— Няма яго. Злазьце. Годзе ў цяньку адпачываць. — Я, насвістваючы, адышоўся ад дрэва, сцёбнуў кіем па траве.
Неспакойна, трывожна на душы. Ды позна адступаць.
— Злазьце!
— Што рабіць? — запытала Алеся ў Максіма.
— Будзем злазіць, — уздыхнуў Максім.
— Максім, можа, ссадзіць цябе? — гучна сказаў я. Яны злезлі — спачатку Максім, потым Алеся — і падышлі да мяне. Стала крыху весялей.
— Няма яго. А вы баяліся, — кажу.
— Я тут! — пачулася раптам. З люка высунуўся Траука.
Зноў з Анту
— Хлопчыкі, уцякайма! — залямантавала Алеся і прыпусцілася да піраміды.
Мы з Максімам — за ёю. Канешне, маглі б на дрэва залезці, паспелі б. Але разгубіліся ад неспадзеўкі. Думалі, што вампір у тунелі, а ён каля люка сядзеў, падслухоўваў, чакаў, пакуль усе з дрэва злезем. Абвёў вакол пальца. Нездарма было трывожна на душы.
Мяне зноў працяло страхам. Я нават кій убок шпурнуў. Зусім забыўся, што і кіем можна бараніцца, што кій — першая зброя нашых прашчураў.
Падняўшыся па прыступках, мы праз уваход забеглі ў піраміду. Цемра, як у тунелі.
— Трэба ўзяцца за рукі, бо згубімся ў цемры, — сказаў Максім.
Узяўшыся за рукі, мы пасунуліся кудысьці ўперад, пралезлі праз нейкі вузкі лабірынт і сталі, аслепленыя святлом. Перад намі была невялікая зала. Сцены, столь, гладкія каменныя пліты пад нагамі — усё чырвонае, няйначай, як пафарбаванае. Зверху льецца святло, а вакол усё чырвонае. Белае і чырвонае…
Мы стаялі, быццам загіпнатызаваныя. Куды ж цяпер? Туды, да святла, ці, можа, назад, у цемру?
— Ён блізка, — прамовіла Алеся. — Чаго стаім?
— Ха-ха-ха… — пачулася ззаду.
Мы кінуліся ўперад, мінулі залу і зноў сталі бы ўкопаныя, бо ў сцяне адчыніліся нябачныя дзверы, і выйшаў Санча. Той самы добры Санча, які паказваў, як ягоны папугай катаецца на водных лыжах.
— А-а, знаёмыя! — усміхнуўся Санча.
— Вы… Мы… — пачаў я.
— Як вы сюды трапілі? — перапыніў мяне Санча. Я пераступіў з нагі на нагу.
— Нас вампір даганяе.
— Дык ён не здох? — са злосцю прамовіў Санча. Чаму ж так кажа? Ён жа не бачыў, як Страхалюд стукнуў вампіра ручкай рэвальвера па галаве. А можа, Страхалюд пахваліўся ў горадзе, што забіў вампіра? Але ж тады гараджане рынуліся б у тое сутарэнне, каб паглядзець на Траука. Штосьці тут не так.
Я зірнуў на Максіма і Алесю. Стаяць павесіўшы насы. Няўжо Санча той самы бандыт, які хацеў забіць Траука? Калі так, то трапілі з агню ды ў полымя.
— Ха-ха-ха… — зноў пачулася ззаду. Я азірнуўся і ўбачыў Траука. Стаіць, выцягнуўшы рукі. У вачах галодны бляск. Вось-вось накінецца на нас.
— Э-э… — экнуў я, адступаючыся назад. Траука страсянуў галавою.
— Санча, аддай іх мне.
Ведае вампір, як зваць Санча. Выходзіць, разам былі ў сутарэнні. Ну й Санча! Паказваў, як папугай катаецца на водных лыжах. Расказваў, як вампіра злавіў. Пускаў туман у вочы. І Анту, і нам, і гараджанам. Баяў баечкі, а сам думаў, як банк абрабаваць. У пірамідзе знайшоў сховішча. Відаць, тут не адзін. Дзесьці паблізу сядзяць гэткія ж, як і ён.
— Санча, аддай іх мне. Яны бачылі нас у сутарэнні. Яны хаваліся там. Усё чулі. Аддай.
— Кайман! Металіст! — гучна сказаў Санча.
З пакоя, з якога выйшаў Санча, выскачылі два барадатыя мужчыны. Адзін з іх трымаў у руках бізун, а другі быў увесь абвешаны зброяй: на грудзях аўтамат, на поясе дзве кабуры, з якіх вытыркаліся ручкі рэвальвераў.
Абвешаны зброяй наставіў аўтамат на Алесю і глуха прамовіў:
— Пуф!
Алеся адхіснулася, а ён, задаволены, зарагатаў.
