— На лаўцы, як прыбіты, прасядзеў, праспаўся і дамоў пайшоў! Дальбог! — пабажыўся Іван. Ягоны няголены падбародак задрыжаў, а на вачах выступілі слёзы.
— Ідзі, Іван, — ужо мякчэй прагаварыў бацька.
Іван павярнуўся і пайшоў, асцярожна зачыніўшы за сабою дзверы.
Бацька стукнуў кулаком па стале.
— Хочацца мне ведаць, хто падпаліў!
— І мне хочацца, — прамовіў Сямён, з жалем паглядзеўшы на бацьку.
7
На другі дзень бацька і маці адправіліся ў суседнюю вёску да сваякоў пазычыць сена. Сямён дома застаўся адзін. Звечарэла, а бацькоў ўсё яшчэ не было.
Сямён прыйшоў у сад і сеў на лаўку.
— Сямёнка! — данеслася з-за плота.
Сямён азірнуўся і ўбачыў дзядзьку Івана. Сёння ён быў цвярозы.
— Сямёнка! — паўтарыў Іван. — Бацька і маці яшчэ гасцююць?
— Гасцююць, — кіўнуў галавою Сямён. Яму не хацелася заводзіць з суседам доўгую гаворку. Ён спадзяваўся, што Іван пойдзе далей, пакіне яго аднаго. Але, як было відаць, сусед спыніўся надоўга.
— Сямёнка, твой бацька думае, што я цыгарэтай хлеў незнарок падпаліў,— націснуўшы на словы "незнарок", прамовіў Іван. — Дальбог не я! Галава ў мяне была ясная!
— Дзядзька! — перапыніў Сямён.
— І ты на мяне злуешся! — паківаў галавою Іван і пацягнуўся далей.
8
Праз паўгадзіны за плотам пачуліся цяжкія крокі. Сямён устаў і ўбачыў квадратную постаць Чырвонца. Чырвонец, углядаючыся, спыніўся.
— Сямён, ты?
— Я! — з выклікам адказаў Сямён і падышоў да плота.
— Што тут робіш, Сямён?
— Вас чакаю. Вы каня на балота завялі. Я ведаў, што каля нас будзеце ісці,— Сямён ледзь стрымліваў хваляванне.
Вочы ў Чырвонца бліснулі ў цемры, як у ваўка.
— А яшчэ што ведаеш? Га?
— Наш хлеў падпалілі вы, а потым патэлефанавалі, каб тата на пажар паглядзеў! — Сямён увесь напружыўся і выцягнуўся, як лазінка.
— Гы-гы!.. — нядобра зарагатаў Чырвонец. — З глузду з'ехаў?
— Дзядзька Вадзім, я чуў, як вы прызнаваліся маме ў каханні!
— Чуў? Гы-гы…
— Мама вас не захацела слухаць, прагнала. Вы пайшлі дамоў, а потым вярнуліся і хлеў падпалілі, каб маме і тату адпомсціць, — твар у Сямёна гарэў, быццам хтосьці сцебануў крапівой-пякучкай.
— Дакажаш? Гы-гы…
— Дакажу! — Сямён выхапіў з-за пазухі фотаздымак і падняў яго перад сабой. — Вось фотаздымак, які вы маме паказвалі. Вы яго ў нашым садзе згубілі. Мабыць, тады, калі запалкі з кішэні даставалі.
— Хлопчык! — Чырвонец нечакана заплакаў. Слёзы пацяклі па ягоных тоўстых абвіслых шчаках. — Нікому не кажы пра гэта. Злосць мною кіравала. Ашалеў я. Не кажы! Мяне пасадзяць! Не скажаш? Га?
Сямён маўчаў. Вось і вывеў ён дзядзьку Вадзіма на чыстую ваду, ва ўсім прымусіў прызнацца, а радасці няма. Неяк трывожна на душы.
— Не скажаш?
Сямён наморшчыў лоб. Каму казаць? Бацьку? Але ж тады фотаздымак прыйдзецца паказаць. Не, няможна. Няма як. Бацьку будзе балюча.
Сямён з агідай паглядзеў на Чырвонца.
— Дзядзька Вадзім, вы заплаціце і за хлеў, і за сена.
— Каму?
— Мне. Я скажу татку, што гэтыя грошы ў латарэю выйграў.
— Хлопчык, ты вельмі добра прыдумаў! — вочы ў Чырвонца імгненна высахлі і зноў бліснулі, як у ваўка. — Я заплачу, а ты скажы, што выйграў! Гы-гы!..
Сямён павярнуўся, падышоў да лаўкі і стомлена апусціўся на яе.
9
Ужо зусім сцямнела. Сямён сядзеў на лаўцы і глядзеў на цёмна-шэрае неба.
Ззаду, за спінай, прашалясцела апаўшае лісце. "Мабыць, мыш прабегла", — падумаў Сямён. У гэты момант нечыя дужыя пальцы сціснулі яго за горла.
