Выбрать главу

— Не ведаю.

— Не хочаш казаць? Што ж мне рабіць з табою? З сабою забраць? Не, будзеш нам замінаць. Цягай цябе за сабою па лесе… Вашы нам на пяты наступаюць.

На вачах у Базыля выступілі слёзы. Ён зразумеў, што татарын задумаў нядобрае. Бурхан стаў на край балота, тупнуў нагою.

— Не хочаш галавою ў балота? Мяне ў яму пасадзілі, радаваліся… Ты тут застанешся. Тут!

"Ён жа хоча мяне ў балоце ўтапіць, — дайшло да яго, да Базыля. — Утопіць… Не здрыганецца ягоная рука. Хіба яму шкада мяне?" Базыля быццам нейкая невядомая сіла падштурхнула. Ён прыгнуўся і з разгону стукнуў Бурхану галавою ў жывот. Татарын узмахнуў рукамі і пляснуўся ў ваду. Вада ўраз скаламуцілася, пачарнела, і дрыгва праглынула Бурхана. Толькі чорныя бурбалкі пабеглі па паверхні мутнай вады.

Базыля затрасло. Ён не стрываў і заплакаў. Неспадзявана нечая рука лягла на ягонае плячо. Ён ірвануўся. Што за ліха? Бардун стаіць каля яго. Усё-ткі знайшоў, дагнаў, на той свет за сабою пацягне.

— Патануў татарын? — прагаварыў Бардун.

— Патануў. А вас татары ў хаціне спалілі! Чаму вы тут? — праз плач прамовіў Базыль.

— Не, мяне не спалілі. Я жывы. Я ўцёк з хаціны. Кхе-кхе-кхе…

— Як уцяклі?

— З маёй хаціны ў лес вядзе падземны ход. Праз падземны ход я і вылез. Я цябе клікаў. Ты баяўся мяне?

Бардун кажа, што жывы. Кажа, што з хаціны выбраўся праз падземны ход. Няўжо гэта праўда?

— Жывы я. Жывы. Пакратай мяне, калі не верыш, — прагаварыў Бардун.

Базыль адхіснуўся.

— Вы… Вы мяне ненавідзіце… Вы майго дзядулю ненавідзіце.

— Маўчы! Не ўспамінай пра гэта, — спахмурнеў Бардун.

— Чаму?

— Не квялі маю душу. Ты бачыў, як мяне татары ў хаціну кінулі?

Свідруе вачыма вядзьмак. Як жа ўцячы ад яго? Не, не ўцячэш. Можа, адразу галавою ў балота, каб доўга не глуміўся?

— Дык бачыў ты?

— Бачыў.

— Холадна мне, — нечакана сказаў вядзьмак.

— Чаму? — шчыра здзівіўся Базыль.

— Холадна, бо адзінока. Холадна бывае не толькі тады, калі мароз прыціскае. Ты не ведаеш, як ад адзіноцтва вее холадам. Не ведаеш, дык запомні гэта. Запомніш?

— Запомню, — сказаў Базыль, каб толькі не маўчаць. Чаго ж дамагаецца ад яго вядзьмак? Чаму даганяў, чаму клікаў? Каб пагаварыць, каб скінуць з душы набалелае? Не адгадаеш, што ён задумаў.

— Кажаш, што запомніш?

— Запомню, — прамармытаў Базыль.

— Не бойся. Ты мяне не бойся, — два разы паўтарыў Бардун. — Я хацеў сказаць пра тых, хто ад людзей адарваўся. Цяжка ім. Калісьці і я адарваўся ад людзей, а сёння ледзь не загінуў.

— Вы можаце вярнуцца да людзей. Яшчэ не позна. Зло з душы выкіньце.

Базыль са страхам глядзеў на Бардуна і чакаў, што ён затупаціць нагамі, закрычыць, плюючыся, а вядзьмак неспадзявана сказаў:

— Вы з братам ехалі на маім чоўне?

— На якім? — не зразумеў Базыль.

— На тым, які на лясным возеры. Ну, можаш не казаць. Я і без цябе ведаю, што вы яго ўзялі. Ад татараў ратаваліся? Так?

— Так, — кіўнуў галавою Базыль.

— Мой човен вас выратаваў. Выходзіць, я вас выратаваў. Кхе-кхе-кхе… Ніколі не думаў, што Піліпавых унукаў буду ратаваць. Раіш мне да людзей вярнуцца. Ужо позна. Не змагу я вярнуцца да людзей. Ад сваёй зямлі я адарваўся.

— Чаго ж вы ад мяне хочаце?

— Хачу твайго дзядулю выратаваць. Хачу, каб ты пабачыў, як я яго выратую.

— Вы ж яго ненавідзіце! — усклікнуў Базыль. Бардун махнуў рукою, як бы паказваючы, што яму надакучыла весці такую гаворку.

— Татары мяне жывым хацелі спаліць. Я ведаю, дзе яны. Зараз паклічу вашых вояў-мужчын. Яны тут, непадалёку. Яны, вядома, убачылі, што нешта гарыць, і прымчаліся сюды. Татары таксама не лыкам шытыя. Ведалі, што вашы воі прыскачуць, што тут ці не ўсе збяруцца. А самі ў гэты час паспрабуюць з кола вырвацца. Ты не верыш, што я задумаў твайго дзядулю выратаваць?

