Выбрать главу

— Мама, да нас Мітрафанавы сябры прыйшлі? Кліч іх сюды! — данёсся з залы прарэзлівы жаночы голас.

8

Зайшоўшы ў залу, Стась і Яша ўбачылі жанчыну гадоў сарака, якая сядзела ў інваліднай калясцы. Валасы ў яе былі сівыя, твар стомлены, пад вачыма — цёмныя кругі.

— Сядайце, хлопчыкі,— незвычайна ласкава запрасіла жанчына, паказаўшы на старэнькую канапу. — Я Мітрафанава мама. Нінай Іванаўнай мяне зваць.

Стась і Яша не селі, спыніліся каля дзвярэй. Акрамя канапы, у зале стаялі чатыры драўляныя крэслы, невялікі сервант з посудам, тэлевізар у кутку і бажніца, упрыгожаная штучнымі кветкамі і вышываным ручніком. За шклом серванта стаяў Мітрафанаў фотаздымак, на якім ягоныя вочы гарэлі, як дзве зорачкі, а твар свяціўся шчасцем.

"Беднавата тут жывуць. Нездарма Мітрафану так хацелася злавіць шчупачка", — прабегла ў Стася ў галаве.

— Мітрафанаў тата дома? — прагаварыў ён, каб толькі не маўчаць.

— Мітрафанаў бацька памёр, — паведаміла Ніна Іванаўна, а потым дадала: — Я кожны дзень малюся Богу, каб Мітрафан быў жывы і здаровы. Ён — мая надзея. Хлопчыкі, вы разам з Мітрафанам былі на возеры? Гляньце мне ў вочы! Ну!

Стась адчуў, што закружылася галава. Яму здалося, што ён ляціць, правальваецца ў бездань.

— Хлопчыкі, былі там? Хлопчыкі! — Ніна Іванаўна ўсклікнула, як тапелец, які просіць, каб яму дапамаглі.

Стась падняў галаву і зноў убачыў Мітрафанаў фотаздымак. Мітрафан усміхаўся яму, Стасю, і здалося, нават падміргнуў.

Стась павярнуўся і выскачыў з кватэры, ледзь не збіўшы з ног Мітрафанаву бабулю. На двары яго дагнаў Яша.

— Ты сказаў ім? — пацікавіўся Стась.

— Не змог. Я за табою пабег, — прызнаўся Яша.

— І я не змог, — сказаў Стась.

9

Мінуў тыдзень. Рыгор, Стась і Яша сустрэліся на стадыёне "Дынама".

— Хлопцы, давайце заўтра з'ездзім на возера, — прапанаваў Рыгор.

Стась пакруціў галавою.

— Мяне туды ўжо не цягне.

— І мяне не цягне, — сказаў Яша.

— А мне, думаеце, хочацца? Прайшоў тыдзень, як загінуў Мітрафан. Пасядзім, успомнім яго. Ці, можа, не жадаеце?

Стась цяжка ўздыхнуў.

— Трэба паехаць.

— Калі трэба, значыць, трэба, — прагаварыў Яша.

10

На возеры, як і тыдзень назад, было ціха, спакойна. Спявалі птушкі, свежы ветрык прабягаў па ўскрайку леса.

Хлопцы прывезлі з сабою тры букеты кветак і паклалі ў варонку ад гранаты, туды, дзе загінуў Мітрафан. Затым паставілі палатку. Рыгор выбраў месца для палаткі непадалёку ад варонкі.

— Пераначуем каля Мітрафана, — сказаў ён. Стась і Яша яму не пярэчылі.

Рыгор працягнуў Стасю сапёрную рыдлёўку і тупнуў нагою, паказаўшы:

— Тут выкапаеш ямку для смецця.

Стась узяў рыдлёўку і пачаў капаць. Рыгор стаяў непадалёку, а Яша корпаўся каля палаткі.

— Хлопцы, я выкапаў лімонку! — Стась разгублена пазіраў на сяброў.

— Хлусіш, — не паверыў яму Яша.

— А ты падыдзі і паглядзі,— з'едліва прагаварыў Стась.

11

Лімонка ляжала на самым дне. Яе ўзяў Рыгор і перакінуў з рукі на руку.

— Хочаш сам узарвацца і нас узарваць? — узлаваўся Яша.

— Што будзем рабіць з лімонкай? — пацікавіўся ў Рыгора Стась.

Рыгор моўчкі паклаў гранату каля палаткі.

— Заўтра рыбы наглушым.

12

Ноч выдалася цёплая, лагодная. Асцярожна, каб не разбудзіць сяброў, Ён выпаўз з палаткі і намацаў левай рукою шорты, якія віселі на жардзінцы, а праваю ўзяў рабрыстую лімонку. Рука ўздрыгнула, далоня пакрылася ліпкім потам, у грудзях моцна застукала сэрца. У палатцы хтосьці з хлопцаў заварушыўся.

