Выбрать главу

— Нядобрыя прыкметы, дзіця маё? — запытаўся ён, не чакаючы тлумачэнняў. — Я буду маліцца Ашвінам, каб яны перанеслі цябе праз нягоды.

Яна кіўнула галавой і, падышоўшы, пацалавала ягоную руку, як заўсёды адчуваючы пры ім прысутнасць яшчэ кагосьці, нібыта сапраўды багі ці нехта з іх апякаў вярхоўнага жраца, не бачны нікому, апроч яго самога. Святазар пачакаў, пакуль Юрна ў спецыяльна для Жывены адведзеным пакойчыку не пераапране сваю паненку ў доўгую льняную кашулю, а пасля разам з імі выйшаў з ніжняга храма, старанна зачыніўшы дзверы, каваныя ўзорыстым жалезам, сваім ключом. Так павялося яшчэ пры ранейшым вярхоўным жрацы, калі аднойчы цікаўны служка, што парушыў запавет і зазірнуў у святая святых храма, памёр пакутлівай смерцю.

Калі яны накіраваліся да ўсходняй брамы, да іх наблізіўся Яр. У прыгаршчах ён трымаў вогненныя аскабалкі граната, і было падобна да таго, што ён нясе распаленае вуголле.

— Можа, упрыгожыць імі калясніцу ў храме? — запытаўся ён. — Там справа як бы не хапае ўзораў…

Святазар запытальна паглядзеў на Жывену, дакрануўся да зіхоткіх крышталікаў.

— Падарунак даваўся з пяшчотай, але цяпер ён напоўнены крыўдай і гневам, — яго словы прашалясцелі, як зямля, што асыпаецца пад рыдлёўкай. — Аднясі іх далёка ў лес, і каб побач не праходзіла ані сцяжынкі, ані дарожкі. Ты нарадзіла гнеў, - дакрануўся ён да пляча маладой жрыцы, — а гэта нядобра. І так усе тыя, каго багі заклікалі дапамагаць ім, мы, хто прыйшоў служыць светлым сілам, не паспяваем абясшкоджваць усю тую атруту і чарноцце, якія насылаюць адзін на аднаго людзі.

— Але, мудры Святазар, — з адчаем загаварыла Жывена, — я прасіла яго аддаць гэты дар Аўшры, а ён адмовіўся. Ён ненавідзіць нашых багоў і яе, багіню ранішняй зары і прыгажосці, дачку Сонца і Агню!

— Адкрытае сэрца, каму б яно ні адкрывалася, нельга зневажаць. Трэба было падзякаваць і прыняць. Ты магла б пасля аддаць камень у храм. А ён паехаў бы ў свой край суцішаны. Цяпер жа Зло стала працаваць, і толькі багі ведаюць яго шляхі.

Яны ўжо выйшлі да Менцязі. Таямніча-глыбокае, атуленае агромністымі дубамі і ялінамі, возера пералівалася пад ранішнім, ужо гарачым сонцам безліччу лускавінак, якія здаваліся жывымі.

— Яны жывыя, — нібы адказаў на думкі дзяўчыны стары жрэц. — Ты ж гэта ведаеш. У свеце няма нічога мёртвага. Што ж… Ты пагавары з імі. А я адпачну, шчурачка* ты мая…

* Ласкавае ад назвы бога Чура. Тут у значэнні — нашчадак.

Яр, што нячутна ступаў ззаду, падхапіў Святазара пад локаць і беражліва павёў да асобнай святліцы, якая ўся, з ганка да даху, глядзела ў возера вачыма дзіўных звяроў і птушак, драўляныя выявы якіх пацьмянелі ад дажджоў і шматгадовых зімаў, але затое набылі ў сабе нешта як бы жывое. Істр не раз казаў, што не здзівіцца, калі якое-небудзь стварэнне сыдзе з бэлькі і ашчэрыцца на непаслухмянага…

Жывена трохі пастаяла на беразе, стараючыся, каб неспакойны яе дух злавіў тое рытмічнае трапятанне, якім жыве возера (як, зрэшты, і любое дрэва, і нават камень), каб увайсці ў яго і тым памагчы сабе зноў набыць сваю звычайную ціхамірнасць. Ды ўсхваляванасць ад сённяшніх падзей была мацнейшаю. Яна пайшла да сябе ў тым жа гарача-ўзрушлівым настроі, які не адпускаў пасля сустрэчы з Райнерам, і, лежачы на ложку, сярод белых фіранак, што ўздымаліся ветразямі бачаных ёю толькі ў кнігах лодзій, успамінала сваё кароткае шаснаццацігадовае жыццё і людзей, што ўваходзілі ў яго то светла і радасна, то трывожна і загадкава… Яна зазірала і ў сваё пераджыццё, думаючы аб тых, чыя кроў пульсавала ў ейным юным целе і чые лёсы так ці іначай клаліся рознакаляровымі метамі на яе жыццё.

Стары Святазар таксама думаў пра яе. Але ён ведаў болей і болей бачыў у мінулым, чым іншыя. Таму, праз стому і боль у бязважкім, як асенняе лісце, целе, ён убачыў такі ж бязмерна-светлы і калыхлівы, як Менцязь у берагах, дзень, калі на гадавое свята Ашвінаў прыехаў у храм літоўскі князь Міндоўг. Ён любіў прыязджаць у Новагародскае княства, таму што тут заўсёды сустракаў прыязнасць, якою абдзялялі яго родзічы ў Дайнове, Нальшчанах, Дзяволтве дый іншых суседніх княствах, баючыся там узвышэння гэтага баявітага, натапырлівага і ўпартага валадара Руты. Святазар ведаў, што адной з першых жонак гэтага язычніка была хрысціянская князёўна аднекуль з Цверы, чаму яму і давярала новагародскае баярства. Аднак ведаў ён і тое, што Міндоўг моцна верыць старым багам і стараецца ўсюды, дзе бывае, прыйсці на пакланенне ці то багіні кахання Мілдзе, ці Перуну, ці ўсім тым больш-менш значным багам, якія альбо дапамагаюць, альбо перашкаджаюць чалавеку: Ненадзею і Целявелю, Лайме альбо Цёці, а яшчэ — стыхіям вады і зямлі, лесу і перакрыжаванняў. Любіў ён і гаданні, таму пры двары часта бывалі то заклінальнікі змеяў, то жрацы-гадальнікі па печані барана, па птушках і звярах, па дыме свечкі і па вадзе. Таму прыняў Святазар князя з вялікай пашанай, аднак багі ў той дзень маўчалі і не азваліся на просьбы жрацоў. Міндоўг, азмрочаны іх няміласцю, можа, і з'ехаў бы з Храмавага горада, каб не прыгледзеў тут прыгажуню — жрыцу.