Выбрать главу

— Не ведаю, чаму Божы гнеў так абрынуўся на наш род. Здаецца, бацька наш, нягледзячы ні на што, быў хрышчаны, — сказаў ён, успамінаючы пра Міндоўга. — А што было з табой?

Калі яна коратка распавяла пра свой шлях у Візантыю і вяртанне назад, ён узрадаваўся.

— Прымай усё, што пашле Госпад. Я ж, схіляючыся перад яго воляй, прашу аднаго: не даць распасціся Княству. Калі разарвуць яго на часткі Транята, Даўмонт ці булевіцкія князі — паўстане, мабыць, бацька з магілы і спапяліць мяне маланкай!

Не радасць ад таго, што змеценыя з яго дарогі браты-сапернікі, што ўладалюбны бацька знайшоў нарэшце вечны спачын, не злосць на абставіны гучалі ў ягоным голасе, а боль. І, адчувалася, гэты боль віраваў у грудзях княжыча, нягледзячы на вонкавы спакой.

— На нас канчаецца дынастыя, якая пачалася так удала! — сказаў ён. — І я часта думаю: каму працягваць аб'ядноўваць вакол Новагародка землі? Толькі мне, пакуль будуць сілы. І я буду рабіць тое! Люблю гэты край, хачу, каб быў ён не горшым, чым іншыя дзяржавы.

Памаўчаў, дадаў з горыччу:

— Але плён будуць спажываць іншыя.

Яна падумала пра тое, што ўжо час выбіраць свой далейшы лёс. Ці застанецца яна цнатліўкай і будзе вучыць будучых жрацоў, ці, калі акрыяе Відэвут, выканае дадзены яму зарок. Можа, боскія блізняты дадуць ёй сына замест маленькага Святазара, але ніколі, ніколі не даведаецца дзіця пра тое, чыя кроў цячэ ў ягоных жылах…

А Войшалк як прачытаў думкі сястры:

— Позна, цяпер ужо і сапраўды позна для цябе ўсё гэта, наша, княжацкае. Ды і не жаночая гэта справа — улада, барацьба, інтрыгі. Занадта ты чыстая для таго, сястра…

І тут жа запытаўся хутка:

— Ты хрышчаная?

А калі яна адмоўна пахітала галавой, дадаў задуменна-сцвярджальна:

— Ну вось бачыш…

Тады яна і загаварыла пра разбураныя свяцілішчы Ашвінаў, пра рукапісы, што збіраліся стагоддзямі. Пра тое, што падсечаныя карані не толькі язычніцтву ў краі, але і таму, што назбіралі продкі…

Войшалк слухаў уважліва, але хутка перабіў гнеўныя словы:

— Ты бачыла Візантыю. Шэсць стагоддзяў зрабілі яе ўладаркай паўсвету. А ці магчымым гэта было б, калі б там пакінулі язычніцтва?

— Але цяпер яна нібыта бясплодна выкіпае ў сабе, у сваіх уласных межах*. Я адчувала гэта. Нешта губляецца і ў Візантыі. Пайшоўшы па яе шляху, ці не страцім і мы тое, што назапасілі продкі?

* «Бясплодна выкіпае ў сабе» — так характарызаваў Візантыю Д.Андрэеў у кнізе «Ружа свету».

— Язычніцтва — гэта не запас. Гэта — адсталасць і памылка народнага шляху.

— Ты хочаш цалкам узяць усё ад візантыйскай традыцыі?

— А чаму б і не? І што перад гэтым кнігі з мудрасцю краін, якія згубіліся ў гісторыі? Значыць, іхняя мудрасць была несапраўднаю, значыць, нам трэба шукаць іншае, лепшае. Ашвіны, Пярун, Вялес і Мокаш, Лада і Жыжаль, гарцукі і Дзедка, Лазнік — колькі іх там? А ў жамойтаў іншыя, а ў яцвягаў — таксама свае. На гэтым не пабудуеш адзіную дзяржаву. — Усё што хочаш, але не гэта. Язычніцтву я не дам спатолі.

Яна зразумела, што аспрэчыць сказанае ім не ўдасца.

— Аддай хаця кнігі!

— Я спаліў іх. І за кожную спаленую чарнакніжыцу даў зарок перадаць манастырам у Лаўрышаве і Новагародку перапісанае або аплачанае мной Евангелле.

Яна не хацела паказваць князю сваёй роспачы, але, мабыць, твар яе пабялеў, таму што ён загадаў прынесці вады і паспрабаваў суцешыць.

— Я не сказаў табе — купцы з Візантыі прывезлі ў замак фурманку, нагружаную багатымі падарункамі. Нейкі Нікіфар з Канстанцінопаля перадаў гэта табе. Калі я ад'язджаў з замка, загадаў гэта схаваць у надзейным месцы, каб ты магла карыстацца падарункамі і жыць не горш за багатых баяраў.

— Нікіфар?! Мой прыёмны бацька?!

Яна ўся засвяцілася. Радасць неадольна паднялася ў ёй. Перад вачыма паўсталі цёмна-зялёныя мармуровыя слупы ў Сафійскім храме, залатыя дахі вялізных палацаў над асляпляльна-сінімі водамі Басфора, і ўспамін, калі яна стаяла побач з Нікіфарам на вежы, адкуль бачыўся вялікі, багаты горад паміж мораў… Няўжо гэта адбывалася з ёю?

Жыццё і праўда здаецца сном, і нездарма мудрасць арыяў гаворыць: трэба жыць у хвіліне, што цячэ праз жыццё тут і зараз. Над мінулым і будучым няма ў нас улады. Але клапаціцца пра будучае трэба зараз.

— Я аддам усе падарункі перапісчыкам, якія змогуць услед за старым Святазарам запісаць тое, што ведае ён.