Ен сцяўся, прыслухоўваючыся, а потым падняў лімонку і паклаў яе ў кішэню шортаў. Рана-раненька, перад усходам сонца, паветра скалане выбух, і аднаго з тых хлопцаў, што бестурботна спяць у палатцы, не стане. Хтосьці загалосіць, хтосьці выцісне слязу, хтосьці пашкадуе, а Яму стане лягчэй. Жыццё не спыніцца, будзе ісці так, як і ішло. "На аднаго больш, на аднаго менш. Якая розніца для Зямлі, для Сусвету! Ад таго, што загіне адзін чалавек, Сусвет не пацерпіць", — падумаў Ён і… убачыў перад сабою Рыгора, які трымаў у руцэ ліхтарык.

13

— Яша, цяпер мяне на той свет вырашыў адправіць? — ледзяным голасам прагаварыў Рыгор і ўключыў ліхтарык, накіраваўшы яго на сябрука. Яша затуліў твар рукамі, а ў палатцы заварочаўся Стась.

— Стась, вылазь! — гукнуў Рыгор. — Я злавіў забойцу! Праз хвіліну з палаткі вылез Стась і ўставіўся на Яшу.

— Ён забойца?

— Мы спалі, а ён не спаў. У мае шорты паклаў лімонку. — Рыгор зняў з жардзінкі шорты, выняў з кішэні лімонку і кінуў яе пад ногі Яшу.

Яша спалохана закрычаў і як падкошаны апусціўся на зямлю.

— Не галасі. Гэтая граната вучэбная, — супакоіў Яшу Рыгор. — Я яе ў школе ўзяў і пазаўчора тут закапаў.

Стась, як відаць, ніяк не мог зразумець, што адбываецца.

— Рыгор, ты знарок прывёз нас на возера?

— Знарок.

Рыгор з агідай паглядзеў на Яшу і плюнуў на яго:

— Я адразу здагадаўся, што ён забойца, але не мог даказаць. Ён хацеў забіць не Мітрафана, а мяне, ды ў цемры пераблытаў шорты. Не ў мае, а ў Мітрафанавы паклаў лімонку.

Стась нагнуўся і ўзяў Яшу за валасы, задзёршы галаву.

— Яша, гэта так? Праўду кажы.

— Так.

Стась расціснуў пальцы і павярнуўся да Рыгора.

— Чаму ён цябе на той свет хацеў адправіць?

— Мы з Яшам некалі пабіліся аб заклад, і ён праіграў. Нядаўна я нагадаў, што ён мне павінен, ды…

— Няма ў мяне чаго аддаваць! Няма! — выгукнуў Яша і паваліўся на бок. Ён ляжаў бездапаможны, як чарвяк на гарачым сонцы.

— Ты зусім здурнеў,— звярнуўся да Яшы Стась. — Уяві, што лімонка ўзарвалася тут! Асколкі і цябе ў палатцы дасталі б!

— Не дасталі б, Стасік. Я за цябе лёг, схаваўся.

— Цябе біць трэба, малаціць! — Стась азірнуўся, шукаючы кія.

Яша ўскочыў на ногі і панёсся ў лес. Стась ірвануўся за ім, але яго спыніў Рыгор:

— Няхай бяжыць. Далёка не ўцячэ. У горадзе сустрэнем і пагаворым.

Пажар

1

Ужо зусім сцямнела. Сямён сядзеў на лаўцы ў садзе і глядзеў на неба. Цяпер, у канцы кастрычніка, яно было цёмна-шэрае, нібы намаляванае незвычайным шэрым алоўкам.

Сямёну падабалася сядзець вось так, у цішыні, і глядзець на неба, асабліва ўлетку, калі паважна і спакойна плывуць удалеч хмары, упэўненыя ў сабе, абыякавыя да ўсяго.

Ён, Сямён, праз тры гады скончыць школу і, канешне, паедзе ў горад, туды, куды часта плывуць хмары. Там вывучыцца на мастака і калісьці напіша вялікую карціну, на якой будзе і гэты асенні сад, і гэтае недаступнае цёмна-шэрае неба.

Падзьмуў легкі ветрык, і пацягнула гарэлым адтуль, дзе стаяў іхні хлеў. Пазаўчора ён згарэў. Ад яго засталіся толькі галавешкі і задымлены каменны падмурак.

Ззаду, за спінай, прашалясцела апаўшае лісце. "Мабыць, мыш прабегла, спажывы шукае", — падумаў Сямён. У гэты момант нечыя дужыя пальцы сціснулі яго горла. Ён варухнуў плячыма, напяўся, імкнучыся вызваліцца. Пальцы, як жалезныя абцугі, сціскалі ўсё мацней. Сямёну здалося, што на цёмна-шэрым бяздонным небе раптам успыхнулі прыгожыя яркія зорачкі. Яны бегалі, мітусіліся, з трэскам гарэлі, як бенгальскія агні.