А на душы неспакойна. Чужы горад, чужая вуліца, чужыя дамы. Што, калі раптам вампір Траука выскачыць?
Я азірнуўся, каб паглядзець, дзе Алеся і Максім. Валакуцца за мною. Відаць, і ім страшна. Траука… Чаму ж ён зноў на вуліцы? Анту казаў, што злавілі. І Санча пацвердзіў.
Я стаў, пачакаў Максіма і Алесю.
— Антось, — звярнулася да мяне Алеся, — што ты думаеш пра Санча?
— Санча — герой! — узняўшы ўверх руку, прагаварыў я. Максім хмыкнуў:
— За чужымі плячыма герой.
— Чаму за чужымі? Ён вампіра лавіў. Хіба ты не чуў, як Санча расказваў?
— У гэтага Санча язык, як малатарня… Злавілі… Калі б злавілі, то на жанчыну не напаў бы, — сказаў Максім.
Вуліца павярнула ўлева, і мы апынуліся ў двары, дзе квадратам стаялі трохпавярховыя дамы. Вокны, дзверы ў дамах павыбіваныя, дзе-нідзе забітыя дошкамі. Выходзіць, вуліца вяла да гэтых дамоў. Прыйшлі, называецца.
— Чаму дамы разбураныя? Хіба тут ваявалі? — усклікнуў я.
Алеся падняла кавалак аконнай рамы, кінула да сцяны.
— Думаюць рабіць рамонт. Відаць, яна адгадала. І ў нас таксама, бывае, думаюць, збіраюцца, пакуль дом не разбурыцца.
Максім, выглянуўшы з-за рога дома, усклікнуў:
— Э-э…
Што з ім? Экае, быццам костка ў горле засела… а на вуліцы бокам да нас стаяў вампір Траука. Я адразу скумекаў, што гэта менавіта ён: маленькі, крываногі, вочы пукатыя, губы тоўстыя, ніжняя адвісла, як у старога каня, рукі аж да кален.
— Траука? — дыхнула мне ў самае вуха Алеся.
— Ыгы, — адказаў я.
— Хаваймася, хлопчыкі.
Алеся павярнулася і пабегла з усіх ног. Я думаў, што пабяжыць у дом (там шмат пакояў, у любым можна схавацца), а яна чамусьці палезла ў сутарэнне, якое было пад домам. Мы з Максімам, вядома ж, таксама палезлі за ёю.
У паўзмрочным сутарэнні параскідана паламаная мэбля. Мы зашыліся ў самы цёмны кут, прыселі за драўляны ложак, у якім было толькі дзве ножкі.
З двара ў сутарэнне пранікалі промні сонца, у якіх круціліся, скакалі пылінкі, як бы даганяючы адна адну.
Мы баяліся паварушыцца. Не чакалі гэткай сустрэчы. Траука быццам па нашых слядах ішоў. Дзе ж ён цяпер? Што будзе, калі суне свой нос у гэтае сутарэнне? Ён і на дарослых нападае. А мы, дзеці, для яго добры ласуначак. Эх, каб дамоў цяпер! Што там мама робіць? Мабыць, па магазінах бегае. Казала, што трэба купіць тату падарунак на дзень нараджэння. І мяне папрасіла, каб з Лацінскай Амерыкі прывёз які-небудзь сувенір. Вядома, тут ёсць што выбраць. Але як нам з сутарэння вырвацца?
— Хлопчыкі…— пачала Алеся.
— Тс-с… — прыклаў палец да вуснаў Максім.
Там, на двары, нешта грукнула, і неўзабаве нехта затупацеў па прыступках, спускаючыся ў сутарэнне.
— Траука? — прамовіла Алеся і прыціснулася да мяне. Яе плечукі часта-часта дрыгацелі.
Спрэчка перарастае ў бойку
Алеся не памылілася. У сутарэнне ўвайшоў Траука, а за ім прасунуўся нейкі мужчына, яшчэ страшнейшы за вампіра. Вочы вялізныя, чырвоныя, нос тоўсты, як груша. Ад носа да падбародка цягнуцца, нібы бакенбарды, дзве чырвоныя лініі.
Хто ж гэты другі? Няўжо яшчэ адзін Траука? А можа, ён у індзейскай масцы? Так, у масцы. Калі мы толькі прыехалі ў Лацінскую Амерыку, то нас вадзілі ў музей старажытнага індзейскага побыту. Там былі падобныя маскі.
Чаму ж гэты адзеў маску? Каб Траука не ўкусіў за твар? Але ж ён можа ўкусіць за руку. Відаць, не хоча, каб бачылі ягоны твар. Дык хто ж ён? Напэўна, бандыт. Шанцуе нам. Не толькі з вампірам, але і з бандытам сустрэліся. Праўда, і Траука сапраўдны бандыт. Чаму ж яны разам? Добра, што мы ў цёмны кут схаваліся. Добра? А калі яны ведаюць, што мы ў сутарэнні?
— Эй, ты, — звярнуўся да Траука Страхалюд, як назваў я пра сябе чалавека ў масцы. — Сядай.
