Выбрать главу

Ён глянуў на белы твар Зінаіды Вікенцьеўны, і Яму здалося, што яе ссінелыя губы скрывіліся. "Зінаіда Вікенцьеўна не хоча, каб я быў тут", — падумаў Ён і, распіхваючы людзей, падаўся да выхада.

11

У пад'ездзе з паштовай скрынкі Ён дастаў газету і зайшоў у кватэру. Бацька і маці яшчэ не вярнуліся з працы.

Есці Яму не хацелася. Ён разгарнуў газету. У вочы кінуўся загаловак: "Людзі, сцеражыцеся!"

Ён уголас прачытаў: "У чацвер невядомы падлетак напаў на пенсіянерку Мароз Зінаіду Вікенцьеўну і адабраў у яе сумку з таблеткамі і рэцэптам… Людзі, сцеражыцеся!"

Ён загарнуў газету і падышоў да акна.

— Усё. Больш не пайду "на паляванне". А газету і рэцэпт пакіну як напамін. Няхай яны засцерагуць мяне ад вяртання да гэтага, — уздыхнуўшы, сказаў Ён.

12

Іван Пятровіч чакаў са школы сваю ўнучку, шасцікласніцу Святланку. У мінулым годзе яго ўрачыста правялі на пенсію. Іван Пятровіч працаваў начальнікам аддзела аднаго з буйнейшых аўтамабільных прадпрыемстваў рэспублікі. Цяпер ягонай адзінай уцехай стала Святланка. Яна і пра школьныя навіны яму раскажа, і "дабраначы" пажадае, пацалаваўшы на развітанне ў шчаку. А Іван Пятровіч то ласункам яе прывеціць, то цікавую кніжку купіць, то яшчэ якім падарункам парадуе.

Пачуўся прарэзлівы званок. "Святланка вярнулася", — здагадаўся Іван Пятровіч. Яна заўжды прарэзліва звоніць, як бы кажа яму: "Хутчэй адчыняй мне, дзядуля!"

Іван Пятровіч устаў з крэсла і адчыніў дзверы.

Святланка прыйшла не адна. З ёю была пульхненькая, чарнявая дзяўчынка.

— Добры дзень, — смела прывіталася яна.

— Добры дзень, — адказаў Іван Пятровіч.

— Дзядуля, гэта Зіна, — кіўнуўшы галавою, паказала на чарнявую дзяўчынку Святланка. — Зіна нядаўна з татам і мамай у наш горад пераехалі. Яна са мною ў адным класе вучыцца.

— Праходзьце, Зіна, — усміхнуўся Іван Пятровіч, а пра сябе падумаў: "Дзесьці я бачыў яе."

— Дзядуля, я Зіне даўнія фотаздымкі хачу паказаць. Можна ўзяць твой фотаальбом?

Хіба мог ён адмовіць любімай унучцы?

— Можна, — зноў усміхнуўся Іван Пятровіч. — Я паклаў яго на антрэсолі ў спальні. Дастанеш сама?

Святланка кіўнула, і дзяўчынкі пабеглі.

13

Іван Пятровіч сядзеў у зале і чытаў дэтэктыўны раман. Неспадзявана ў дзвярах з'явілася Святланка і Зіна. Святланка ў руках трымала зжаўцелую газету, а Зіна — нейкую паперку. Твары ў абедзвюх дзяўчынак былі ўзбуджаныя, расчырванелыя.

Іван Пятровіч паклаў на калені кніжку і здзіўлена паглядзеў на ўнучку:

— Што здарылася?

Губы ў Святланкі задрыжалі:

— Мы даставалі альбом, а разам з ім выцягнулі вось гэтую газету з нейкімі паперкамі. Зіна пачала іх разглядаць і…

Святланка так і не дагаварыла, заплакала, адвярнулася. Зіна выхапіла ў яе газету і працягнула Івану Пятровічу:

— Гэта пра вас напісана!

Іван Пятровіч, як у сне, узяў газету. "Людзі, сцеражыцеся!" — прабеглі вочы па знаёмым загалоўку…

— Гэта вы калісьці ў мамінай бабулі адабралі сумку з таблеткамі! З-за вас яна заўчасна памерла! — усхвалявана звінеў голас Зіны.

— Дзядуля, гэта ж няпраўда? Скажы! — прасіла Святланка.

У Івана Пятровіча закружылася галава. Дрыжачым пальцам ён тыцнуў Зіне ў грудзі:

— Ты хто? Пракурор? Суддзя?

— Я Зіна. А маю маму зваць Ніна. Мама мне расказвала, што здарылася з яе бабуляй.

"Яна падобная на Ніну… Вось чаму мне здалося, што я дзесьці бачыў яе", — падумаў Іван Пятровіч.

— Ты кажаш, што тваю маму зваць Ніна? Так, са мной у класе вучылася Ніна Мароз, але яна паехала з нашага горада, — хрыпла сказаў ён.

У яго яшчэ цеплілася надзея, што ўдасца абараніцца.

— А нядаўна вярнулася, — сказала Зіна і кінула Івану Пятровічу паперку, што да гэтага трымала ў руцэ. — Гэта рэцэпт, які выпісалі мамінай бабулі! Тут яе прозвішча! Вы яго чамусьці не выкінулі, а хавалі.

— Дзядуля, гэта не ты! Я не веру Зіне! — усклікнула Святланка.

Як некалі на рынку, Івану Пятровічу здалося, што ён ляціць у прорву…