— Цішэй, дурань, цішэй! — без злосці крычала на яго маці.
8
Праз тыдзень Марыне пазваніў Косця.
— Марына, дзе прападаеш? Да мяне прыходзь.
— Я захварэла. Тэмпература трыццаць дзевяць і пяць, — схлусіла яна.
— Вылечым, — рагатнуў Косця. — Марына, у мяне і Пецька, і Мілка, і Галка, і Віцька. Марына, мы цябе чакаем. Весела пагуляем. Думай. Табе вырашаць.
Марына ўспомніла нядаўняе і, як здалося цяпер, такое ўжо далёкае жыццё. Мілка і Галка, вядома, узрадуюцца, калі ўбачаць яе. Шмат чаго яны раскажуць. Чаму ж не пагуляць? Усяго адзін вечар, адну ноч. Барыс, магчыма, не праведае, што яна была ў Косці.
— Марына, падумала? У дзверы пазванілі.
— Косця, пачакай. Мабыць, старыя вярнуліся, — сказала Марына і адчыніла дзверы. У дзвярах з букетам агністых ружаў стаяў Барыс. Як заўжды, ён прыязна ёй усміхаўся.
Марына моўчкі ўзяла букет, падышла да тэлефона і выцягнула з разеткі тэлефонны шнур.
9
Цэлы месяц Марына сустракалася з Барысам. Аднаго разу яны сядзелі ў гарадскім парку. Круціліся рознакаляровыя каруселі, гаманілі, смяяліся дзеці.
— Барыс, я ніколі не думала, што можна так моцна кахаць, як ты мяне кахаеш! — прамовіла Марына.
— Я цябе кахаю? — хмыкнуў Барыс.
Марына адчула, што лаўка, на якой яна сядзела, раптам стала мулкай.
— Ты… Ты ж не раз казаў, што кахаеш! І кветкі, і цукеркі мне дарыў, і шампанскае мы пілі…
Барыс забарабаніў пальцамі па лаўцы. — Марына, мне хутка ехаць на вучобу. Праўду табе сказаць?
Марына напялася, як сталёвая спружына:
— Кажы. Горкая праўда лепей, чым салодкае махлярства.
— Марына, наша каханне — гульня, спектакль. Твой бацька мне грошы заплаціў, каб я з табою сустракаўся. Ён даваў і на кветкі, і на цукеркі, і на шампанскае… Твой бацька хацеў, каб я выцягнуў цябе з той кампаніі, у якую ты трапіла. Марына, зразумей…
— Ты ж хваліўся, што бізнесам заняўся.
— А гэта і ёсць бізнес.
Марына глядзела на рознакаляровыя каруселі, але не бачыла іх.
— Барыс, колькі табе заплаціў мой бацька?
— На жыццё мне хапала, — адказаў Барыс.
Марына сядзела, кусаючы губы. Цяпер яна па-сапраўднаму была нешчаслівай. Гульня, спектакль… Як той спектакль, які яна глядзела ў тэатры разам з Барысам. У фінале галоўная гераіня плакала. Не, яна, Марына, не заплача. Можа, потым. Каб ніхто не бачыў яе слёз…
Лімонка
1
Ноч выдалася ціхая, цёплая, лагодная. Стаміўшыся за дзень, хлопцы спалі нібы пшаніцу прадаўшы. Паціху, каб не разбудзіць іх, Ён выпаўз з палаткі і намацаў левай рукою шорты, якія віселі на жардзінцы.
У кустах спявалі, пераклікаліся птушкі, а ў возеры (яно цьмяна блішчала ў цемры), гуляючы, плёскала рыба.
Азірнуўшыся, Ён праваю рукою ўзяў рабрыстую лімонку, што ляжала каля палаткі на пяньку. Рука ўздрыганула, далоня пакрылася ліпкім потам, у грудзях моцна застукала сэрца. У палатцы хтосьці з хлопцаў гучна ўсклікнуў у сне.
Ён сцяўся, прыслухоўваючыся, а потым падняў лімонку і, затаіўшы дыханне, паклаў яе ў кішэню шортаў. Рана-раненька, перад усходам сонца, паветра скалане выбух, і аднаго з тых хлопцаў, што бестурботна спяць у палатцы, не стане. Хтосьці загалосіць, хтосьці выцісне слязу, хтосьці пашкадуе, а Яму стане лягчэй. Жыццё не спыніцца, будзе ісці гэтак жа, як і ішло. "На аднаго больш, на адного менш. Якая розніца для Зямлі, для Сусвету! Ад таго, што загіне адзін чалавек, Сусвет не пацерпіць", — падумаў Ён і па-змяінаму. запоўз у палатку, лёг, накрыўся прасцінай і заснуў.
