Выбрать главу

— Бардун, ты радуешся? — сказаў дзядуля. Бардун устаў з прызбы:

— А ты як думаеш? Дзядуля з дакорам прагаварыў:

— Эх, ты! Думаеш, што прыяцеляў сустрэў? Яшчэ невядома, што ты сёння ад іх пачуеш.

Бардун, сцяўшы кулакі, падступіў да дзядулі.

— Я… Я іх на вёску напушчу! Я пакажу ім, дзе брод! Яны даўно збіраюцца напасці на вёску, на Нараставічы!

Базыль ледзь стрымаўся, каб не ўсклікнуць. Вось чаго дамагаецца вядзьмак! Калі татары ноччу нападуць на вёску, то быць бядзе. Амаль усе воі-мужчыны ў лесе. Хто ж абароніць старых, жанчын, дзяцей? Загінуць яны. Добра ведае гэта Бардун. Усё ён вынюхаў у вёсцы. І Бурхана нездарма выпусціў з ямы. Мабыць, хацеў, каб той звёў яго з татарамі. Таму і душу яму вярнуў. Ды Бурхан уцёк ад яго.

— Бардун, — зноў сказаў дзядуля, — лютая злосць твае вочы засціць. Самы страшны грэх бярэш на сваю душу. Людзі цябе навек праклянуць, а багі пакараюць, як пакаралі таго, хто каля нашых паселішчаў у выглядзе бусла ходзіць.

Базыль адразу успомніў, як старэйшыя расказвалі, што калісьці бусел быў чалавекам, які парушыў законы супольнага жыцця. Нялюдскі быў ён. Гультай несусветны. Аднавяскоўцы ідуць талакой касіць сена — ён у кусты схаваецца, у цяньку вылежваецца. Пасля з чужых борцяў стаў мёд красці. Не раз яго лавілі, ушчувалі, пагражалі. З яго ж як з гусі вада. А аднаго дня, раскапаўшы курган, які даўным-даўно, з незапамятных часоў, нашы родзічы насыпалі, са старажытных пахаванняў выграб посуд, зброю і забраў сабе. Узбурыліся людзі, выгналі яго з паселішча. Адправіўся ён у чужыя землі, туды, дзе жылі заклятыя ворагі беларусаў. Падгаварыў, прывёў іх на родную зямлю, у роднае паселішча. Шмат народу ворагі пабілі, коньмі патапталі. І даўніх язычніцкіх бажкоў яны не шкадавалі, на кавалкі секлі. Той мужчына таксама здзекаваўся з бажкоў: сек, разбіваў, паліў іх. Людзі, якія ўцалелі, схаваўшыся ў лясах, у балотах, звярнуліся з просьбай-заклінаннем да багоў: "Пакарайце яго". Паслухаліся багі людзей, пакаралі яго, перавярнуўшы ў бусла, на варце хатаў паставілі, каб паселішчы людскія пільнаваў. З таго часу дбайна пільнуе, клякоча, просіць, каб даравалі яму.

— Я не баюся праклёнаў,— ашчэрыўся Бардун. — Я і сам каго хочаш пракляну. Дый не я павяду іх у вёску.

— Хто ж павядзе? — запытаў дзядуля. Бардун пальцам паказаў на Бурхана.

— Ён павядзе. Я раней у яго душу адабраў. Ён за сваёю душою аж у Нараставічы зайшоў. Я яго з ямы выцягнуў, я яму скажу, дзе брод. Я адразу хацеў сказаць, а ён пабег, уцёк ад мяне. Я ведаў, што ён знойдзе сваіх. Ведаў, што яны сюды прыедуць. Я іх чакаў. Яны ў мяне нічога не возьмуць. У голага нават кашулі не возьмеш. А ў вёсцы ім будзе чым пажывіцца.

— Нам не трэба ў вёску, — прамовіў Джавад.

— Куды ж вам трэба? — запытаў у яго Бардун.

— Нам трэба вырвацца з гэтага лесу, — выступіў наперад Бурхан. — Ты ж нас на пагібель пасылаеш.

— Дурні! — неспадзявана вылаяўся Бардун.

— Шайтан! — прамовіў Бурхан.

— Я ў цябе душу адабраў, а пасля аддаў. Зараз зноў забяру. Ніколі яна да цябе не вернецца, — з пагрозай прагаварыў Бардун.

— У-у-у, шайтан! — агрызнуўся Бурхан і ступіў убок.

— Мы сайтана зараз бізуном спаласуем, — крыкнуў Джавад.

Базыль заўважыў, што Бурхан зайшоў ззаду, стаў за спінаю Бардуна.

— Мяне хочаце бізуном спаласаваць? Я вам дабра зычу. Дабра! Не даходзіць да вас? — звярнуўся вядзьмак да Джавада.

Базыль аблізнуў перасмяглыя губы. Бач ты! Пра дабро Бардун загаварыў. І як толькі язык у яго паварочваецца?

— Сайтан! — крыкнуў Джавад, прыўстаўшы ў сядле. Бардун хутка-хутка зашаптаў:

— Устану я ранюсенька, я ўмыюся бялюсенька, уватруся я гарачым сонейкам, падпаяшуся ясным месяцам. І вазьму я трыдзевяць замкоў, трыдзевяць ключоў і трыдзевяць падзамкоў, і пайду я на сход міру. Кругом усе сходкі абыду, усе сэрцы іх ліхія пазамкну…

Джавад застыў, адкрыўшы рот, а Бурхан, сціснуўшы кулакі, штосілы стукнуў Бардуну па галаве. Вядзьмак, охнуўшы, упаў на зямлю.

