— Ведалі, што мапучэ будуць яе берагчы, што не павязуць у іншае месца на якую-небудзь выставу. Залатая дзіда для іншапланецян пастаянны арыенцір. Зразумеў? — сказаў я.
— Зразумеў,— буркнуў Максім.
— Не верыце мне. Тым, хто не нарадзіўся ў джунглях, цяжка зразумець нас, — паціху сказаў Анту.
Нядобра, што мы пры ім гэткую гаворку завялі. Усё-ткі пакрыўдзілі. Мне хацелася сказаць Анту штосьці добрае, цёплае, каб не крыўдаваў, ды з калідора данесліся гучныя воклічы.
— Ці не вампір Траука ў гасцініцы? — усклікнула Алеся.
— Зараз праверу, што там, — Анту ўстаў з крэсла, адчыніў дзверы і выйшаў на калідор.
Мы моўчкі пераглянуліся. Няўжо сапраўды нядаўна Траука, як назваў вампіра Анту, тупацеў каля нашых дзвярэй?
Папугай на водных лыжах
Нудна цягнуўся час. Нарэшце ў пакой увайшоў Анту. Мы ў адзін голас усклікнулі: — Траука?
— Злавілі Траука. Вось і радуюцца ў гасцініцы.
— Хто злавіў? — апярэдзіўшы мяне і Алесю, запытаў Максім.
— Нейкія чужыя людзі. Да гэтага іх у горадзе не бачылі. Яны самі сказалі, што злавілі Траука. Сказалі, што хутка пакажуць яго.
— Вось каб хоць адным вокам глянуць на яго! — вырвалася ў мяне.
Алеся аж прыжмурылася.
— Хочаце паглядзець, як папугай катаецца на водных лыжах? — усміхнуўся Анту.
Ці мажліва такое? Каб праехаць на водных лыжах, трэба трэніравацца. Спартсмены-вадналыжнікі не адзін год трэніруюцца. А тут папугай — птушка. Птушкам толькі на галінках сядзець.
— Папугай? На водных лыжах? Не веру, — сказаў я.
— Хадзем на наша возера. Паглядзіце, — сказаў Анту. Калі мы выйшлі з гасцініцы, Алеся пацікавілася:
— Дзядзька Анту, а тыя людзі, што злавілі вампіра, не баяліся, што ён іх пакусае?
— Пэўна ж, баяліся. Ён хітры, падобны на кажана-крывасмока.
— Хіба ёсць кажаны-крывасмокі?
— Ёсць. Яны на жывёлін нападаюць. Разцамі пракусваюць скуру і з ранкі п'юць кроў. Зубы-разцы ў іх вострыя, што брытвы.
— А дзе яны водзяцца? — запытала Алеся.
— У джунглях.
Кажаны-крывасмокі ў джунглях водзяцца. Пашанцавала, што туды нас не павезлі.
Перагаворваючыся, мы непрыкметна прыйшлі на тое возера, пра якое казаў Анту. Яно было тут жа, у горадзе. Вакол возера, цесна збіўшыся, стаялі людзі.
Мы праціснуліся праз натоўп. Па возеры на мініяцюрных лыжах куляй ляцеў папугай, учапіўшыся дзюбай за трос, прымацаваны да маленькай маторнай лодкі.
— Ну й малайчына! — запляскала ў ладкі Алеся. І вакол запляскалі, закрычалі:
— Трымайся, какаду!
— Не памачы лапы!
— Ні пуху, ні пер'я!
— Хто кіруе маторнай лодкай? — запытала ў мяне Алеся. Сапраўды, хто? Маторная лодка імчыцца, апісваючы кругі, быццам сама сабою, быццам нячыстая сіла яе нясе.
— Маторная лодка з дыстанцыйным кіраваннем, — сказаў Максім.
— З дыстанцыйным? — здзівілася Алеся. Максім тыцнуў пальцам, паказваючы ўлева.
— Вунь на беразе мужчына. Ён ёю кіруе.
Воддаль ад нас, шырока расставіўшы ногі, стаяў чарнявы мужчына. У ягоных руках была невялікая скрыначка з кнопкамі, рычажкамі. Мужчына, не зводзячы вачэй з маторнай лодкі, націскаў на кнопкі, пераключаў рычажкі. Маторная лодка насілася, што шалёная.
Я шчоўкнуў пальцамі.
— Какаду — майстар спорту міжнароднага класа.
— Заслужаны майстар спорту, — сказаў Максім. "Заслужаны майстар спорту" какаду ляцеў над вадою.
Цяпер я не думаў ні пра кажаноў-крывасмокаў, ні пра вампіра Траука.
Маторная лодка павярнула да берага. Імчыцца. Вось-вось урэжацца ў бераг. Не, спынілася каля самага берага. Чарнявы ўзяў папугая, пасадзіў сабе на плячо.
Людзі кінуліся да яго. Анту, я, Алеся і Максім таксама пабеглі туды.
