Выбрать главу

— Чаму кулю? Я ж табе патрэбны. Ты сам казаў,— прамовіў Траука.

— Пакуль патрэбны. Запомні.

— Запомню, — сказаў Траука і скокнуў на Страхалюда.

— Я болей не магу, — усхліпнула Алеся.

— Маўчы, — сказаў Максім.

— Не магу-у…

— Алеся, памаўчы, — папрасіў я.

А Траука, паваліўшы Страхалюда, стараўся зубамі дацягнуцца да шыі. Усё бліжэй, бліжэй ягоныя клыкі. Вось-вось дарвецца. Страхалюд намацаў рэвальвер, які ўпаў з каленяў, прыўзняў яго, цэлячыся ў Траука. Вампір стукнуў локцем па рэвальверы, і ў тое ж імгненне прагучаў стрэл. Куля, высекшы са столі іскры, са свістам праляцела над намі.

— Загрызу-у!.. — віскнуў вампір.

Страхалюд, злаўчыўшыся, стукнуў яму каленам у жывот. Траука, сагнуўшыся, упаў на бок. Страхалюд ускочыў і рукаяткай рэвальвера даў яму па галаве. Траука перавярнуўся на спіну, падкурчыў ногі.

— Здох. Туды табе і дарога, — прагаварыў Страхалюд і, схаваўшы рэвальвер у кішэню, выйшаў з сутарэння.

Па тунелі

Мы сядзелі, прыціснуўшыся адзін да аднаго, а непадалёку ляжаў вампір Траука. Ён і раней, як вядома, наводзіў на нас жах, а цяпер, беспрытомны, нерухомы, быў яшчэ страшнейшы. Мы глядзелі на яго, баючыся вымавіць слова. — Трэба ўцякаць адгэтуль, — нарэшце прамовіў Максім.

— Не магу… Я так не магу-у… — заплакала Алеся.

— Не плач, — пачаў я, каб супакоіць яе.

Мы вылезлі з-за ложка і пайшлі, ступаючы нібы па тонкім лёдзе. У мяне ў грудзях усё трымцела, калацілася. Так, мабыць, калоціцца рухавік трактара, калі працуе на самых высокіх абаротах.

Я зірнуў на Траука. Ляжыць, выскаліўшы жоўтыя шырокія зубы. Ускудлачаныя валасы ў крыві.

— Ну й зубы ў яго! Сапраўдныя кусачкі! — усклікнуў Максім.

— Гэтымі кусачкамі не толькі руку, але і нагу адкусіў бы, — дрыготкім голасам прамовіў я.

— Ён варушыцца! — усклікнула Алеся.

Сапраўды, Траука ўзварухнуўся, павёў на нас вачыма, нешта прамармытаў і прыўзняўся. Мы пачалі адступацца назад. Неспадзявана пад нагамі нешта трэснула, і мы зваліліся ў нейкую яму, у якой ляжала ці то сена, ці то салома, ці яшчэ што. Хіба разгледзіш у цемры?

— Вы жывыя? — запытаў Максім.

— Я жывы. Жывы я, — кажу яму. — А што з Алесяй?

— Я тут, — прамовіла яна.

Я прыгледзеўся. З яміны кудысьці ўдалеч вядзе шырокі тунель.

— А-а-а! — данёсся да нас голас Траука.

— Туды! Уцякайма туды! — тыцнуў я пальцам, паказваючы на тунель.

А што заставалася рабіць? Папрасіць Траука, каб не чапаў нас? Такога і не ўпросіш, і не ўмоліш.

Мы палезлі ў тунель. Па ім можна было ісці не прыгінаючыся, але навокал стаяла такая цемра, што хоць вока выкалі. Дый сцены ў тунелі мокрыя, слізкія, ліпкія. Непрыемна, калі дакранешся рукою.

Спярша я не адчуваў страху. Уперад гнала толькі адна думка: "Хутчэй. Хутчэй. Траука дагоніць". Пасля стаў баяцца, што наступлю на змяю. Мы ж не ў Мінску, а ў Лацінскай Амерыцы. Тут, як відаць, змеі не толькі ў джунглях. У гэтым сырым, змрочным тунелі някепскае сховішча-прыстанішча для змеяў. Тут, мажліва, яны клубком ляжаць, адпачываюць, затаіўшыся.

— Хлопчыкі, я стамілася. Давайце крыху пастаім, адпачнем, — папрасіла Алеся.

— Можна, — прамовіў Максім. Мы сталі.

— Гэты Траука жывучы як кот, — кажу. — Галава разбітая, а на нас вочы вылупіў.

— Што, калі ён нас дагоніць? — падала голас Алеся.

— Не. З разбітай галавой па тунелі не палезеш, — упэўнена сказаў Максім.

Мы ўжо колькі прайшлі, а канца-краю не відаць. Уваход ёсць, а выхада, мажліва, няма. Шанцуе нам.

— А ведаеце, хто той, у масцы? — прамовіла Алеся. Я натапырыў вушы.

— Хто?

— Санча.

— Ён, — падтрымаў Алесю Максім.

