Выбрать главу

Некалькі разоў парывалася зноў трапіць да Міндоўга, каб упрасіць яго вярнуць скарбы свяцілішча. Хаця б дазволілі пашукаць скруткі пергаментаў, свяшчэнныя кнігі! Дзе яны, што з імі сталася? Але кароль не прымаў яе. Яўлампія адмовілася дапамагаць — баялася гневу ўладара.

— Ён і так цяпер абдзірае ўсіх падаткамі, бо рыхтуецца да новага паходу, — патлумачыла яна Жывене. — Лепей і не прасі!

— Можа, звярнуцца да Яксы? — раздумвала ўголас жрыца.

- І не думай! Я аднойчы ёй сказала пра цябе, а яна вызверылася: «Зноў хочаце каралю соль на ягоныя раны сыпаць, прыгажуню да яго весці? І так ён пасля сустрэчы з ёю сам быў не свой». І аб чым толькі вы гаварылі той раз з каралём?

— Аб тым, каб ён адправіў Яксу далей ад Новагародка.

— Што? Ты насмелілася даваць парады Міндоўгу?! Вось жа на маю шыю ліха ўсселася — унучкай Агапія апекавацца, а мне і самой зубамі трымацца трэба ў гэтым жыцці! — бедавала Яўлампія.

З тае пары ўсе размовы пра багацці былога свяцілішча нібы заглухлі.

Тым часам на княства насоўвалася пагроза.

На самым пачатку верасня Міндоўг разам з адборнай дружынай і сынамі паехаў у родавую крэпасць, нібыта на паляванне. Аднак хадзілі чуткі, што там, у пушчы, непрыкметна збірае ён войска, каб ісці паходам разам са сваякамі на Ордэн. Мабыць, дзеля таго каб перасекчы тыя збродні, узяў з сабой вялікі князь Яксу і абодвух сыноў.

А 13 верасня прыляцела ў стольны горад чорная вестка — Даўмонт і Транята засеклі Міндоўга і яго сыноў Руклю і Рэпенью.

Пакуль везлі ў сталіцу цела вялікага князя і караля, хадуном хадзіў Новагародак; ва ўсіх цэрквах і касцеле служылі паніхіды, а ў вялікім храме Перуна пад замкам не перапыняліся ні ўдзень, ні ўначы ахвярапрынашэнні духам, якія панясуць тую грэшную душу ў Ірый. Казалі жрацы, што падаў у той дзень Лазнік нядобры знак Міндоўгу, які хаця і пакінуў яму, як тое належала, венік, ваду ў кадушцы і мыльны корань, аднак не паслухаўся крыку чорнага пеўня, які тройчы кукарэкаў, як ішоў кароль у лазню. Шапталіся таксама, што валялася Якса ў нагах Даўмонта, прасіла пашкадаваць яе, таму што бязвіннай ахвярай пажадлівасці ўладара была яна. Аднак той, адвярнуўшыся, усё роўна ўдарыў яе мячом, хаця вочы ў яго пасля таго былі залітыя слязьмі і нічога не разумеў ён з таго, што казаў яму Транята. А Траняту называлі самым крыважэрным — з асалодай і нянавісцю сек ён отракаў нявінных, мабыць, ачышчаючы дарогу да новагародскага трона сваім нашчадкам…

Хавалі Міндоўга з вялікай паспешлівасцю, аднак язычніцкімі жрацамі было пакладзена яму ў далёкую дарогу ўсё, што належала ўладару. Там былі рысіныя і мядзведжыя кіпцюры, каб мог ён ускараскацца на шкляную гару Меру, дзе будзе вяршыцца Страшны Суд; любімы конь, пысу якому намазалі мёдам; дарагі посуд і шмат што іншае, патрэбнае для таго, каб не адчуваў сябе валадар абдзеленым. Іначай прыйдзе ён да жывых патрабаваць свайго.

Не паклалі толькі, як рабілі тое заўсёды, калі хавалі князёў, забітых рабоў. Хрысціянінам усё ж быў ён, і таму пралілі яму ў магілу свежую кроў голуба, і то неўпрыкмет для прысутных. Жывена, якая стаяла непадалёк ад магілы Міндоўга, змагла тое ўбачыць.

Дазволілі ёй наблізіцца да мёртвага караля толькі таму, што побач з ім клалі ў магілу не толькі дзяцей ягоных, не толькі Яксу, але і засечаных падчас страшнага нападу слуг, сярод якіх была таксама Яўлампія.

Не магла няўрымслівая кабета не паехаць разам са сваёй гаспадыняй, і смяротнай вяроўкай звязаў іх Лёс.

Хмурны быў той вераснёўскі дзень, слязілася неба, тузалася па ветры лісце дрэў, яшчэ зялёнае і моцнае, але з жоўтымі плямамі. І хаця ведала жрыца, што няма смерці, але душа яе ныла і ныла, і яна не магла з сабой справіцца.

Ды няўжо сапраўды ёсць у крыві нешта таямнічае, тое, што лучыць жыцці і ў гэтым, і ў будучым свеце? Няўжо душа яе гаруе па страчаным бацьку, які ніколі не быў, ні на адну хвіліну, душэўна блізкім і пра якога згадвала толькі ў роздумах пра будучы храм? А можа, гэтак шкада ёй легкадумную, але ўсё ж нязлую Яўлампію, апошнюю нітачку, што лучыла яе з незабыўным дзедам, якога любіла ўсёй душой?

Не магла сама сабе адказаць Жывена, што гэтак галасіла ў ёй, рабіла нямілым свет. Няўжо вечна наканавана людзям забіваць адно аднаго, гвалтоўна адпраўляць з гэтага светлага кола, што называецца жыццём? У свяцілішчы шмат казалі пра тое, што душа чалавека, які памёр гвалтоўна, доўга не знаходзіць супакою, дарога яго там, у Ірыі, азмрочана жахам і нянавісцю. Галдан Цэрэнхан таксама апавядаў пра тое, што мусяць тыбетцы тры дні і тры ночы чытаць над мёртвым целам свяшчэнныя тэксты, дапамагаючы душы знаходзіць правільную дарогу ў царстве памерлых. А лепей за ўсё дапамагаць чалавеку ў тую хвіліну, калі залатая нітка яго душы пераразаецца няўмольнымі судзяніцамі, трыма багінямі лёсу, але для таго павінен ён быць сярод мілых яму людзей, у спакоі і цішыні.