Вось ён, "заслужаны майстар спорту" какаду. Пазірае на людзей, то ў адзін, то ў другі бок паварочвае галаву. Раптам, адкрыўшы дзюбу, як закрычыць:
— Чаго вочы вылупілі?
Я спярша не скумекаў, што гэта пра нас, пра ўсіх. Пасля дайшло, калі людзі на розныя галасы зарагаталі:
— Ха-ха-ха… Гы-гы-гы…
І какаду, як відаць, перакрыўляючы, загыгыкаў:
— Гы-гы-гы…
Вакол яшчэ мацней зарагаталі:
— Га-га-га…
Чарнявы чамусьці падышоў да Анту.
— Разумны мой папугай? Анту прыцмокнуў языком.
— Яшчэ які!
— Мяне зваць Санча, — сказаў чарнявы.
— А мяне Анту.
— Гэта ты пра залатую дзіду ўсім расказваеш? Анту апусціў галаву.
— Ніхто мне не верыць.
— Дзядзька, гэта вы вампіра злавілі? — вытыркнуўся наперад Максім.
— А гэта хто? — спытаў Санча і паказаў на мяне, Алесю і Максіма.
— Яны здалёку, з іншай краіны.
— З іншай? — працягла прагаварыў Санча.
— Вы доўга свайго какаду трэніравалі? — нясмела запытала ў яго Алеся.
— О-о! Ён яшчэ не на такое здатны. Ен нават да дзесяці ўмее лічыць, — прамовіў Санча і гучна сказаў: — Адзін!
— Два, тры, чатыры, пяць, шэсць… — пачаў лічыць какаду.
Людзі загаманілі. Хтосці зацягнуў песню. Яе падхапілі. Усе як адзін паддаліся нейкай незразумелай мне весялосці. Ці не таму, што некалькі дзён стрымлівалі яе, насілі ў сабе, напалоханыя вампірам?
А папугай пырхнуў, скокнуў на зямлю, перакуліўся, як сапраўдны акрабат, зноў узляцеў, сеў на плячо Санча, пазіраючы на людзей, як пераможца.
— Вы пыталіся, ці я вампіра злавіў? — звярнуўся да нас Санча. — Я. Прыйшлося павалтузіцца з ім.
Людзі, якія стаялі паблізу, прыціхлі.
— Ён страшны? — запытала Алеся.
— Страшнейшы за самую страшную гарылу, — прамовіў Санча.
Я не зводзіў вачэй з Санча. Вось ён, герой сённяшняга дня. Ён не толькі Траука адолеў, але і людзям даў радасць.
Ён як добры казачны джын, які зробіць усё-ўсё, што пажадаеш.
Санча пагладзіў папугая.
— Дужы гэты вампір. Пантэрай на нас кідаўся. Аднаго нашага за руку ўкусіў.
— Зубамі? — сказаў я ні ў пяць ні ў дзесяць.
— Канешне, зубамі. Ён…
Санча не паспеў даказаць, бо ззаду пачуўся прарэзлівы крык нейкага мужчыны:
— Вампір на вуліцы! Нядаўна на жанчыну напаў!
— Бандыты! — на ўсё горла закрычаў папугай. Людзей закруціла, як круціць у бяздоннай яме вір. Мяне, Максіма і Алесю натоўп пацягнуў за сабою. Мы не супраціўляліся, толькі, узяўшыся за рукі, стараліся трымацца разам. Анту застаўся дзесьці там, каля возера.
Вампір Траука
Не памятаю, ці доўга натоўп цягнуў нас за сабою. Нарэшце людзі сталі разбягацца. Мы таксама пабеглі, пакуль не апынуліся на нейкай ціхай вуліцы, дзе не было ні душы.
— Хлопчыкі, у якім баку гасцініца? Куды нам ісці? — запытала Алеся.
— Назад, — кажу я.
— Па-мойму, уперад, — запярэчыў Максім.
— Чаму ўперад? — пытаюся ў яго.
— Калі пойдзем назад, то вернемся на возера. Здаецца, лагічна ён разважае. Ад возера мы беглі. Можа, вярнуцца? Можа, Анту чакае нас каля возера?
— Хлопчыкі, невядома, ці трапім на возера. Мы ж не адну вуліцу прабеглі. Невядома, куды гэтая вядзе, — сказала Алеся.
І ў яе разважанні ёсць логіка. На возера, як помніцца, мы ішлі па прыгожай, шырокай вуліцы. А гэтая вузкая. І людзей не відаць. Мабыць, зноў пахаваліся. Каму ж хочацца сваім жыццём рызыкаваць? Тут трэба хадзіць з важкім кіем.
— Усё-ткі трэба ісці назад, — парушыў маўчанне Максім. Разумнік знайшоўся! То ўперад, то назад. Прывык, каб заўжды было па-ягонаму. Не выйдзе. Насуперак зраблю.
— Трэба ісці ўперад, — сказаў я і патэпаў, засунуўшы рукі ў кішэні.