І Марыся, і дзядуля, і татары
Базыль стаяў наструніўшыся.
— Чуў, як трэснула? — прамовіў Раман. — Тут Бардун. Ён на галіну наступіў. Уцякайма. Базыль хацеў павярнуцца і кінуцца наўцёкі, ды з-за кустоў выйшла… Марыся.
Базыль стаяў і вачам сваім не верыў. Адкуль яна з'явілася? Няўжо адпусцілі яе татары?
— Базыль! — крыкнула Марыся і кінулася да яго. Базыль абняў яе, прытуліў да сябе.
— Базыль! Базыль! — уголас заплакала сястрычка.
— Цішэй ты, — папрасіў яе Базыль. — Татары пачуюць. Марыся адразу перастала плакаць. Неяк зусім па-даросламу глянула на яго.
— Думаеш, што пачуюць?
— Пачуюць. Не трэба плакаць.
Раман, узяўшы Марысю за руку, пагладзіў.
— Марыся! Ты-ы? Яна зноў у слёзы.
— Раман! Раман!
— Марыся, мы цябе бачылі. Цябе Джавад вёў на вяроўцы, — сказаў Раман.
— Як жа ты адстала ад нас? — усклікнуў Базыль.
— Я… Я бегла за вамі і ўпала. Татары мяне злавілі,— усхліпнула Марыся.
Базыль падвёў яе да вываратня, пасадзіў.
— Цябе татка шукае. З ім нашы мужчыны. Дзядуля таксама пайшоў у лес.
— Дзядуля мяне нядаўна вызваліў,— паціху прамовіла Марыся.
— Як? — вырвалася ў Базыля. А Марыся запытала:
— Дзе мама?
— Яна за вёскай, на беразе стаіць. Зачакалася цябе. Вось узрадуецца, калі ўбачыць! — усклікнуў Раман.
Марыся апусціла галаву.
— Я да яе хачу.
Базыль пераступіў з нагі на нагу. Вядома, Марыся рвецца дамоў. Ды няхай крыху адпачне. Натамілася, бедная. Маці, калі яе ўбачыць, канешне, будзе на сёмым небе ад радасці. Нарэшце ўсміхнецца. А ці ўсміхнецца? Бацька ж у лесе. І дзядулі няма. Марыся казала, што дзядуля яе вызваліў. Дзе ж ён? Можа, загінуў у бойцы з татарамі?
Базыль прысеў на кукішкі насупраць сястры.
— Марыся, цябе дзядуля вызваліў?
— Дзядуля… Татары ехалі на конях… Джавад мяне вёў на вяроўцы… Дзядуля зверху, з хваіны, як скочыць на Джавада! Джавад зваліўся з каня, кінуў вяроўку. Дзядуля крыкнуў мне, каб уцякала. Я і шмыгнула ў ельнічак. Я бегла… Я ішла… Думала, што дамоў не траплю…
Дык вось яно што! Усё-ткі падпільнаваў дзядуля татараў. На Джавада скочыў. Мабыць, пацямнела ў Джавада ўваччу. А што ж з дзядулем? Няўжо забілі яго татары?
Базыль адчуў, што да горла падступіў даўкі камяк. Вось-вось слёзы пырснуць з вачэй.
— Марыся, хадзем дамоў,— сказаў ён. Марыся хуценька ўсхапілася.
— Хадзем.
Цяпер Базыль не адпускаў Марысю, трымаў за руку. Яму здавалася: адпусці яе руку — і згіне яна, растворыцца, нібы ў тумане.
— Братка, — падаў голас Раман, — а наш дзядуля жывы? Як ты думаеш?
Базыль ледзь чутна прагаварыў:
— Думаю, што жывы.
— Яго татары ў палон узялі?
— У палон.
— Яны яго зноў прывяжуць да дрэва?
— Не, ён уцячэ ад іх.
Калі шчыра сказаць, то ён, Базыль, не верыў, што дзядулю ўдасца ўцячы ад татараў. Чаму сказаў Раману, што ўцячэ? Трэба ж нешта казаць, раз пытаецца брат. А вось Марыся нават голасу не падае. Відаць, страх яе гняце. Малайчына, што не разгубілася, калі дзядуля ёй крыкнуў, каб уцякала. На Джавада дзядуля скочыў. Што ж падумаў Джавад, калі дайшоў да сябе? Па ягоным загадзе дзядулю прывязалі да хваіны. Думалі, што загіне. А дзядуля жывы. Джаваду, мусіць, здалося, што з таго свету ён з'явіўся. Надоўга яму гэтыя дзянькі запомняцца.
Яны моўчкі ішлі па лёсе. Раптам здалёк данесліся прыглушаныя галасы.
Базыль стаў.
— Чуеце? — звярнуўся ён да Рамана і Марысі.
— Нехта сюды прабіраецца, — прамовіў Раман.
— Гэта татары, — прагаварыла Марыся.
— Хавайцеся, — сказаў Базыль і лёг за куст.
— Едуць нечысці,— не вытрываў Раман.
— Ляжы і носа не высоўвай, — папярэдзіў яго Базыль. Ён глянуў на Марысю. Ляжыць, не варушыцца, нібы застыла. Што ж, бядою навучаная.