Ён варухнуў плячыма, напяўся, імкнучыся вызваліцца. Пальцы, як жалезныя абцугі, сціснуліся на горле мацней. Сямёну здалося, што на цёмна-шэрым бяздонным небе раптам успыхнулі прыгожыя яркія зорачкі. Яны бегалі, мітусіліся, з трэскам гарэлі, як бенгальскія агні.
— А-а-а! — закрычаў хлапчук, але не пачуў свайго крыку.
10
— Сынок! Сыночак! — як праз сон, пачуў Сямён. Ён з намаганнем расплюшчыў вочы і ўбачыў усхваляваны твар маці. Нахіліўшыся, яна з сілай страсянула яго.
— Сыночак, ачніся!
Сямён бездапаможна застагнаў.
— Сыночак, ты жывы? Жывы!
— Мамачка, што са мною? — лежачы на траве, усыпанай жоўтымі лісцямі, запытаўся Сямён.
— Я пачула, што ты крычыш, прыбегла і ўбачыла, што Чырвонец цябе душыць. Схапіла кій і стукнула яго…
— Дзе ён? Маці азірнулася.
— Побач ляжыць. Сынок, ён варушыцца! Уставай, уцякайма адгэтуль!
Сямён прыўстаў. На верандзе загарэлася святло.
— Мікола! — у адчаі закрычала маці.
— Марына, што там нарабілася? — азваўся з веранды бацька.
— Мікола, ідзі сюдзі! — паклікала маці і заплакала наўзрыд.
Рэцэпт
1
З Нінай Ён вучыўся ў дзесятым класе і сядзеў за адной партай. Не таму, што пульхненькая, чарнявая Ніна яму вельмі падабалася. Так склалася. Яшчэ ў трэцім класе настаўніца пасадзіла іх разам. З таго часу кожны год першага верасня яны з Нінай, зайшоўшы ў клас, моўчкі садзіліся за адну парту: Ніна — злева, а Ён — справа. З хлапчукамі Ён не сябраваў. Ён любіў адзіноту.
На перапынку Ён пачуў, як Ніна пахвалілася сяброўкам, што бабуля купіла ёй прыгожую норкавую шапку, і на ўроку матэматыкі напісаў запіску: "Нінка, сёння ў кінатэатры "Раніца" паказваюць цікавы фільм. Запрашаю цябе на апошні сеанс, які пачнецца ў дваццаць адну гадзіну". Калі Ніна прачытала запіску, яе чорныя падкоўкі-бровы прыўзняліся, а смуглявыя шчокі пачырванелі. Затым яна ўзяла ручку і на гэтай жа паперцы вывела прыгожымі літарамі: "Я прыйду".
Ён усміхнуўся, задаволены.
2
Першую шапку Ён сарваў з галавы жанчыны мінулай зімою, калі вяртаўся ад рэпетытара, з якім займаўся матэматыкай.
Быў марозны вечар. З неба падаў мяккі сняжок. На аўтобусным прыпынку стаяла жанчына гадоў трыццаці.
— Хлопчык, у цябе ёсць закурыць? — аклікнула яна яго.
— Няма! — адказаў Ён, паслізнуўшыся на лядку. Слова "хлопчык" балюча кальнула. Два гады назад яму далі мянушку "Хлопчык", бо Ён быў самым малым у класе. Аднакласнікі падрасталі, мужнелі, а ён чамусьці не рос, хоць і ранішняй гімнастыкай займаўся, і з гантэлямі трэніраваўся. Часта прыходзілася чуць на перапынках:
— Хлопчык, дай спісаць матэматыку.
— Хлопчык, пазыч сшытак.
— Хлопчык, дай аловак.
Кіпела ў Яго на душы, але Ён і матэматыку даваў спісаць, і сшыткі пазычаў, і алоўкі ахвяраваў, каб толькі адчапіліся ад яго.
— Хлопчык, ты не курыш? — п'яным смехам залілася жанчына.
"Напілася і смяешся з мяне!" — з нянавісцю падумаў Ён і, падскочыўшы да жанчыны, сарваў з яе галавы рыжую лісіную шапку.
— Злодзея лавіце! — апамятаўшыся, закрычала жанчына, але Ён быў ужо далёка, бег, трымаючы шапку пад курткай. Снег рыпеў пад нагамі, сняжынкі-пушынкі падалі на разагрэты бегам твар, а на душы было прыемна. Упершыню Ён даў здачы, упершыню пакараў таго, хто яго пакрыўдзіў. Ён адчуваў сябе пераможцам.
Шапку Ён схаваў на ложку пад матрацам. Цэлы тыдзень Яго мучыў страх. Ён чакаў, што вось-вось прыйдзе міліцыя. Кожны нечаканы гук Яго палохаў. За гэты тыдзень Ён узненавідзеў нават тэлефонны званок.
Дні праходзілі, а міліцыя ўсё не з'яўлялася. І Ён пасмялеў. Страх адступіў, згінуў, як гіне надакучлівы восеньскі туман.