Базыль адвёў вочы ўбок.

Нарэшце разам

Бардун прыклаў далоні да рота трубкай і закрычаў:

— О-го-го!.. "Го-о-о… о-о-о…" — панеслася па лесе рэха. А ў адказ ні слова. Базыль не паверыў Бардуну. Хіба Бардун пашкадуе дзядулю? Базыль добра помніў, як аднаго разу дзядуля казаў: "Унучак, ніколі не вер ведзьмакам. Яны, як і чэрці, стараюцца добрага чалавека абмануць, у грэх увесці". Бардун стаіць, прыслухоўваецца. Базыль не сцярпеў, запытаў у Бардуна:

— Дзе ж нашы воі? Вы казалі, што яны блізка, тут.

— Зараз з'явяцца, — прагаварыў Бардун і зноў крыкнуў: — 0-го-го-о!..

Базыль падаўся ўперад, прыслухоўваючыся. Здаецца, тупат капытоў даносіцца. Няўжо коннікі скачуць? Можа, не коннікі, а чэрці? Лупяць па зямлі капытамі, спяшаючыся сюды. Звяла ж дарога з ведзьмаком…

Дарма Базыль хваляваўся, дарма наракаў на сваю долю.

На гэты раз Бардун не абмануў. З лесу вынесліся коннікі. Сярод іх быў і бацька.

— Татка! — крыкнуў Базыль і кінуўся да яго. Бацька саскочыў з каня.

— Базылёк, як ты сюды трапіў?

— Ён татарына ў балоце ўтапіў,— падаў голас Бардун. Бацька, нібы толькі што яго ўбачыўшы, здзіўлена прагаварыў:

— Бардун? Ты?

— Я! — з выклікам прамовіў вядзьмак.

— Гэта ты гукаў, нас клікаў? Анічога я не разумею. Базыль здагадаўся, чаму разгубіўся бацька. Ведае ён, што Бардун ненавідзіць іх усіх. І раптам так выйшла, што ён, Базыль, разам з Бардуном бацьку чакае.

— Зараз усё зразумееш, — ледзь прыкметна ўсміхнуўся Бардун. — Твой сын нядаўна татарына ўтапіў. Я казаў табе пра гэта, а ты між вушэй прапусціў.

— Якога татарына? — усклікнуў бацька. Базыль вызваліўся з ягоных абдымкаў, сказаў:

— Бурхана.

У бацькі бровы прыўзняліся ўгору.

— Дык ён у яме сядзіць.

— Сядзеў,— прамовіў Бардун.

— Але, сядзеў,— пацвердзіў Базыль. — Цяпер яго там няма.

— Няўжо ён вылез з ямы?

Бардун з нейкім асаблівым гонарам сказаў:

— Я яго адтуль вызваліў.

Базыль заўважыў, як у бацькі сціснуліся кулакі. Ён з нянавісцю зірнуў на Бардуна:

— Каму ж ты служыш?

Бардун махнуў рукою, паказваючы на лес:

— Гэтаму лесу.

— Ад тваёй службы лес на корані засохне.

— Татка, не трэба сварыцца, — папрасіў Базыль. Бацька павярнуўся да яго.

— Сынок, як ты сюды трапіў?

Базылю не хацелася ўспамінаць нядаўняе, перажытае, ды мусіў расказаць бацьку, як яны з Раманам убачылі каля ямы Бардуна, як дзядуля пайшоў у лес, як яны з Раманам адправіліся за ім, як сустрэлі Марысю, як сказаў ён Раману, каб завёў яе дамоў. Пачуўшы гэта, бацька аж з твару перамяніўся.

— Базылёк!.. Ты не махлюеш?

— Сыну не верыш? — уставіў сваё слова Бардун. Бацька пляснуў рукою па назе.

— Базыль! Нам трэба ехаць дамоў! Пакуль Марысю на свае вочы не ўбачу, датуль не супакоюся!

— Ты вельмі не спяшайся. Да канца паслухай сына. Калі ўсё пачуеш, то невядома, ці захочацца табе дамоў,— усміхнуўся Бардун.

— Што ты хочаш мне сказаць? — незычліва прамовіў бацька.

— Свайго сына выслухай. Няхай сын скажа. Родны сын! Бацька скрыгатнуў зубамі.

— Ну й яду ў табе! Не даводзь мяне! Бардун развёў рукамі.

— Я магу пайсці. Мне дарога не заказана.

— Ну і ідзі. Вольнаму воля.

Базыль глядзеў то на бацьку, то на Бардуна. Вядома, бацьку няма за што любіць ведзьмака. Але ж чаму ён такі нястрыманы, чаму да канца не хоча паслухаць? Гэтая сварка дабром не скончыцца. Зараз бацька скажа Бардуну што-небудзь крыўднае, і пойдзе вядзьмак у лес. А дзядуля ў татараў застанецца. Як жа падступіцца да бацькі, як папрасіць яго, каб памаўчаў, каб усё да канца выслухаў? З чаго ж пачаць?