— Братка, трэба ўцякаць, — заварушыўся Раман, Вядома, лепей было б уцячы. Але ж трэба праверыць, куды накіроўваюцца татары. Пасля можна следам за імі пайсці. Зараз яны з'явяцца. Зараз… Напэўна, Джавад пакажацца першым.
Базыль на гэты раз не адгадаў. З гушчару выехаў… Бурхан. У сядле сядзіць, як уліты. За спінаю вісіць лук, збоку — калчан са стрэламі. "Ён зноў з татарамі, зноў да іх прыбіўся, — здагадаўся Базыль. — Няўжо Бардун злітаваўся над ім, свой нагавор з яго зняў, душу яму вярнуў?"
Бурхан махнуў рукою. Неўзабаве паказаўся Джавад. За канём, на якім ён сядзеў, ішоў дзядуля. Рукі ў яго былі звязаныя. За дзядулем ехалі іншыя татары.
Базыль глядзеў на дзядулю. Жывы ён. Жывы… Можна выратаваць яго, калі пайсці за татарамі. Недзе ж спыняцца яны на ноч. Калі заснуць, то можна падкрасціся да дзядулі і развязаць яму рукі.
Джавад, азірнуўшыся, звярнуўся да дзядулі:
— Ідзеш?
— Іду. Чаго яшчэ табе трэба? — агрызнуўся дзядуля.
— Нам трэба сайтана знайсці. Сайтан нас з лесу выведзе.
— Канешне, выведзе, — заківаў галавою Бурхан. — Усе патаемныя сцежкі яму вядомыя. Ён сапраўдны шайтан. Душу ў мяне адабраў… З-за яго мяне ў яму пасадзілі.
— І ён жа дапамог табе з ямы вылезці,— сказаў дзядуля.
— Ён. Я спярша не хацеў вылазіць, спярша ўпарціўся. Душа ў яме заставалася. Дык ён мне душу вярнуў. Хацеў, каб я яму служыў. Дурня сабе знайшоў! Уцёк я ад яго. Хутка сустрэнемся з ім. У яго вочы страшныя. Мы яму вочы завяжам, каб…
— Воцы? — перапыніў яго Джавад. — Воцы не будзем завязваць. Мы яму язык адрэзам. Каб свае ліхія словы не саптаў. Няхай будуць у яго воцы. Без вацэй ён не выведзе нас адгэтуль.
Базыль уважліва прыслухоўваўся да гаворкі. Цяпер зразумела, куды едуць татары. Спадзяюцца, што Бардун дапаможа ім выратавацца, вырвацца з лесу.
Атрад татараў схаваўся ў лесе.
— Жывы наш дзядуля! — прагаварыла Марыся. Базыль глянуў на брата.
— Без мяне дамоў дабярэцеся?
— Вядома, дабярэмся. Адгэтуль не так далёка да вёскі. А ты куды пойдзеш?
— Я за імі пайду.
— І мы з Марысяй пойдзем з табою.
— Не. Марысю вядзі дамоў. Калі ўбачыце нашых мужчын, то ўсё ім раскажаце.
— Мужчыны татараў дзесьці ў глыбіні лесу шукаюць, а яны з самага краёчку хаваюцца, — усклікнуў Раман.
— І пра гэта скажаш. Зразумела?
— Братка, не хадзі за імі. Схопяць яны цябе. Пабачыш, — завёў Раман.
Базыль павярнуўся і пабег. Татараў ён дагнаў праз некалькі хвілін. Яны ехалі павольна. Часта станавіліся, прыслухоўваліся. Тады і Базыль падаў на зямлю, ляжаў, выцягнуўшыся, затаіўшы дыханне.
Нарэшце ён убачыў знаёмы хвойнік, за якім была Бардунова хаціна. Татары сталі. Да Джавада пад'ехаў Бурхан, нешта залапатаў на татарскай мове. Джавад, выслухаўшы яго, кіўнуў галавою.
Базыль думаў, што татары спешацца, абкружаць хаціну, каб не выпусціць з рук Бардуна. А яны паскакалі, не хаваючыся. Джавад гнаў перад сабою дзядулю.
Базыль крыху пачакаў і, калі яны схаваліся, узбег на пагорак. Конны атрад ужо стаяў каля хаціны. На прызбе сядзеў Бардун і, прыжмурыўшыся, пазіраў на сваіх госцейкаў.
З таго свету?
Татары пазлазілі з коней, абступілі Бардуна. Бардун звярнуўся да дзядулі, нібы не заўважаючы, што вакол яго татары:
— Ну, што? Дачакаўся?
— Чаго ж я дачакаўся? — запытаў дзядуля. Бардун усміхнуўся:
— Зараз цябе, як і ўнучку, на вяроўку пасадзяць.
— Мая ўнучка ўцякла ад іх. Не ведаеш?
— Ведаю, — адказаў Бардун.
"Як ён праведаў, што Марыся ўцякла? — падумаў Базыль. — Напэўна, сачыў за татарамі, бачыў, як дзядуля з яліны на Джавада скочыў. А татараў зусім не баіцца. Відаць, спадзяецца, што Бурхан заступіцца за яго".