Выбрать главу

Яму спатрэбіліся грошы, каб купіць запчасткі для веласіпеда, і Ён панёс лісіную шапку на рынак. На рынку страх зноў падкраўся да Яго. Абедзвюма рукамі Ён прыціснуў да грудзей шапку, якую схаваў пад курткай. Да Яго падышла жанчына гадоў пяцідзесяці пяці. Твар у яе быў маладжавы, дагледжаны, а над верхняй губой прабіваліся чорныя вусікі. Ад жанчыны пахла дарагімі духамі.

— Крадзенае прадаеш? — сказала, нібы праспявала, яна. Яму здавалася, што Ён ляціць у прорву. Ногі сталі быццам ватныя.

— Не бойся. Я ўсё куплю, — жанчына бліснула залатымі зубамі і ўзяла Яго за рукаў.

Ён дастаў шапку з-пад курткі і аддаў жанчыне.

— Бяры і яшчэ прынось, — прашаптала жанчына і амаль што не сілком усунула Яму ў руку грошы.

З рынку Ён накіраваўся ў магазін. Грошы прыемна грэлі далонь.

3

Праз тры дні Ён сарваў шапку з галавы дзяўчыны непадалёку ад кінатэатра "Раніца". А потым, што называецца, і пайшло, і паехала. Ён ужо і сумачкі вырываў з рук адзінокіх прахожых. Сумачкі і дакументы выкідаў, грошы забіраў, а шапкі прадаваў на рынку. Там круцілася нямала скупшчыкаў крадзенага. Ён здалёку іх пазнаваў, навучыўся пазнаваць. Іншы раз Ён таргаваўся. Яму вельмі падабалася, калі Яго прасілі, каб збавіў цану. Яго крок стаў пругкі, погляд вачэй жорсткі, калючы.

Ён палюбіў вечар і ноч. Калі пачынала цямнець, нейкая невядомая сіла цягнула Яго на двор. І тады распачыналася цяжкая размова з бацькам ці маці.

— Зноў на ноч сабраўся? Не надакучыла табе бадзяцца разам з сабакамі? — звычайна чуў ад іх.

Ён падманваў, казаў, што ідзе да сябра ці на трэніроўку. У час такой размовы, якая нагадвала зацятую сварку, на бацькоў Ён стараўся не глядзець.

— Сынок, куды ты ўсё ходзіш? Прызнайся! — аднаго разу са слязамі на вачах папрасіла маці.

Не, Ён не прызнаўся ёй, што ідзе "на паляванне". Гэта быў Яго вялікі сакрэт.

І аднакласнікі адчулі, што Ён змяніўся. Яны больш не абзывалі яго "хлопчыкам", першымі падавалі руку, каб прывітацца. Гэта Яго вельмі цешыла.

4

У гэты вечар Ён узяў з сабою панчоху. Вядома, не хацеў, каб Ніна Яго пазнала.

— Сынок, куды ты? — каля дзвярэй запыніла Яго маці.

Бацька ляжаў на канапе і, надзеўшы акуляры, чытаў газету.

Яму надакучыла спрачацца з сынам.

— Крыху пагуляю, марозным паветрам падыхаю.

— Фортку адчыні і дыхай марозным паветрам, пакуль не надакучыць, — не сцярпела маці.

— Я не дурань, каб стаяць галаву з форткі высунуўшы, — гледзячы ўбок, агрызнуўся Ён.

— Няхай ідзе! Некалі успомніць нас! Некалі гэтыя паходы Яму бокам вылезуць! Знойдзе галава гуза! — у роспачы крыкнуў бацька.

Ён адчыніў дзверы і выскачыў на двор. Дрэвы, якія раслі каля пад'езда, былі ў інеі, на небе светлай плямай застыў месяц.

"На ноч мароз бярэцца. Цяпер градусаў дваццаць, не меней", — адзначыў Ён пра сябе.

5

Ніна, як відаць, даўно чакала Яго каля кінатэатра "Раніца". Яе норкавая шапка аб'інела, а сама яна прытанцоўвала, грэючыся на марозе.

Каля Ніны прыпыніўся хлапец у кажушку. Штосьці сказаўшы, хлапец гучна зарагатаў. Ніна ўвагнула галаву ў плечы і адышлася ўбок.

"Дурніца! Я падмануў, а ты адразу мне паверыла", — ухмыльнуўся Ён і глянуў на гадзіннік. Да пачатку сеанса засталося пяць хвілін.

— Ніна, мы з табою хутка сустрэнемся, — паціху прашаптаў Ён і, адштурхнуўшыся плячом ад сцяны кіёска, за якім хаваўся, назіраючы за Нінай, пакрочыў па заснежаным тратуары.

6

Месца для сваёй засады Ён выбраў за квартал ад Нінінага дома. Падняўшы каўнер курткі, Ён стаяў за вуглом пяціпавярховіка. Тут было цёмна, і Ён не баяўся, што Яго пазнае хтосьці са знаёмых.

