* Так апавядае летапіс пра язычнікаў-вояў Міндоўга.
Тым часам з боку замчышча пачуліся вітальныя крыкі, яны набліжаліся, і цівуны сталі вызваляць дарогу для шэсця, адпіхваючы простых людзей уніз, да падножжа ўзгорка, на якім стаяла царква, а пярэднім загадваючы стаць на калені.
Загулі доўгія жамойцкія драўляныя трубы, а таксама валынкі, затахкалі бубны; ад замка да царквы накіравалася святочнае шэсце. Наперадзе на шэрым у яблыках кані ехаў Міндоўг, побач — княгіня Мілена, за імі, насцярожана ўзіраючыся ў твары новагародцаў, воі літоўскага князя. Па тварах некаторых адчувалася, што ім моцна не хацелася ўдзельнічаць у абрадзе. Маладзейшыя ж глядзелі весела і зыркалі па баках, нібыта ўжо зараз вышуквалі тут сваю долю. Апранутыя яны былі ў большасці ў белыя льняныя кашулі з вышыўкамі, закрытымі спераду скуранымі шчытамі, у чорных альбо шэрых портках, са скуранымі ж абручамі вакол бялявых галоваў. Былі сярод іх і цёмнавалосыя — мабыць, яцвягі. Святочны аршак прыезджых выглядаў значна больш сціплым, чымся натоўп, што сустракаў іх ля царквы. Аднак сёдлы пад імі, а таксама мячы і кінжалы, што выглядалі з похваў, прымацаваных да конскіх шыяў, красамоўна сведчылі аб вайсковым шчасці і зухаватасці, і народ, спачатку нясмела, стрымана, а пасля ўсё болей гучна стаў крычаць:
— Міндоўг! Міндоўг! Люба!
Міндоўг, выставіўшы наперад плячук, трымаўся на кані ўпэўнена, але чэпкія рукі яго неспакойна перабіралі конскія павады. Трохі пасівелыя валасы з-пад шапкі, абшытай перламі, не хавалі вострых зялёных вачэй, гэтак жа як барада і вусы — няроўных белых зубоў, моцных, як у ваўка, што адкрывала, нястрымна наплываючы на ягоны твар, усмешка задаволенасці. Яму хацелася думаць аб хрышчэнні — галоўны святар Новагародскай зямлі тыдзень біўся, тлумячы сабе голаў імёнамі паганскіх багоў, якіх хацеў выгнаць з душы гэтага язычніка — але бачыліся твары родзічаў, далёкіх і блізкіх, якія думалі забраць ягоную зямлю, цешачыся надзеяй, што пасля паразы пад Амботэнам ён, Міндоўг, саслабеў і не зможа абараняцца. Зласліва думалася аб тым, як ён неўзабаве пачне рыхтаваць да вайны новагародскае войска, і тады мацнеў белы няроўны выскал усмешкі.
Княгіня Мілена таксама ўсміхалася. Але ейная ўсмешка была роўна такая, якой і належала быць усмешцы жонкі валадара: стрыманая, як бы ўзнесеная над людствам. Яе разглядалі з прагнай цікаўнасцю: дзеля гэтай жанчыны забіў Міндоўг яе мужа, булевіцкага князя Вішымунта, а таксама ягоных братоў Едывіла і Спрудэйку, якія б маглі за гэта помсціць. Разглядалі доўгую белую сукню з сярэбранымі пранізкамі, што віліся па падоле спіраллю, і тую ж спіраль на сярэбраным з ланцужкамі поясе, што шчыльна ахопліваў амаль дзявочы стан, тоўстую попельную касу, замацаваную на патыліцы шпількамі з эмалевымі галоўкамі, што выглядалі з-пад шытага срэбрам каптурыка — невысокай шапачкі з вушкамі, таксама нязвыклай для мясцовых прыгажунь. Але ні на кім не спыняліся яе вялікія блакітныя вочы, што адлівалі дзіўным адценнем, нібы і да іх таксама дадалі серабра, якога так багата было на ёй. Каля царквы да яе працягнуліся рукі знатных новагародскіх баяр, каб дапамагчы сысці з каня, але яна, спакойна абвёўшы ўсіх вачыма, працягнула рукі да невысокага сухарлявага юнака, які ехаў за ёю і Міндоўгам і, здаецца, не зважаў на яе аніякай увагі. Той, убачыўшы скіраваныя на яго вочы, сумеўся, падняў галаву і, увесь успыхнуўшы, хацеў быў адвярнуцца.
— Войшалк! — нягучна прамовіў Міндоўг.
Тады юнак, нялоўка скочыўшы з каня, прыняў княгіню, якая спакойна гэтага чакала. Кароткае імгненне здавалася, што юнак не здолее ўтрымаць маладую жанчыну і ўпадзе разам з ёю, ды баяры дапамаглі, падтрымалі абаіх. Шаленства палыхнула ў зялёных вачах Міндоўга, але не знік белы няроўны выскал усмешкі, калі, узяўшы жонку за руку, павёў яе ў царкву, куды за імі пайшлі астатнія, і амаль апошнімі ўціснуліся туды Апфія са сваёй маленькай пляменніцай ды маці яе Яўлампія, якая затрымалася, каб апырскаць сябе ружавай вадой і паправіць вялікі залаты крыж на высокіх пульхных грудзях. Аднак Апфія, гнуткая і вёрткая, як яшчарка, змагла неўзабаве праціснуцца ажно да царскай брамы, ледзь не ўпрытык з маладым княжычам Войшалкам. Яна так упарта і цікаўна сачыла за кожным ягоным рухам, што ён урэшце і сам стаў час ад часу пазіраць на незнаёмую дзяўчыну, амаль падлетка, якая трымала за руку чатырохгадовую дзяўчынку. Побач з Войшалкам стаяла ягоная сястра — худзенькая дзевяцігадовая князёўна з заплеценымі на скронях тонкімі коскамі, з прадзетымі ў валасы колцамі, у кашулі, вышытай белымі ж нітамі, упрыгожанай шыйнай грыўнай і такімі ж, падобнымі да манжэтаў, бранзалетамі, нашытымі на тканіну. Відаць, нядаўна ўзятая за жонку прыгажуня не надта песціла падчарку: тая неспакойна зіркала навокал і непрыкметна для сябе самой як бы старалася трымацца наводдаль ад княжацкай пары. Амаль прытуліўшыся да Апфіі і маленькай Жывены, яна нагадвала маленькага спалоханага звярка.