Выбрать главу

— Тады я не вярну табе іх. Перад Спасам пакляўся я выкараняць язычніцтва ў нашым краі, колькі змагу.

— Тады я змушаная буду ілгаць табе, князь. Забудзь мае словы. Я надзену на сябе багатыя карункі і бранзалеты і буду выглядаць не горш за баярынь, якія поўзаюць ля твайго трона…

— Трона пакуль няма. Няма нікога вакол, хто быў бы блізкі маёй душы. І я змушаны забыцца на маленькую дзяўчынку, якая некалі ля царквы ашчаперыла шыю ручкамі, а пасля ператварылася ў ворага, якога я пакляўся знішчыць. Але я спадзяюся, што ты прыйдзеш у хрысціянства, і таму адпускаю цябе з мірам і з Богам.

Яна ўзняла галаву, і яны доўга моўчкі глядзелі адно аднаму ў вочы.

Чырвонае карзно-плашч, пераломленае складкамі, здавалася на Войшалку чорным манаскім уборам, глыбокія цені ляжалі пад вачамі — цяпер тужлівымі, пакутнымі, але адначасна і прыязнымі да яе. А ёй здавалася, што паміж імі віруе-пеніцца шалёная горная рэчка, у якую не ўвайсці, якую не пераадолець ужо ніколі. Яшчэ адна, канчатковая, страта!

Меч Войшалка ляжаў на жоўтым выскабленым стале, а побач з ім адліваў серабром вялікі крыж. Цеплілася ў куце бліскучая медная лампада перад абразом Спаса, і гэтак жа тужліва-адрачона глядзеў на людзей бог хрысціян, па твары якога калыхаліся туды-сюды цені ад агеньчыка, які матляўся і неспакойна ўздрыгваў — на дварэ ўсчыналася завіруха. Зюзя, бог маразоў, злосна раз за разам сыпаў жменямі замерзлага снегу ў зацягненае бычыным пухіром акно, нібы сейбіт на полі.

У тое імгненне ўсё яе дзяцінства — радаснае і светлае — пранеслася перад вачыма, а найбольш тыя імгненні, дзе малады княжыч Войшалк, адзінокі і хваравіта-прыгнечаны, сустракаў яе ў драўляным замку, браў на рукі, высока ўздымаў у неба і рабіўся іншым — бесклапотным, адкрытым. А каралева Марта глядзела на іх зверху сваімі блакітнымі, з сярэбраным адлівам вачамі, і холад быў у іх… Новагародак быў ёй чужы — але для Жывены і Войшалка бязмерна родны. І так будзе да скону, як бы ні разводзіла іх жыццё…

Войшалк не стаў утрымліваць сястру, калі яна, нягледзячы на непагадзь, сабралася назад. Спяшаўся і ён, клікалі яго неабходнасць і трывога.

А яна, ужо на дасвецці вярнуўшыся ў свяцілішча, заспяшалася ў Новагародак, быццам чакала яе там нешта пільнае, неадкладнае. Пасля зразумела — клікалі судзяніцы, багіні лёсу, бо не ўсё яшчэ было зжыта і перапалена Жывенай — залатой жрыцай Ашвінаў…

Але па першым часе нічога не адбывалася. Вось толькі зусім ужо нядобрымі, халоднымі сталі позіркі некалі так закаханага ў яе Відэвута, іншым зрабіла яго хвароба. Разам з маці нібы пераплаўляліся яны ў нешта адно, і хваравіты бляск вачэй старой жанчыны ўсё ўзмацняўся.

Святазар стаў хварэць, мабыць, і ягоны моцны дух паступова абцяжарваўся ў віры людскіх клопатаў, пажадлівасці і дробязнасці. Таму і не стала спавядацца перад ім пра сустрэчу з Войшалкам Жывена. Ён жа быў заняты толькі адным — аднаўленнем свяцілішча, і ні на што іншае ў яго ўжо не ставала сіл.

У той вечар, вяртаючыся ад Святазара, яна пачувала сябе надта стомленай. Рана лягла спаць, зайшоўшы па звычцы да Відэвута. Але ў ягонай лажніцы слуг не аказалася, ён коратка патлумачыў, што адпусціў іх з рання. Размаўляць яму відавочна не хацелася, і яна хутка выйшла, паспеўшы, аднак, заўважыць стоеную ўрачыстасць і нейкі зласлівы цень у зрэнках. І хаця карцела супыніцца, дапытацца, што з ім — адклала гэта на заўтра.

А ноччу прачнулася ад дыму і, амаль задыхнуўшыся, угледзела ў цемры пад дзвярыма чырвоныя каснікі агню. Калі ж кінулася да дзвярэй, адчула, што звонку трымаюць іх моцныя засаўкі. Ударылася ўсім целам у тоўстыя смолкія дошкі, але толькі глуха загулі яны, і ў вачах чырвоныя іскры рассыпаліся.

Бездапаможна агледзелася. Яе зачынілі тут, знарок пакінулі паміраць у гарачым зыркім мроіве, як у апраметнай! Крыкнула колькі разоў, ды голас згубіўся, заглух, яна закашлялася, падбегла да акна, але драўляныя засаўкі трымаліся таксама смяротна-моцна.

— Дапамажыце!

Не, гэта крычала ўжо не яна — нешта, што не магло змірыцца са смерцю, і на гэты, не пазнавальны ёю самою крык азваўся нейчы — таксама ўжо як бы і не чалавечы. Адкуль прынёсся ён — хіба са святліцы, дзе ляжаў Відэвут?

— Табе, Патолс, гэтая ахвяра! Ты будзеш задаволены!

Патолс… Бог апраметнай у прусаў. Дык вось што задумала маці-вар'ятка. Яна ж, мабыць, угаварыла і Відэвута памерці, стаць ахвяраю багам. І ён, змучаны хваробаю і безнадзейнасцю, згадзіўся…

Тады яна зразумела, што ўсё скончана. Упала на калені, распушчаныя косы заслалі падлогу, ужо гарачую, і ў апошнім намаганні сустрэць смерць дастойна, так, як заўсёды вучыў яе Святазар, прашаптала, перамагаючы безразважна-чорны жах цела перад нябытам, развітальны радок з вечаровага гімна Ашвінам. Яны ўзніклі перад ёю і цяпер, як жывыя, якімі здаліся тады, у далёкім мроіве візантыйскага храма.