Не толькі мне. але і ім здалося, што голас Страхалюда на голас Санча падобны.

— Не, — сказаў я. — Санча рэвальвера не носіць. У яго…

— Кхе! Кхе! — пачулася ў тунелі.

— Траука! — прарэзліва, нібы перапалоханае птушанё, усклікнула Алеся.

Мы пабеглі па тунелі. Наперадзе пасвятлела. Значыць, непадалёку выхад. Там павінны быць людзі. Значыць, выратуемся.

Алеся ойкнула і прысела.

— Максім! — крыкнуў я. Максім стаў.

— Чаго?

— Нагу падвярнула. Не магу бегчы, — прастагнала Алеся.

Яшчэ адна бяда на нас звалілася. Вядома, мы не пакінем Алесю адну. Але ж што рабіць?

Я зірнуў уперад і ўбачыў у сценах з двух бакоў нейкія вузкія праёмы, падобныя на ўваходы ў манастырскія кельі. Што ж там?

— Максім, бачыш праёмы? — гукнуў я. Максім зазірнуў у бліжэйшы ад яго.

— Тут пакой. А цё-о-мны!

Ззаду: туп-туп-туп… Вядома, хто тупае. Траука. З Алесяй не паспеем уцячы, калі нават на плячах яе панясем.

— Давайце ў гэтым пакоі схаваемся, — махнуў рукою Максім.

З тунеля на… дрэва

Мы прытуліліся да сцяны.

— Навошта мы адпачывалі? — уздыхнула Алеся.

Сапраўды, даадпачываліся. Калі б не стаялі ў тунелі, то цяпер тут не хаваліся б. Мае выхад тунель. Нездарма пасвятлела. Стаялі… Адпачывалі… Хіба ведалі, што Траука так хутка ачухаецца, што пойдзе за намі? А можа, гэта не ён? Можа, хто-небудзь іншы?

— Кхе, кхе, — пачулася зноў.

Зусім побач няўпэўненыя крокі. Так ступаюць, калі ідуць вобмацкам, спатыкаючыся.

Мы сцішыліся. Крокі ўсё бліжэй, бліжэй.

— Тут яны. Чую. Чалавечынкай пахне.

Дык ён не толькі прыслухоўваецца, але і прынюхваецца! Няўжо знюхае, дзе мы?

— Пахне чалавечынкай. Смачна пахне. А можа, яны ўцяклі, дух пасля сябе пакінулі? Усё роўна знайду, даганю. Нядаўна прабягалі. Дух пакінулі. Кхе, — і Траука, спатыкаючыся, павалокся далей.

Ягоныя крокі неўзабаве заціхлі ўдалечыні. Мы нейкі час стаялі, прыслухоўваючыся, а пасля я выдыхнуў:

— Шкада, што якой-небудзь сеткі няма. Накінулі б вампіру на галаву і няхай трапятаўся б, як шчупак.

— Ён і сетку перагрыз бы, — уздыхнула Алеся.

— Што мы яму зробім? — сказаў Максім.

І праўда, што? Хоць ён ростам з карліка, але дужы, як вол. Яго нават Страхалюд ледзь перамог.

— Э-хе-хе-э… — паціху ўздыхнуў я.

— Антось, чаго ты? — пацікавіўся Максім. Я, каб толькі не маўчаць, сказаў:

— У Траука нюх як у сабакі.

— Хлопчыкі, а мне нага не так ужо баліць! — усклікнула Алеся.

— Можаш ісці? — узрадаваўся Максім.

— Магу!

Алеся можа ісці! Дык па тунелі можна вярнуцца ў сутарэнне. А з сутарэння выйдзем на двор. Няхай вампір лазіць тут, няхай нюхае, прыслухоўваецца.

— Максім, давай у сутарэнне, — ледзь стрымліваючы хваляванне, прагаварыў я.

Максім выглянуў з пакоя і адразу ж падаўся назад.

— Што там? — не стрываў я.

— Траука цягнецца.

— Кхе-кхе, — пачулася знаёмае.

Бач ты. Траука ступае ціха, асцярожна. Спадзяецца, што вылезем, што самі трапім у ягоныя рукі. Палюе за намі, што воўк.

Прайшоў, мінуў наш пакой. Вось каб далей пацягнуўся! Не. Стаў. Відаць, прыслухоўваецца, нюхае.

— Дзе ж яны? Пахне челавечынкай! Ох як пахне! — хрыпла прамовіў Траука. — Недзе тут, тут яны сядзяць. Пахне-э…

Зразумела, чаму вампір падаў голас. Ведае, што пачуем. Думае, што выскачым. Страх наганяе. Спадзяецца, што нервы слабыя.

— Сядзяць. Тут сядзяць. Зараз… Зараз вывалаку. З маіх кіпцюроў вам не вырвацца.

Я намацаў у цемры Алесіну руку, узяўся за яе. На руцэ трымціць, часта-часта б'ецца, пульсуе жылачка. Што ж рабіць? А калі крыкнуць: "Мы тут!" Няхай лезе. Будзем біцца.