"Ягоная клічка Металіст, — здагадаўся я. — Металістам назвалі не таму, што любіць такую музыку: зброю ён любіць. Нездарма ў яго і аўтамат, і рэвальверы. А другі, канешне, Кайман. У Амерыцы кракадзілаў называюць кайманамі. Напэўна, ён сапраўдны кракадзіл. Вось з кім мы сустрэліся. Не ведалі, што тут бандыты сваё гняздо звілі. Цяпер не вырвемся".
— Санча, што загадаеш? — запытаў Кайман. Санча тыцнуў пальцам, паказваючы на Траука.
— Прынясі наморднік. Гэтаму адзенеш. У яго джала змяінае.
Вампіра аж перакасіла.
— Не буду хадзіць у намордніку! Металіст наставіў на яго аўтамат.
— Стой, бо кульку ў лоб пушчу.
— Кайф, прынясі наморднік, — гукнуў Кайман.
З пакоя выйшаў худы, доўгі, што жэрдка, бандыт. У руках ён трымаў наморднік, падобны на сабачы.
— Морду настаўляй! — Кайф схапіў вампіра за бараду, прыўзняў галаву, адзеў наморднік, ззаду павесіў невялікі блішчасты замок, шчоўкнуў ключом.
— Ён цяпер не будзе кусацца.
— Калі не супакоіцца, я яго кулькаю застрэлю. Гы-гы, — гыгыкнуў Металіст.
Траука стаяў, сагнуўшыся. Цяпер, у намордніку, ён быў падобны на нейкую няшчасную дагістарычную істоту, якую выкапалі з заледзянелай зямлі, каб паказаць людзям. Санча зірнуў на Металіста і Каймана.
— Вядзіце яго ў машыну. Чакайце мяне там. Металіст і Кайман штурхнулі вампіра, павялі.
"У бандытаў ёсць машына, — падумаў я. — Спярша хацелі банк абрабаваць. Якія ж цяпер у іх планы?"
— Гэтых у расход? — перапыніў мае думкі Кайф. Няўжо нас застрэляць? Папрасіць Санча, каб адпусціў?
Такі толькі на той свет адпусціць. А здавалася, што добры…
— Пакуль не, — сказаў Санча. — Вядзі ў пакой.
У пакоі, у які прывялі нас Санча і Кайф, стаялі яшчэ два бандыты. У кожнага аўтамат. Адзін пабрыты нагала, а другі кучаравы. Абодва маладыя, шыракаплечыя.
Але я глядзеў не на іх. Я глядзеў… на Анту, які, выцягнуўшы ногі, сядзеў у куце. На руках у Анту былі наручнікі. Думалі, што Анту ў горадзе, што шукае нас. А ён тут. Як відаць, і яго схапілі. Звяла нас дарога.
Анту, убачыўшы нас, памкнуўся, каб устаць. Пабрыты піхнуў яго нагою.
— Сядзі!
— Піучэн, усё роўна індзеец не пагаджаецца? — запытаў Санча.
— Не. На сваім стаіць, — глуха прагаварыў пабрыты. Ягоная клічка Піучэн. Што ж яна азначае? Піучэн… Не памятаю, як на нашу мову перакладаецца гэтае слова.
— Санча, я яго крыху паказычу, — прамовіў кучаравы.
— Чон-чон, не трэба.
Мянушка кучаравага бандыта Чон-чон. На кітайскае імя падобная. Чаму ўсе яны такія лютыя? Аднаму карціць кулькай прастрэліць, другі бізун з рук не выпускае, трэці глядзіць рыбінымі вачыма, нібы павінны яму што-небудзь, чацвёртаму карціць паказытаць, пятаму… Усе яны як адзін. Аднаго балота чэрці.
— Я чорт! Я чорт! — неспадзявана ўсклікнуў Кайф, узняўшы ўгору рукі.
— Ён чорт? — вырвалася ў Алесі.
Не ведаю, ці сапраўды ёй здалося, што Кайф чорт, а не чалавек. Што ж, мы быццам да чарцей у пекла трапілі. Кайф ірвануўся, пабег, наляцеў на сцяну.
— Я чорт!
Санча схапіў яго за грудзі.
— Зноў наглытаўся?
— Я чорт, — прабубніў Кайф.
— Наркотыкаў наглытаўся?
— Я чорт.
Вось чаму яму далі клічку Кайф. Ен наркаман! Таму і вочы мутныя, рыбіныя. Санча страсянуў Кайфа.
— Каму казаў, каб выкінуў наркотыкі? А Кайф, што папугай, зноў прабубніў:
— Я чорт.
Санча адштурхнуў Кайфа ад сябе.
— Чон-чон, завядзі гэтага дурня ў машыну. Пасля разбяруся з ім.
Чон-чон узяў Кайфа за плячо, выпхнуў з пакоя. Мы моўчкі стаялі, а дзесьці там, у пірамідзе, раз-пораз усё чулася: "Я чорт! Я чорт!"
Вампір дапамагае
Санча падышоў да Анту.
— Пакажаш дарогу да твайго племені?
— Не, — сказаў Анту.