Выбрать главу

Але ключнік адмоўна трос галавой.

— Вяроўка згніла, вось паспрабуй! — пераконвала яго Жывена. Але Барталамей упёрся і гнуў сваё:

— Адкуль я ведаю, што калі дакрануся, то не ператваруся ў што-небудзь? — пужліва казаў ён. — Вы, воблакапрагоннікі, чарадзеі, усё можаце. Шкадую, што пайшоў з табою. А калі яшчэ дазнаюцца, што адсюль нешта вынеслі?!

— Яна згніе, і ніхто ні пра што не дазнаецца! — нарэшце пераканала яго жрыца. Пераканала не толькі словам — палахліва, але прагавіта схаваў той у свой капшук яшчэ колькі манет.

Адыходзячы, Жывена азірнулася і ўбачыла, як здзекліва-радасна зіркае на яе з груды залатых і сярэбраных рэчаў чырванавокі Дзедка, які паспеў тут, бачна па ўсім, пасяліцца і нават абжыцца. Ведала Жывена, што прагна смокча, як расу, усё, што наслаілася на каштоўнасцях — нянавісць, хцівасць, пажадлівасць, — гэты захавальнік кладаў, што селіцца ён там, дзе іх найболей. Невыказна шкада ёй было чыстых некалі рэчаў, якія служылі святыням, а цяпер будуць пераплаўленыя ў манеты альбо брускі.

Яна дакорліва паківала Дзедку галавой. Убачыўшы тое, спалохана перахрысціўся Барталамей. Нешта яна там заўважыла — але не дай Божа і Пярун убачыць гэта яму, простаму чалавеку! Страшныя падземныя духі, а калі ўсядуцца на шыю — так і загіне чалавек, і ніхто яму не дапаможа!

Жывена прынесла выратаваны ёю жмут вяроўчын у дом, але не дужа ўзрадаваўся яму Відэвут.

Забыўся ён на многае, а аднаўляць у памяці не хацеў. А можа, ужо і не мог.

Маці брала над ім верх, і ён усё болей паддаваўся ўспамінам дзяцінства. Замест звыклых вечаровых гімнаў Ашвінам мармытаў ён заклінанні да барздукоў, прускіх гномаў, каб хутчэй узялі яны да сябе ягоных ворагаў. А маці ўспамінала, што прускія жрацы — неруці і вандлулуці, тулісоны і лагашоны, думонес і жвейгджурунес — куды мацнейшыя, чымся гэтыя, славянскія… Марыла яна вярнуцца ў родныя мясціны — хаця б дзеля таго, каб там памерці.

— Ля нашага дома часта хадзіў Пушайціс, — расказвала яна, седзячы ля Відэвута. — Малады, вясёлы… Бывала, папрашу яго, каб жыта кусцілася, пушылася, як ягоная барада — бялявая, у завіточках, — ён заўсёды паслухае. І вас з Брутэнам не раз выводзіў з лясных сцежак на тую, што вядзе дадому.

Калі ж Жывена спрабавала падсаджвацца да іх, каб паслухаць матчыны аповеды, тая замаўкала, касавурылася на яе, а пасля выходзіла з пакоя.

Дзяўчына адчувала адзіноту — не такую, як там, у Візантыі, але таксама цяжкую, як гнёт, які цяпер заўсёды быў на ёй і ад якога не ўдавалася выбавіцца.

Часцей і часцей прыходзіла да яе адчуванне, што храм каля Менцязі не ўздымецца больш ніколі. Нешта парушылася там, быццам бы парвалася нябачная сувязь паміж зямлёй і думкамі тых, хто ўзносіў там малітвы да багоў. І Ашвіны ўсё часцей уяўляліся ёй іншымі, чым раней — залатыя німбы былі вакол іхніх галоваў, пунсовы і сіні плашчы нібы адцянялі цёмныя валасы. Аднойчы здагадалася і сама схаладнела ад той думкі дзяўчына — усё болей ператвараліся для яе Ашвіны ў святых, якіх бачыла яна ў візантыйскім храме Казьмы і Даміяна. І ўсё часцей усплываў у вачах адрачоны твар Багародзіцы на іконе, што некалі належала імператрыцы Зоі. Тады ж расказвала гаспадыня, што ўсемагутная севаста Зоя магла ўгадваць па бляску на гэтым абразе, ці ўдадуцца ёй тыя ці іншыя справы. І Жывена памятала — нібы ўспыхнуў, а пасля згас залаты покрыў на плячах цудоўнай жанчыны, калі яна ў адчаі запыталася, ці знойдзе свайго хлопчыка. І што ж? Святазара забралі ў яе, двойчы забралі, і другі раз ужо назаўсёды.

Яна цяпер часта згадвала Візантыю. Дзяржава гэтая была сцэментаваная на агульным духоўным грунце. Старыя багі, што засталіся ў звычках і памяці грэкаў, больш не ўплывалі на агульны ход рэчаў, але ў свой час жорсткім, на крыві, быў той пераход з аднаго пласта пазнання на другі. Тое ж цяпер будзе праходзіць і Новагародак. Але яна — дзе застанецца яна сама? На якім беразе?

Ішоў другі час, другая эпоха. Бацька, Міндоўг, спрабаваў прайсці свой шлях, балансуючы, як глумцы-акторы, на вяроўцы, напятай высока над галовамі. Кожны ягоны крок бачны здаля, яго сустракаюць то праклёнамі, то славасловамі, а то і тым і гэтым адначасна. Але разам з ім сёння робяць свой выбар тысячы людзей, свядома ці несвядома. І яе маленькае жыццё нібыта пакладзена на вялізныя вагі, і яна гайдаецца на іх разам з усімі.

Разам са Святазарам прыкідваючы свае і храмавыя набыткі і каштоўнасці, каб пачаць аднаўленне свяцілішча, яна не раз задавалася пытаннем, ці не было разбурэнне свяцілішча тым самым знакам, які даваўся жрацам старых багоў? Гаварыла пра тое са Святазарам, але той нават самыя пытанні ўспрыняў балюча, як магчымую здраду, і яна больш не гаварыла з ім аб тым, што набалела. Ляжала дарога перад ёю, раздвойваючыся, і жыццё нястрымна несла на раздарожжа, дзе трэба выбіраць, куды пайсці…