Нібы рвалася напалам сэрца, калі бялявы, празрыста-светлы, як пранізаны сонцам і радасцю хлопчык зірнуў на яе яснымі шэрымі вочкамі і запытаўся з адчаем:
— Дык ты мне не мама?!
— Я заўсёды буду тваёй маці, сынок. Запомні мае словы, ты зразумееш іх пазней — роднасць па духу бывае яшчэ больш моцнай, чым па крыві.
— А што такое — дух?
— Калі ты, ратуючыся, будзеш думаць не толькі пра сябе… Калі ты падзелішся апошнім кавалкам хлеба з галодным… І шмат што яшчэ… Я спадзяюся, што мы ўбачымся. Я веру, што Новагародак стане табе такім жа родным, як і ты стаў мне…
Чэхі спяшаліся ехаць, але ўсё ж пабылі некалькі дзён, каб хлопчык змог прывыкнуць да іх. Шмат расказвалі яму аб Празе, аб велічэзным замку-горадзе на гары, што цягнулася ўвысь над Влтавай, аб магутных вежах вакол Вышаграда, аб каралі Вацлаве Першым, які зрабіў Прагу магутнай і прыгожай.
— А я раскажу там пра нашага караля Міндоўга і пра наш замак на гары, — спяшаўся пахваліцца перад сваімі новымі родзічамі хлопчык, і ён то радаваўся падарожжу, то смуткаваў ад таго, што Жывена застаецца тут і не едзе з ім у цудоўны горад Прагу.
На развітанне Вондржых нізка схіліўся перад дзяўчынай:
- І ты родная нам, — слёзы напоўнілі яго вочы. — І ўвогуле — кожны народ, як краска, што цвіце на сваім уласным лузе, але ўсе народы — гэта букет у руцэ Пана Бога, нашага Творцы…
Паехалі чэхі, і засталася ў душы рана, якая торгалася і смылела, асабліва па начах. Успамінала Жывена слёзы названага сына, і рыданні, і цёплыя ручкі вакол шыі, што ніяк не хацелі расшчапіцца, і пыл, які падняўся за фурманкай, што адвозіла хлопчыка — той пыл быў горкі, уедлівы, ад яго слязіліся вочы і пасля доўга ніяк не маглі ўдыхнуць напоўніцу вечаровае паветра грудзі…
Клопаты аб будучым свяцілішчы займалі ўвесь час. Жывене ўдалося дазнацца, што багацці з храма Ашвінаў былі забраныя ў велікакняскую казну. Карцела дазнацца, што сталася з рукапісамі, якія былі схаваныя ў куфрах, акутых меддзю, і якія ў свяцілішчы кожныя паўгода павінна была правяраць Сава, — тая клала ў пакой, дзе стаялі куфры, спецыяльныя зёлкі, каб не заводзілася плесня. Але падземныя сховішчы замка былі занадта блізка да крыніц, якія шчодра бруіліся па ўсходнім схіле гары. Ці не сапсуюцца неацэнныя скарбы са свяшчэннымі тэкстамі без належнага нагляду?
Аднойчы, добра заплаціўшы галоўнаму захавальніку скарбаў Барталамею, які, рызыкуючы жыццём, выкраў ключ у соннага палаціна, яна спусцілася ў замкавае падзямелле і ў скарбніцы знайшла знаёмыя з дзяцінства рэчы. Так, яны ляжалі тут — сярэбраныя браціны для пітва, залатыя грыўны — кожная вагой каля 186 грамаў, двуручныя амфары-карчагі, якія былі і мерай ахвярапрынашэнняў, змеевікі, чары, а таксама крыштальныя шарыпацікі. Былі тут таксама і дзве пазалочаныя палкі, іх дробныя дзяленні называлі «пальцамі» альбо пазногцямі. А яшчэ ляжалі чужыя для храма рэчы, амаль закрываючы тыя, дарагія ёй прадметы, — шлемы візантыйскай работы, мячы, сякеры з інкруставанымі дзяржальнамі.
— А дзе ж кнігі і летапісы? — запыталася яна з заміраннем сэрца. — Дзе свяшчэннае вяроўчатае пісьмо?
Але захавальнік не ведаў таго. Ён згадзіўся дапамагчы Жывене яшчэ і таму, што помніў — прадзед яго быў памагатым Перуновага капішча, і што там, унізе, амаль на адным узроўні з замкавымі падзямеллямі, ляжаць маленькія берасцяныя карабкі — попел ад касцей ягоных продкаў. Але калі дзяўчына задоўга, на ягоную думку, затрымалася ля груды храмавага багацця, ён нецярпліва патрабаваў:
— Калі хочаш яшчэ нешта паглядзець — даплаці.
Яна дала яму яшчэ манету, і ён змоўк, чакаў, пакуль яна пройдзецца па ўсім сховішчы, шукаючы кнігі. Іх не было, але, прыстасаваўшыся да цемры, якая пагражала згасіць кволае святло смаляка, дзяўчына знайшла нарэшце вузкі сярэбраны гляк з вузялковым пісьмом. Выцягнуўшы тонкую вяроўку і звыкла абмацаўшы яе, яна зразумела, што большая частка вяроўкі згніла тут, у сырым падзямеллі, бо гляк не быў шчыльна закупораны, як рабілі тое ў капішчы.
Ключнік пільна сачыў за ейнымі рукамі.
— Дазволь, я вазьму адсюль гэтую вяроўку, — звярнулася да яго Жывена. — Ты бачыш, серабро я пакідаю. А калі ты знойдзеш яшчэ і пергамены, ты не пашкадуеш, што дазволіў мне сюды зазірнуць. Я шчодра даплачу табе, — дадала яна хутка.