2
Ужо каторы дзень стаяла спякота. Трава на ўзбочынах выгарэла ад сонца, пажаўцела. Стала жаўцець і лісце на дрэвах. Ветрык, які часам налятаў з-за дамоў, зрываў яго і кідаў на асфальт, пад колы імклівых аўтамабіляў.
У паднябессі, як бы пацяшаючыся з людзей, замучаных гарачынёю, патрэскваў гром, але дажджу не было.
Выпускнікі дзевятага класа Стась, Рыгор, Мітрафан і Яша на канцовым прыпынку вылезлі з аўтобуса, надзелі напакаваныя рукзакі і рушылі па шашы, уздоўж якой з абодвух бакоў рос лес.
Першым ішоў Рыгор. Высокі, даўганогі, ён, нягледзячы на гарачыню, ступаў размерана, шырока. Ад Стася стараўся не адстаць Мітрафан. Гэтаю вясною, перад выпускнымі экзаменамі, ён пастрыгся нагола. На ягонай лабаставай галаве, амаль на самым цемені, выдзяляўся чырванаваты шрам. Гадоў дзесяць таму назад п'яны бацька стукнуў яго па галаве табурэткай. Бацька неўзабаве памёр ад гарэлкі, а ягоны знак застаўся на Мітрафанавай галаве.
"Адзін-два, адзін-два", — аблізваючы перасмяглыя губы, лічыў пройдзеныя крокі Мітрафан, падахвочваючы сябе. Але цяжэй за ўсіх было Яшу, які ў рукзаку нёс палатку. Ён ішоў, моцна сціснуўшы тонкія, як нітачка, губы і раз-пораз рабром далоні выціраў мокры лоб. Яша злаваў на сяброў, якія ішлі не азіраючыся. Калі б хто-небудзь з іх азірнуўся і сказаў цёплае слова, падбадзёрыў, то Яшы, напэўна, стала б лягчэй.
Збіраючыся ў гэты паход, хлопцы надзелі белыя спартыўныя майкі, на якіх вялікімі блакітнымі літарамі была выведзена назва іхняй любімай каманды: "Дынама".
Хлопцы вучыліся ў розных школах горада, але ўсіх іх аб'яднала і пазнаёміла футбольная каманда "Дынама", на стадыёне якой яны часта збіраліся, бавячы вольны час. Пазаўчора Рыгор прапанаваў з'ездзіць за горад на возера, дзе ён не раз і не два адпачываў з бацькамі. Мітрафан, Стась і Яша, якім, як і Рыгору, надакучыла сядзець у душным горадзе, з радасцю яго падтрымалі.
— Начальнік! — звярнуўся да Рыгора Стась. — Нам яшчэ доўга топаць да возера?
— Кіламетр з гакам застаўся, — бадзёра адказаў Рыгор і збочыў направа, на пясчаную дарогу, што вяла праз лес на возера.
3
Адзін бераг гэтага ляснога возера быў нізкі, балоцісты, парослы аерам і асакою, а другі — высокі, пясчаны. Тут раслі кусты ядлоўцу, сасны і бярозы.
Пад купкай бярозак хлопцы раскінулі палатку, побач забілі два калкі, на якія павесілі трыко і шорты. Сінія трыко з жоўтымі лампасамі належалі Стасю і Яшы, а шорты — Мітрафану і Рыгору.
— Стась, вунь каля таго ядлоўца, — паказаў рукою Рыгор, — выкапай для смецця ямку.
Стась скрывіўся як серада на пятніцу:
— Я жардзінку з лесу прынёс, калкі прынёс. А цяпер і ямку капаць? Сам выкапай.
— Я выкапаю, — падахвоціўся Мітрафан, і ўзяўшы сапёрную рыдлёўку, з сілай загнаў яе ў дзірван.
Мітрафан капаў хутка, умела. На загарэлых потных руках выступалі пругкія мускулы. Непадалёку на жываце ляжаў Яша і, як заварожаны, пазіраў на Мітрафана.
— Мітрафан, а ты сапраўдны землякоп! — не вытрываўшы, пахваліў.
— Пасля горада мне здаецца, што ў рай трапіў! Хлопцы, у мяне душа спявае! — Мітрафан стукнуў сябе кулаком у грудзі і зацягнуў:
Голас у Мітрафана быў моцны, прыгожы. Рэха панесла песню па лесе.
— Проста беларускі салавей! — усміхнуўся Яша, паказаўшы шырокія, як долата, зубы.