Выбрать главу

- І ты будзеш гарэць у агні вечным, ідалапаклонніца!

Абураны натоўп зноў зароў. Святазар вагаўся. Жывена адна стаяла перад раз'ятранымі людзьмі, і здавалася, што вось-вось абрынуцца яны і на яе. Сутарга прайшла па старэчым твары. Падняўшы руку, ён зашапацеў ледзь чутна, але людзі тут жа змоўклі — не адно тутэйшае пакаленне вырасла пры ім, так што самыя старыя дзяды памяталі яго маладым.

- Іншыя цяпер часы, і не след нам гнявіць Новагародак. Мы і так ледзь упрасілі караля дазволіць нам аднаўляць храм. І па дапамогу прыйшлі да вас, паклоннікі Ашвінаў — ці зможам мы зрабіць гэта разам з вамі? Трэба ўзяцца за працу неадкладна.

Маўчанне запанавала вакол. Выразна бачыла дзяўчына ў вачах навакольных нямое пытанне, якое нясмела выказала старая, закарэлая ад цяжкай працы кабета:

— Хутка сеяць…

— Калі не пачнём зараз, заўтра можам спазніцца! — заторгаўся Відэвут.

— Храм не адновіцца! — паспешліва загаварылі жрацы разам. Але натоўп маўчаў.

Нарэшце, разважліва, як раздумваючы, прамовіў грабар Алекса:

— Кажуць, пачнецца новы паход. А тады нават і за грошы злыдуха толькі і дастанеш. Не ўжо — тое, што паклаў у клець, тое і пракорміць. Прыйдзецца чакаць да восені…

— Восенню могуць быць іншыя варункі — Міндоўг пойдзе ў паход, на стол сядзе Войшалк. Трэба зараз жа, сёння пачынаць! — настойліва звярнуўся да ўсіх Святазар. Але людзі хілілі галовы, і толькі тры маладыя, моцныя мужчыны згадзіліся ісці заўтра ў лес — валіць дрэвы.

Жрацы вярталіся ў Новагародак прыгнечанымі, у Відэвута разбалелася спіна, ён глуха стагнаў нават пасля таго, як Святазар даў яму колькі драбінак заспакаяльнага опію. Дарога назад здалася асабліва траскай, а наваколле — непрыветным і нават варожым.

— А мы ж яшчэ нават хітраца* не падабралі, які б хаця малюнак храма зрабіў і разлікі ўчыніў! — усклікнуў Святазар.

* Так называўся ў старажытнасці архітэктар.

Яны пераглянуліся. Сапраўды, толькі цяпер нібы адплюшчыліся вочы: хаця кожны мог намаляваць храм, але ж давядзецца яшчэ вылічваць прапорцыі, кіраваць работамі, наладжваць падвоз лесу і цэглы. А дзе ўзяць дубовае бярвенне? Міндоўг нядаўна загадаў лічыць дубы свяшчэннымі, і за кожнае ссечанае дрэва накладаўся вялікі штраф. Значыць, трэба было, апроч ягонага слова, запасацца пергаментам-дазволам на будаўніцтва…

Звыклыя да наладжанага, уладкаванага жыцця, жрацы-мужчыны пачувалі сябе бездапаможнымі. Тое, што жыхары Менцязі адмовілі ў сваёй дапамозе — хаця б нават на нядоўгі час сяўбы і ўборкі збожжа — ашаламіла.

— Простая чадзь як была подлаю, так і застанецца назаўсёды. Колькі мы іх ратавалі, колькі начэй без сну было, калі наладжвалі маленні, і за каго — за іх жа! — ужо каля самага горада з натугай прастагнаў Відэвут. Але Святазар ціха запярэчыў:

— Дзіця маё, народ думае, як выжыць. Проста выжыць. Не кожнаму даюць багі магчымасць узняцца над жывёльнай патрэбай цела, а тыя, хто в е д а ю ц ь, павінны запасціся цярпеннем і літасцю. Нашы выпрабаванні толькі пачынаюцца…

А Жывене ён сказаў, калі яны засталіся сам-насам:

— Бачу, хрысціянская Візантыя пакінула ў табе след. Ці не так?

— А хіба і сапраўды не павінен чалавек сам выбіраць, што трэба ягонай душы?

— Толькі тады, калі дух яго абудзіцца. А іначай ён можа натварыць вялікай бяды.

— Я ніколі не вазьмуся, Настаўнік, судзіць іншага і апраўдваць ягоную смерць.

— Значыць, дзіця маё, ты не зможаш быць сапраўдным пастырам — пастухом для авечак. Пастыр павінен быць жорсткім. Кажу табе — у чалавеку столькі цёмнага, што яго трэба трымаць у абцугах!

Настаўнік і яго былая вучаніца доўга гаварылі паміж сабой, і ўпершыню не было ў іх звыклай згоды і разумення, так што ў рэшце рэшт яны ўпершыню разышліся моцна незадаволеныя адно адным.

На развітанне зноў папярэдзіў стары жрэц:

— Нас усіх чакаюць вялікія беды і горыч, і трэба гартаваць свае сілы.

Як у ваду глядзеў Святазар. Але для Жывены год 1264 быў, бадай, ледзь не такім жа горкім, як і падчас ейнага палону, нібы поўнай жменяй зноў сыпануў ёй у прыпол са свайго клада вогненнавокі, барадаты Дзедка. Ды толькі не золатам ці срэбрам, а нягодамі. Дочкі ягоныя — аднавокія малюткі, што прыкідваюцца вандроўнымі агеньчыкамі, каб збіць з тропу прахожых, — здаецца, акружылі маладую жрыцу, скакалі вакол яе, дражнячыся і падлабуньваючыся.

У месяц багіні Маі з Прагі прыехалі двое — стары сагнуты хваробай гандляр Вондржых і малады Яр, дзед і дзядзька маленькага Святазара. Не ведалі чэхі, як і чым аддзячыць Жывене, паднеслі ёй багатыя падарункі. Бясконца распытвалі прыезджыя пра дні, праведзеныя дзяўчынаю разам з Гайнай і Душанам, асабліва ж пра татарскі напад. І без гэтага пакутным стаўся б для жрыцы іхні прыезд, але цяпер, хвіліна за хвілінай аднаўляючы ў памяці тое страшнае ранне, калі апошнім намаганнем сіл і волі выцягнула яна з вогненнага калідора маленькі камячок жыцця, яна ледзь знаходзіла ў сабе сілы для раўнавагі. Але — так хочуць багі, яна не мае права не слухаць іх, не падпарадкоўвацца Наканаванню…