Міндоўгу і яго сынам наканавана было іншае — страшная, чорная прорва…
Калі засыпаныя былі ўжо ўсе нябожчыкі і высокі курган узняўся над наваколлем, калі людзі паціху пачалі разыходзіцца, дзяўчына доўга стаяла ля кургана і глядзела на высокі дубовы крыж, што пастаўлены быў наверсе… І душа яе раптоўна рванулася да яго, магутнага воя, які нёс на сваіх плячах галавакружны груз усяго княства… да бацькі, што лёг тут, ужо навечна, разам з каханай жанчынай і дзецьмі.
Вось ляжыць ён тут, блізка ля пабудаванага ім магутнага замка, побач з самым славутым капішчам Перуна — і дзе яго веліч, куды падзелася сіла і страх, які адчувалі навакольныя? Прахам быў, і ў зямлю ператворыцца, і курган, толькі што насыпаны над ім стараннымі слугамі і воінамі, якіх вадзіў у баявыя паходы, хутка зарасце травой. А хто цяпер прыйдзе на новагародскі стол?
І адразу ўспомніўся Войшалк… Дзе зараз Войшалк, чаму не прыехаў ён на пахаванне бацькі? Можа, што здарылася з ім самім? А яна чакала яго. Хацела запытацца пра кнігі і рукапісы. Без іх цяжка, амаль немагчыма будзе аднавіць многія свяшчэнныя абрады. Тое, што ведае Святазар, яны мусяць нанова запісваць, але чалавечая памяць недасканалая. Звяздар Вакула рабіў свае разлікі, увесь час зазіраючы ў запісы папярэднікаў. Няўжо ўсё гэта загінула назаўсёды?!
Святазар параіў ёй на нейкі час з'ехаць з Новагародка.
— Але куды, Настаўнік?
— У храм, які, як мне помніцца, называлі Ашвахатхі, а цяпер проста Конскім.
— Гэта той, дзе некалі прыносілі ў ахвяру Ашвінам коней?
— У той. Цяпер там ахвяруюць багам саламяных скакуноў…
Яна стала горача даказваць, што гэта не да пары. Ды і хто можа тут ёй пагражаць? Але Святазар загадаў, і яна падпарадкавалася, пакінуўшы дом і Відэвута, які сустрэў вестку аб ейным ад'ездзе амаль раўнадушна.
У краі сапраўды пачыналася вялікая смута. Войшалк, спачатку ўцёкшы ад Даўмонта і Траняты, пасля сабраў войска і пайшоў на забойцаў. Новагародак заціх, затаіўся. З'ехалі ў свае родавыя селішчы найбольш звязаныя з каралеўскім дваром прыдворныя баяры. Заціхла гаканне сякер на новых вежах другой цвержы, што імкліва расла ў апошнія гады, робячы замак Міндоўга гэткім жа велічным, як і ўмацаванні і замкі іншых каралёў Эўропы.
Аднак амаль не перапыняўся гандаль. Ехалі і ехалі ў стольны горад фурманкі і абозы, плылі па Нёмане стругі і лодзіі, перагружаліся ў Гародні і Валкавыйску. Аднак болей, чым калі, былі насцярожаныя купцы, гатовыя былі яны па першым знаку трывогі хавацца, як смаўжы, у бяспечныя мясціны.
Жывена пераехала ў свяцілішча, што месцілася ў пракаветнай пушчы, так далёка ад вялікіх і малых дарог, што толькі мясцовыя людзі ведалі, як знайсці яго.
Перад падарожжам, вагаючыся, паклала ў скураную торбу загорнуты ў чысты палатняны ручнік абраз, вывезены ёю з Візантыі. А перад тым доўга ўзіралася ў яго. Двое святых — Казьма і Даміян. Ёсць і яшчэ ў хрысціян двое, знітаваныя ў адно — Флор і Лаўр, ахоўнікі коней. Ім пачалі пакланяцца на Новагародчыне зусім нядаўна. Ідзе, ідзе новае ў княства — з Візантыі, з Рыма, з многіх усходніх краін. І, можа, ёсць у тым свая праўда?
Звяздар Вакула, ужо сагнуты ў крук, сустрэў яе са старэчай расчуленасцю і нават праслязіўся. Павёў у сваю святліцу, паказаў два скруткі пергаментаў, якія змог уратаваць падчас разгрому свяцілішча пад Менцяззю, а таксама сваю назіральную трубу з павелічальным шклом, праз якую ўзіраўся ў зоркі.
— Шмат чаму вучу я тутэйшых жрацоў, ды ўжо ніколі не змагу аднавіць таго, што знішчана, — сказаў ён з горыччу. — Але змірыўся з тым, бо трэба неяк жыць.
— Я памятаю, як спраўдзілася тое, што ты прадказаў мне ў свяцілішчы, — нагадала Жывена. — Аднак мы ўсё роўна засталіся разам з Відэвутам, хаця і здарылася з ім няшчасце.
— Хочаш, я паспрабую вызнаць, што кажуць нябесныя свяцілы пра яго і твой далейшы лёс? — прапанаваў Вакула.
— Не хачу, — адмовілася дзяўчына. — Я думаю, смяротнаму чалавеку не варта зазіраць у будучае, яго справа — жыць у ладзе са сваім сумленнем. А ўсё, што наканавана, прымаць са спакоем.