Прайшло паўгадзіны. У цёплых чаравіках стала браць за ногі. "Няўжо Ніна ўсё яшчэ чакае мяне каля кінатэатра? Можа, адмовіцца ад задуманага, пашкадаваць яе? Не, не. Пашкадую яе, а потым і другую, і трэцюю… Мяне ніхто не шкадаваў, калі ў класе абзывалі "хлопчыкам", — падумаў Ён і, выглянуўшы з-за вугла, убачыў Ніну.

Ён выняў з кішэні панчоху і надзеў сабе на галаву.

Усё выразней, усё гучней рыпіць снег пад Нінінымі нагамі.

Узняўшы рукі, Ён з крыкам вылецеў з-за вугла. Ніна ойкнула і ўпала на калені, а Ён з крыкам сарваў з яе галавы заінелую шапку і панёсся домоў. "Заўтра скажу Ніне, што бацька быў п'яны і не пусціў мяне на спатканне. Паверыць, дурніца!" — думаў Ён.

7

На другі дзень, у чацвер, Ніна ў школу не прыйшла. Спачатку Яго гэта ўзрадавала. Яму не хацелася бачыць Ніну, не хацелася тлумачыць, чаму не сустрэўся з ёю. А потым радасць прапала, у душы з'явілася злосць. З кожнай хвілінай злосць усё больш і больш разбірала Яго. Ён і сам не ведаў, чаму раптам з ім так сталася. Злосць адабрала спакой. Душна, невыносна было Яму і ў школе, і дома. Калі сцямнела, Ён вырашыў зноў адправіцца "на паляванне", хоць звычайна пасля кожнай "аперацыі" некалькі дзён адпачываў.

8

У гэты вечар яму не шанцавала. Жанчыны вярталіся дамоў ў кампаніі, а на мужчын Ён баяўся нападаць. Ён хацеў вылаяцца і адправіцца дамоў, але ўбачыў старую, якая несла ў руках сумку.

— Дай! — параўняўшыся са старою, загадаў Ён і рукою схапіў сумку.

— Унучак, не забірай. У сумцы таблеткі. Я іх нядаўна ў аптэцы купіла. Раней мне таблеткі ўнучка купляла, але захварэла яна, — трымаючы сумку, заплакала бабулька.

— Дай! — са злосцю паўтарыў Ён і, вырваўшы сумку з рук бабулькі, пусціўся наўцёкі.

9

У сумцы былі таблеткі і рэцэпт.

— Мне кепска! Дык няхай і табе, старая, будзе кепска! — прамовіў Ён і, сагнаўшы сваю злосць, шпурнуў таблеткі і сумку ў снег. Рэцэпт чамусьці пакінуў сабе. Магчыма, таму, што не хацеў вяртацца дамоў з пустымі рукамі, не прывык.

У пятніцу класная аб'явіла, што памерла Нініна бабуля.

— Апошнія два гады Ніна жыла з бабуляй, бо Нініны бацька і маці паехалі на заробкі за мяжу, — сказала класная.

Ён адчуў (такога з ім раней не здаралася), як ёкнула сэрца. Ён хуценька дастаў з кішэні скамечаны рэцэпт і прачытаў, ледзь варушачы губамі:

— Выданы Мароз Зінаідзе Вікенцьеўне. Мароз. Мароз… Ён двойчы паўтарыў гэтае прозвішча і павольна схаваў рэцэпт у кішэню.

Нініна прозвішча таксама Мароз. Выходзіць, Мароз Зінаіда Вікенцьеўна, у якой Ён забраў сумку з таблеткамі, Нініна бабуля. Калі б пашкадаваў яе, то, магчыма, і цяпер яна жыла б. А ўсё пачалося з шапкі. Не, не з Нінінай, а з той, першай, якую Ён сарваў з галавы падпіўшай жанчыны.

Празвінеў званок. Апусціўшы галаву, Ён выйшаў са школы. Ногі прывялі Яго да Нінінага дома.

10

Зінаіда Вікенцьеўна ляжала ў труне, усыпанай кветкамі. Кветкі стаялі і ў крышталёвых вазах.

Ніна ў чорнай хусцінцы сядзела на табурэтцы і, не адрываючыся, глядзела на бабулю. Шыя ў Ніны была абвязана бінтам. "Чаму ж Ніна абвязала шыю бінтам? Чаму?" — ніяк не мог даўмецца Ён.

Да яго данёсся шэпт жанчын:

— Зінаіда была такая добрая, ад яе благога слова ні разу ніхто не пачуў.

— Прыйшла дамоў — і памерла. Кажуць, нейкі хлапец у яе таблеткі адабраў.

"Вось як выйшла!" — падумаў Ён. Да Яго нарэшце дайшло, чаму на шыі ў Ніны белы бінт — яна прастудзілася, застаўшыся без шапкі ў той нешчаслівы для яе вечар.