным бацькам, будзе слухаць правадыра, які дзеля гэтага дня сваё цела пакрые чырвонай фарбай і размалюе чорна-белымі палосамі, як правадыр скажа, што яны, малодшыя, павінны шанаваць продкаў і паважаць багоў, абараняць жанчын, дзяцей, пераносіць боль, цярпець голад, добра працаваць, быць адданымі свайму племені. Яго не палохала, што ў хаціне прыйдзецца сядзець чатыры дні нічога не еўшы. Ён дачакаўся гэтага дня, прыняў абрад, але неўзабаве белыя паляўнічыя схапілі яго і прымусілі жыць у чужым горадзе. Як яму хацелася вярнуцца дамоў, у джунглі! Збылася і гэтая мара. Шчаслівым стаў той дзень, калі ўбачыў роднае паселішча. А цяпер… Цяпер ён сказаў:

— Усе мае родзічы ляжаць у гэтай зямлі. Але я не хачу, каб людзі племені дачасна палеглі. Я хачу чуць іхнія галасы, хачу бачыць іхнія твары. Я хачу, каб у нашых ачагах заўжды гарэў агонь. У мяне не будзе шчасця, калі ён патухне, калі попел стане халодным. Маё імя Лінкан, што азначае камень, але маё сэрца не каменнае.

Нгенечэн стукнуў залатой дзідай аб зямлю.

— Ты добра сказаў, правадыр. Вы ўсе заслужылі шчасце. Вось залатая дзіда. Яна дасць шчасце табе і твайму племені. Беражыце яе. Пакуль яна ў вас, з вамі ваша шчасце.

Нгенечэн працягнуў Лінкану залатую дзіду. Лінкан узяў яе і ледзь не выпусціў з рук: не чакаў, што такая цяжкая. Нгенечэн бліснуў на яго вачыма-ліхтарыкамі.

— Я даю вам залатую дзіду, а ты, правадыр, павінен аддаць мне каго-небудзь з вашага племені. Я забяру яго з сабою.

Вось яно што! Аддаць Нгенечэну — значыць аддаць назусім, як у ахвяру. Чаму ён не просіць самых найлепшых напіткаў ці самую сытую ламу? Каго ж яму аддаць? Мужчыну, жанчыну, дзіцё? Ці добра так будзе? Нехта ж пасля папракне.

Але ж усё племя загіне, калі будзе спякота. Загіне… Аддаць… Ці зразумеюць людзі?

У жоўта-чырвоным шары нешта піскнула, а пасля працягла загудзела. Нгенечэн тупнуў нагою.

— Правадыр, хутчэй вырашай. Мяне клічуць.

Яго клічуць. Выходзіць, нехта сядзіць у гэтым шары. Відаць, злыя духі. Ім не даспадобы, што Нгенечэн хоча дапамагчы мапучэ. А калі сябе прапанаваць у ахвяру? Але ж Нгенечэн сказаў, каб аддаў каго-небудзь з племені.

У жоўта-чырвоным шары зноў піскнула, загудзела. Лінкан пахіснуўся, быццам яму на спіну знячэўку ўзвалілі цяжар.

— Хутчэй, правадыр, — прамовіў Нгенечэн. "Валадар людзей, дазволь мне яшчэ крышку падумаць", — хацеў сказаць Лінкан, але наперад ступіў Анту.

Нгенечэн быццам чакаў гэтага. Ён узяў Анту за руку і павёў у жоўта-чырвоны шар. А ён, Лінкан, стаяў, бы аглушаны.

Нгенечэн і Анту ўжо каля жоўта-чырвонага шара. Анту азірнуўся. На ягоных вачах Лінкан убачыў слёзы. Нгенечэн абхапіў яго, пасадзіў у жоўта-чырвоны шар, залез сам. Дзверцы адразу ж зачыніліся. Нешта загудзела, і шар, скалануўшыся, панёсся ўверх. Лінкан задраў галаву, праводзячы яго вачыма. Калі жоўта-чырвоны шар стаў маленькай кропкай, падобнай на гарачы вугалёк, па небе паласнула маланка, зарагатаў гром, і на зямлю ўпалі першыя кроплі дажджу, забарабанілі па лісцях. А Лінкану здалося, што там, высока ўгары, мільгануў самотны твар Анту. Ледзь раскрываючы губы, Лінкан прашаптаў: