Выбрать главу

Рысы яе, дый і імя, амаль сцерліся з памяці Святазара, аднак у гэтую ноч ён успомніў яе так ясна, нібыта ўсё гэта было не семнаццаць гадоў таму, а ўчора. І, лежачы, ён раптоўна нібы скочыў у той час, тыя хвіліны і ўвачавідкі ўбачыў, як усё адбывалася…

Жрыца стаяла перад Міндоўгам, абрысы яе гарачага, моцнага цела трапяталі ў зыркім, ярасным агні кастрышча, раскладзенага непадалёку ад возера. Сквірчэла, дымілася туша дзіка, упаляванага пад вечар, кроплі тлушчу падалі ўніз бліскучымі дымлівымі струменьчыкамі, і яліны нібы адмахваліся ад іх, калыхліва гайдаючыся паабапал вогнішча.

— Святазар прыслаў табе зёлкі, якія ты прасіў, - дзяўчына працягнула яму палатняны мяшэчак, Міндоўг махнуў грыдню, каб той прыняў яго. Сам жа прагна ўглядаўся ў вабны твар, на якім выдзяляліся пульхныя вішнёвыя вусны.

— Падыдзі бліжэй, не бойся.

Жрыца сарамліва зірнула на яго і тут жа адвяла вочы. Яе нястрымна цягнула да гэтага грубага, як каменны ідал, мужчыны, ад якога пахла крывавымі вантробамі толькі што растрыбушанага дзіка. Слава ўдачлівага воя суправаджала яго ўжо многія гады, яшчэ дзяўчынкай чула яна сказы-пераказы пра ягоныя перамогі над тэўтонамі, палякамі ды яцвягамі, і, як дзяўчынка, трапятала перад ім.

— Я не баюся.

— А сама дрыжыш! Гэта табе стары Святазар загадаў, каб ты адразу назад ішла?

Яна кіўнула, а ён ужо схапіў яе за локаць магутнай далонню. Усадзіў каля вогнішча амаль сілком.

— Зараз павячэраем і пойдзеш.

Яна адмаўлялася, але ён наліў ёй моцнай медавухі. Угаварыў выпіць глыток, пасля яшчэ і ўсё кранаўся яе гэтымі моцнымі, шурпатымі, як яловая кара, далонямі, сціскаў, спачатку лёгенька, пасля ўсё мацней і гарачэй яе плечы, пасля сцёгны… некуды зніклі слугі-воі, нахіліліся над ёю і схавалі ад усяго свету яліны… Ад усяго свету, ад Святазара…

— Вярхоўны жрэц заб'е мяне! — тузалася яна, каб устаць, а ён смяяўся і, агладжваючы яе, як наравістую кабылку, прыгаворваў:

— Нашто ж пасылаў цябе вярхоўны жрэц сюды? Ён ведае, што я люблю прыгожых.

— Ты папрасіў…

— Мала што я прашу!

— Але ж ты князь…

— Я найперш мужчына. І ён ведаў, што ты зачаравала мяне, нібы берагіня. А ты такая ж, як яны… белая, празрыстая, мяккая…

Ён шаптаў, нібы трызніў, і яна забылася на ўсё, гайдаючыся ў яго рытме, рытме шалёным, як біццё сэрца ў разгарачанага паляваннем драпежніка… і на кароткае імгненне, калі яна яшчэ раз паспрабавала вырвацца, увачавідкі ўбачыла, што іскрынкі ад вогнішча нібы ператварыліся ў белыя пёркі, нібы коршун ірваў галубку, і гэтай галубкай была яна.

Святазару, што выклікаў гэтую карціну з мінулага, памроілася таксама: белае пёрка закружылася над мужчынам і жанчынай, нейчая душа прагне ўвасобіцца ў жывую плоць быцця і пачаць сваё існаванне на зямлі. І ён адчуў радасць, смутак і палынны прысмак віны адначасна. Радасць і смутак былі ад таго, што бясконца, з веку ў век, наканавана чалавеку нараджацца, паміраць і зноўку ўваскрасаць у бліскавічна-хуткім коле, што не спыняецца ні на імгненне. Віна ж ягоная была перад маладой жанчынаю, якую ён сапраўды згадзіўся паслаць да слодычалюбнага князя з зёлкамі. Думалася — а раптам назаўжды прывяжа да сябе маладая жрыца гэтага воя і ўладара і, стаўшы княгіняй, дапаможа храму і язычніцтву ў краі. Міндоўг страціў жонку-хрысціянку з Цверы, і яму патрэбная была б такая, якая не забывае старых багоў. Але не атрымалася нічога з ягонага жадання: хутка пачалася нейкая вайсковая звада ці то з палачанамі, ці то з пляменнікамі Міндоўга, і ён болей не зазіраў у храм. А пасля нарадзілася Жывена, а маці яе памерла пры родах, нібыта выканаўшы свой зямны абавязак.

На пахавальным кастрышчы ён, вярхоўны жрэц, адчуваў, што паліць разам з целам жанчыны і сваю ганьбу, хавае яе ў нетрах памяці і часу. Аднак і цяпер, кожны раз, калі глядзеў на Жывену, успамінаў, як маці яе прымала ад яго лекі, а вочы глядзелі даверліва-радасна, бязмерна аддана; яму, старому і мудраму настаўніку, яна, мабыць гэтак жа пакорліва падставіла б і горла… яно, помніцца, было дрыготка-белае, як у толькі што народжанага ягняці.