Зарубка на свяшчэнным дубе; страла ў драўляных грудзях Перуна; незгаральны касмыль лёну на кастрышчы — вось чым была для яго гэтая гісторыя. А ўсю яе ведалі толькі звяздар Вакула ды Сава, але апошняя, відаць, забылася на яе. Як забываецца часам, на якім яна свеце… А Вакула вылічыў па зорках, што набліжэнне да князя Міндоўга стане для дзяўчынкі пагібельным. Аднак хіба могуць слабыя, як саломінкі на ветры, людзі затрымаць ход зорак альбо магутную навальніцу жыцця? Калі, вярнуўшыся з паломніцтва да Афона, прыехаў у храм знатны баярын Агапій, каб пабачыцца з дачкою, і даведаўся аб усім, адно схаваў ад яго Святазар — імя бацькі. Сказаў толькі, што ў свяшчэнную купальскую ноч панесла маладая жрыца, і, хутчэй за ўсё, дапамаглі ёй у тым багі. І папярэдзіў, што прынясе ягонай унучцы пагібель літоўскі князь.
І хто мог тады прадбачыць, што Міндоўг стане хрысціянінам і прыедзе ў Навагародак, дзе адным з самых магутных баяр будзе якраз Агапій? Агапій, які палюбіў унучку і бясконца браў яе з храма да сябе, каб яна разам з ягонай дачкой вучылася ў настаўніка-грэка? І стары жрэц думаў пра тыя часы, калі ён разам з бацькам Агапія пачынаў служэнне ў храме Ашвінаў, і стараўся ўбачыць тыя непрыкметныя на першы погляд падзеі, якія завязваюцца вузламі для наступных пакаленняў і заўсёды маюць не толькі прычыну, але і следства…
Можа, таму што пра яе ў гэтую ноч думаў стары Святазар, начныя роздумы і трызненні юнай Жывены былі надзвычай яркія і аб'ёмныя, нібыта яна бачыла іх праз павелічальнае шкло, якое толькі падчас самых вялікіх і складаных абрадаў даставаў з патаемных глыбінь храма вярхоўны жрэц.
Вераснёўскім днём 1246 года, калі маленькая Жывена ўслед за жрацамі толькі паспела даспяваць урачысты гімн Аўшры, служка Яр узяў яе ў прыхапак і знёс з каменнай вежы, каб пасля пасадзіць у вазок, дзе чакаў дзяўчынку стольнік Нар, спецыяльна пасланы сваім гаспадаром, баярынам Агапіем. Разгрузіўшы вазок з дарагімі падарункамі — кавалкам парчы, сасудамі з бабровым струменем і ружавым маслам, грабянцамі з самшыту, якімі прычэсвалі ільняныя пасмы багіням Аўшры і Мокашы, Нар хацеў быў ехаць назад, але нечакана напала на яго трасца, якую ўдалося выгнаць толькі пасля апоўначы. І цяпер ён спяшаўся — накрыў чатырохгадовую Жывену футрам, абцягнутым шаўковай тканінай, каб, не дай Пярун, не прахапілі б яе ні Трасца, ні Ліхаманка, ні Начніцы, якія, пэўна, не ўсе ўцяклі яшчэ ў свае лясныя бярлогі.
Як ні борзда ўздымаў ранішні пыл сыты баярскі конь, аднак сонца добра набрала сілу, калі ўязджаў вазок у Новагародак, і стольнік вырашыў кіраваць адразу да старажытнай царквы Барыса і Глеба. Там павіна была вось-вось пачынацца падзея, якою жыў сёння ўвесь горад, дый, бадай што, і ўсё Новагародскае княства: хрышчэнне новага вялікага князя Міндоўга з сям'ёй і многімі ягонымі знатнымі людзьмі. Але праехаць да самой царквы стольніку не ўдалося. Таму, адпусціўшы кучара, ён узяў за руку маленькую Жывену і, з праклёнамі і пагрозамі расчышчаючы шлях, прабраўся нарэшце да самой храміны, спецыяльна пабеленай да ўрачыстасці.
Агапій, высокі, плячысты, узвышаўся над субяседнікамі, сярод якіх стольнік убачыў дзьмухаўцова-белага старца Давілу, родзіча памёршага князя Ізяслава, які гадоў з дваццаць нікуды не выходзіў, а таксама многіх славутых людзей новагародскіх, апранутых па-святочнаму: у кашулі з атласу чырвонага, сіняга, зялёнага колеру, высокія шапкі, аблямаваныя футрам; і на кожным было то асляпляльна-бліскучае, то высакародна-матавае багатае карзно-плашч, што замацоўваецца на плячы сярэбранай ці бронзавай фібулай. Палюбаваўшыся на плашчы і зайздросна ўздыхнуўшы, Нар перадаў Агапію ўнучку, але той уладна махнуў рукой, і тут жа падбегла да яго дачка Апфія і адвяла дзяўчынку да купкі знатных жанчын Новагародка, што таксама стаялі непадалёк. Стольнік толькі пакруціў галавой, агледзеўшы баярынь: парчовыя і шаўковыя хітоны, упрыгожаныя залатой тасьмой, паласой з жэмчугу ці проста абшытыя каштоўнымі камянямі, што яны пераліваліся на сукнях, як кропелькі ранішняй расы. Кароткія каптанчыкі, таксама падбітыя футрам, альбо накідкі — футры былі самых наймодных колераў, гэтак жа як і павоі на жаночых галоўках, і вяночкі, і бісерныя павязкі. І трымаліся жанчыны ганарліва, з годнасцю, як і належала тое жыхаркам багатага прыгожага горада, што вёў гандаль з самой Візантыяй і далёкімі ўсходнімі гарадамі.
— Кажуць, Міндоўг сам аглядаў кожнага са сваіх вояў, каб не з'явіўся каторы на хрышчэнне са звярыным лобам аблупленым* заместа шапкі, - казалі між сабой жанчыны, мужчыны ж болей гаварылі пра тое, ці прынясе карысць новагародцам укняжаванне чужога, не спадчыннага князя.