Джавад нейкую хвіліну глядзеў, лыпаючы вачыма, а пасля звярнуўся да дзядулі:

— Стары! Дабі яго!

— Не, — прамовіў дзядуля.

— Дабі! Ён твой вораг!

— Не буду.

Джавад штосьці крыкнуў па-свойму. Два татарыны схапілі Бардуна, падвалаклі яго да дзвярэй, кінулі ў хаціну, а дзверы падперлі калом.

— Што вы задумалі? — усклікнуў дзядуля.

— Шайтана спалім, — зарагатаў Бурхан.

— Спаліце?

— Спалім! Ты нас выведзеш з лесу!

Базыль убачыў, як полымя з усіх бакоў абхапіла Бардунову хаціну. Татары з гікам паімчаліся ў лес. Полымя прагна лізала сухія бярвенні. Угору ўзляталі чырвоныя іскры. Раптам з трэскам абвалілася страха.

— Усё! — міжволі вырвалася з грудзей Базыля.

— Дык гэта ты тут? — неспадзявана пачулася ззаду. Базыль азірнуўся і зніякавеў. Непадалёку ад яго стаяў…

Бардун.

— Базыль, ідзі сюды, — паклікаў вядзьмак.

Няўжо ж гэта сапраўды Бардун? Ён жа быў у палаючай хаціне. Не мог ён адтуль вылезці… Хаціна на вачах згарэла. Дый дзверы былі калом надпертыя. Мабыць, Бардун з'явіўся з таго свету, не інакш.

— Ідзі сюды, — зноў паклікаў Бардун.

— А-а-а… — тоненька зацягнуў Базыль.

— Ты мяне не бойся, — прагаварыў Бардун. Базыль стаў адступацца назад, усё паўтараючы:

— Не падыходзьце да мяне… Не падыходзьце да мяне…

— Базыль, не бойся, не уцякай, — прамовіў Бардун. Базыль з жахам глядзеў на яго. Просіць, каб не ўцякаў.

Мусіць, хоча забраць з сабою на той свет. Бардун ступіў крок наперад.

— Базыль, не бойся мяне.

— Не падыходзьце. — Базыль усё адступаўся назад, пакуль спінаю не ўпёрся ў сасну. Да яго спярша не дайшло, што ў сасну ўпёрся. Яму здалося, што нейкая невядомая сіла яго схапіла, трымае. Ён, напэўна, на ўсё горла закрычыў бы, калі б Бардун не сказаў:

— Базыль, не бойся. Я табе благога не зраблю. Базыль на імгненне зірнуў на хаціну. Гарыць, дагарае, курыцца яна, угары іскры скачуць, нібы ў шалёным танцы.

— Не зраблю табе благога, — паўтарыў Бардун. Базыль скокнуў убок і панёсся.

Бурхан пагражае

Базыль перавёў дух, стаў толькі тады, калі ўбачыў перад сабою вялізнае балота. Частка яго была пакрыта вадою. Сям-там у вадзе стаяла чорная вольха. Карані вольхі разрасліся, утварыўшы каля маленькіх стволікаў астраукі, парослыя асакою, касачамі, аерам, травою, рознымі балотнымі кветкамі.

Базыль моўчкі глядзеў на балота. Куды ж цяпер ісці? Цераз такое балота, ведаў ён, не пройдзеш, тут можна праваліцца, згінуць бясследна. Назад вярнуцца? А калі там Бардун па лесе блукае, шукае яго? Не жадае ён адзін адпраўляцца на той свет… Не верыцца, што клікаў, прасіў, каб не ўцякаў. Згарэў разам са сваёй хацінай, а ўсё роўна ходзіць, бы жывы. Клікаў, прасіў… Скура шэрхне, як успомніш. І за што ж такое пакаранне наслалі на яго, на Базыля? Можа, за тое, што маці не паслухаўся? Яна ж казала, каб быў каля хаты. Неслухам заўжды прыходзіцца кепска.

— Што ж мне цяпер рабіць? — Базыль ў роспачы ўсклікнуў, павярнуўся і ўбачыў Бурхана.

— Ты… Ты сваю душу шукаеш? — ні з таго ні з сяго вырвалася ў Базыля. Ён зусім забыўся, што Бардун вярнуў татарыну душу. Бурхан грукнуў сабе кулаком у грудзі.

— Мая душа тут! Тут яна! Аддаў яе мне ваш лясны шайтан, а я яго агню аддаў! Твой дзядуля… Твой стары не захацеў яго дабіць.

— Гэта ты на паляне пусціў чорную стралу? — спытаў Базыль.

— Я!

— Па тваім знаку на нас напалі?

— Па маім. Чорная страла страх наганяе. А ведаеш, што яшчэ яна нясе?

— Ведаю.

— Што?

— Пагібель.

Базыль стаяў бы ў тумане. Словы быццам самі сабою зляталі з ягонага языка.

— Правільна ты сказаў. Пагібель нясе чорная страла, — усміхнуўся Бурхан. — Усім вам, усяму вашаму роду нясе пагібель. Мяне паслалі, каб праверыў, дзе знаходзяцца вашы. Ты не ведаеш, дзе яны?