— Ты стала іншаю, — уздыхнуў Вакула. — Але не мяняецца твая прыгажосць. Твая маці была такой жа прыўкраснаю, вось толькі пажыла яна мала, бо, мабыць, выканала сваё прызначэнне. А ў цябе, Жывена, хаця і адмаўляешся ты ад мовы зорак, жыццё доўгае, а нашчадкам тваім наканавана шмат чаго зрабіць для роднай зямлі…
— Значыць, у мяне будуць дзеці? - імгненна запыталася Жывена, і яны разам з Вакулам засмяяліся. «Твая праўда, нічым не выкарчуецца ў чалавеку гэтая прага зазіраць у будучае!»
Аднак моцна пасля таго задумалася яна. І сапраўды — з першых жа тыдняў тут, у свяцілішчы, стала зразумелым, што многае ўжо страчана ёю на далёкіх шляхах і што нездарма мудрацы старажытнасці ўцякалі ад людзей.
Светлымі да празрыстасці былі вочы мясцовых жрацоў, і хаця мудрыя былі яны, аднак дзецьмі выглядалі ў розных жыццёвых абставінах. Але і яна, якую вучыла і моцна ўжо біла жыццё, адышла ад строгай аскетычнасці, у якой жылі тут служкі Ашвінаў, а таму перасталі адкрывацца ёй галасы і знакі, якія чуюць і бачаць дасведчаныя: крык савы ў пранізлівай цемры ночы, шоргат і шлях ліста, які адлятае ад роднага дрэва; трапятлівасць ценю, што імчыць па зямлі ўслед за маладзіком… Усё, што яна перажыла, лягло на яе нябачнымі пластамі, таксама бы ценямі, яна адчувала, што ахутаная гэтым покрывам з ценяў… І яна апантана старалася адарваць ад сябе той ліпучы покрыў, а ён усё не адставаў…
А пакуль былая жрыца змагалася сама з сабой у цішыні і адрачонасці ад зямнога, у сталіцу Новагародскай зямлі прыйшоў жамойцкі князь і стаў чыніць суд і расправы над тымі прыхільнікамі Міндоўга, якія не паспелі схавацца альбо спадзяваліся на літасць Траняты. З тых чутак, якія даляталі да храма, можна было адчуць напал барацьбы паміж сваякамі — Транята запрасіў свайго саюзніка Таўцівіла Полацкага «дзяліць зямлю і набытак Міндоўгаў»*. Ды не дзяльбу, а забойства задумаў ён, гэтак жа, як тое задумаў і Таўцівіл. Сутыкнуліся, як крэмень і крэсіва, сваякі — і быў забіты Таўцівіл разам са сваімі баярамі. Цэлым застаўся толькі нейкі полацкі баярын Пракопій, які выдаў намеры свайго князя Траняце. Казалі, што шмат золата атрымаў Пракопій, услаўляў яго і абдымаў, як лепшага сябра, Транята, але патаемна загадаў забіць на зваротным шляху і забраць у здрадніка юдава золата…
* Дакладны выраз з летапісу.
Слухаючы ўсё гэта, не магла Жывена спакойна і бесклапотна жыць у храме. Чужым ён рабіўся ёй, да таго ж стаў назаляць ёй сваім каханнем мясцовы тысяцкі Рацібор. І яна вырашыла патаемна вярнуцца ў Новагародак.
У халодны лістападаўскі дзень, калі шэрань кладзецца на прыжухлую траву ўзорыстымі карункамі, а скалелыя птушкі працяжна крычаць над апусцелымі палямі, паехала Жывена са свяцілішча. А калі ўначы месцілася яна ў знаёмага гаспадара, які пазнаў яе адразу і з радасцю даў месца ў хаце, шапнуў ён, што недалёка ад селішча стаіць са сваім атрадам Войшалк.
— Я чула, ён у Ляшчынскім манастыры, пад Пінскам? — здзівілася дзяўчына.
— Ён ужо другі раз прыязджае сюды, баярыня, — назваў яе даўно забытым словам гаспадар. — Мой сын пайшоў у ягонае войска. Войшалк добра плаціць, апроч таго, не хочам мы мець за князя жамойта.
Селішча было ў дзвюх гадзінах язды, і хаця фурман бурчаў, што ён надта стомлены, загадала яму Жывена збірацца ў дарогу.
— А таці, а рабаўнікі розныя? — стагнаў вазніца. — Я не абараню цябе, я нямоглы і немалады, каб у першыя пеўні з хаты выбірацца. Вунь вада ў студзянцы замерзла, а конь па замерзлай дарозе падковы саб'е…
Але Жывена адчула, што няпроста прыйшла да яе вестка і, значыць, патрэбна ёй убачыць княжыча. «Ды не, — паправіла яна сама сябе, — князя. Так, законнага спадкаемцу Міндоўга, які да таго ж не склаў рукі і не затачыўся ў келлі».
Яе спачатку не хацелі пускаць у селішча, але імя дзеда Агапія расчыніла браму. І зноў яна з пяшчотай успомніла яго, нястомнага дарадцу княжага двара, паважанага ў сталіцы чалавека. Мусіць, вартай кіраваў нехта з тых, хто помніў дзеда і верыў, што і ўнучка ягоная верная Новагародку.
Войшалк сустрэў яе з радасцю, якой яна ад яго не чакала. Але і яна не думала ўбачыць яго такім — хмурны, няўпэўнены ў сабе і ад таго гарачы юнак некуды нібы знік. Суровы, з раннімі зморшчынамі вакол рота, але са спакойным, смелым поглядам мужчына стаяў перад ёй, і яна адчула ў ім сілу. Тую, якая была ў Міндоўга. Тую, якая была і ў ёй.
Ён загадаў прынесці гарачага грушавага ўзвару, нагрэць камень і пакласці ёй у ногі, каб не ахаладзела яна з дарогі. І гэта таксама быў новы Войшалк — той, ранейшы, нават не падумаў бы пра тое, як ехала яна праз халодную ледзяную прастору, праз маўкліва-пагрозлівую пушчу, каб толькі ўбачыць яго. І ранейшага жорсткага недаверу ў яго вачах таксама не было, а былі ў іх стоеная пяшчота і цеплыня. І яна, якая рыхтавала словы папроку за зруйнаванае свяцілішча і прагла дабіцца вяртання храмавых скарбаў, не ведала, як распачаць тую нялёгкую гаворку.