Траука сеў на крэсла, якое ляжала бокам. Страхалюд прысеў воддаль. Усё-ткі баіцца Траука, не давярае яму. Чаму ж разам спрагліся?
— Не стаміўся? — запытаў Страхалюд.
— Не, мяне ногі добра носяць, — пахваліўся Траука. Страхалюд ляпнуў рукою па калене.
— Яны ў цябе як у сабакі.
Голас знаёмы. Здаецца, недзе нядаўна чуў яго. Дзе ж?
— Ты чаму маску адзеў, калі ў скляпенне спускаліся? — прамовіў Траука.
— Мне трэба было яшчэ і жалезныя пальчаткі надзець. Шкада, што няма іх у мяне.
Усё-ткі знаёмы голас. Падобны на голас… Санча?
— Чаго маўчыш? Заняло? — запытаў страхалюд. Траука паплямкаў тоўстымі губамі і сказаў:
— Не даспадобы я табе?
— Табе толькі ў конкурсе прыгажосці выступаць, — зарагатаў страхалюд, выняў з кішэні апельсін і кінуў Траука.
Той злавіў яго, абгрыз шкуру зубамі, каўтнуў, пэўна, не пражаваўшы, плямкнуў губамі.
— Яшчэ хачу.
— І-і-і…— тоненька піскнула Алеся.
— Нехта пішчыць, — усхапіўся Траука.
Зараз яны правераць, хто пішчаў. Куды ж уцякаць? Калі падыдуць да нас, трэба з разгону пад ногі кінуцца. Пакуль будуць мітусіцца, хоць Алеся ўцячэ, выратуецца. Сказаць ёй, каб не марудзіла?
Я зірнуў на Максіма. Паказвае вачыма. Маўляў, сядзі. Цяжка выседзець. Падмывае ўскочыць.
— Мыш пішчыць. Сядай, — прамовіў Страхалюд.
Траука сеў. А Страхалюд, закінуўшы нагу за нагу, прагаварыў:
— Што, нядаўна на жанчыну напаў? Траука бліснуў на яго вачыма.
— Я яе толькі ўкусіў.
Ну і ну! Укусіў… Быццам яблык. Дык ён нібы звер, які ашалеў.
— Напалохалі цябе? — запытаў Страхалюд.
— Мужчыны ішлі. Пабаяўся я. Уцёк.
Дрыгацяць плечукі ў Алесі. Ніяк не супакоіцца. Дый хіба тут супакоішся? І ў самога сэрца б'ецца. Здаецца, вось-вось з грудзей выскачыць.
— Выходзіць, мужчыны цябе напалохалі. А калі б скруцілі?
Траука гучна засоп носам.
— Я іх пакусаў бы.
— Зубы павыбівалі б.
— Не даўся б. Мне не ўпершыню.
— Вельмі ж ты смелы. Я табе што нядаўна казаў? Каб ціха сядзеў, каб не высоўваўся.
Траука шчоўкнуў зубамі.
— Не магу стрымацца.
— Глядзі ў мяне! Я і не такіх ламаў,— патрос кулаком Страхалюд.
— Чаго ж ты мяне прывёз у гэты горад? Сам казаў, што добра заплаціш, калі хоць некалькі чалавек пакусаю.
— У гэтым горадзе я хацеў узяць банк. Хацеў, каб ты мне дапамог. Была ў мяне адна задумка. Таму і прывёз цябе. Кармлю, клапачуся.
— Ты казаў, каб я нападаў на людзей, а цяпер не дазваляеш, — усклікнуў Траука.
— У мяне планы змяніліся. Траука стукнуў кулаком па крэсле.
— У цябе свае планы, а ў мяне свае.
Страхалюд, вымаўляючы асобна кожнае слова, прагаварыў:
— Хачу папярэдзіць: не высоўвайся. Калі яшчэ раз пачую, што на некага напаў, то…
— То што? — не даў дакончыць Траука.
— Па галоўцы не пагладжу. Траука прыўстаў.
— Сядзець! — рэзка, як аддаюць каманду, крыкнуў Страхалюд.
Сварацца. Няма між імі міру. Ну і няхай сварацца. Нам гэта на руку. Цяпер не стануць натапырваць вушы, прыслухоўвацца.
— Не дазваляеш? — віскнуў Траука.
— Сядзець! — зноў крыкнуў Страхалюд.
Траука імгненна апусціўся на крэсла і лісліва сказаў:
— Чаго нервуешся? Я магу і пасядзець. Сядзець лепей, чым стаяць. Не трэба злавацца.
Страхалюд закінуў нагу за нагу.
— На мяне хацеў накінуцца, пачвара? Траука шмаргануў носам.
Страхалюд дастаў з кішэні рэвальвер, паклаў на калені.
— Што мне цяпер рабіць? — апусціў галаву Траука.
— Сядзі і не высоўвайся. Табе ўжо сказана.
— А калі не вытрываю і зноў каго-небудзь пакусаю?
— Тады кулю ў лоб.
Вунь ён як. Свайго хаўрусніка не шкадуе. А калі б нас убачыў, то пэўна перастраляў бы.