* Сваркі.
Начамі, калі незлічонай колькасцю жоўтых харугваў трапятала за вокнамі лістота, яна думала пра сваё жыццё і пра свет, у які прыйшла, каб нешта перамяніць у ім, перамяніўшыся сама.
Для чагосьці выратавалася яна і на гэты раз, абмінула яе няшчасце, абпаліўшы і цела, і душу.
На наступны дзень яна ўпершыню змагла падняцца з ложка — кволая, як толькі што народжанае цяля, на дрыготкіх нагах, адчуваючы млосць пад грудзьмі. Жоўтая падлога, па якой яна ішла, пахла сасною, і прыйшло нясцерпнае, як смага, жаданне — у пушчу, далей ад людзей. Да руін свяцілішча, да лясоў, дзе, непакорныя, стаяць стогадовыя дубы. Там ёй было добра, там яе несла над зямлёй, як лёгкае белае пёрка…
Але ўвечары прыехаў гаспадар. Спачатку пачаўся гармідар на двары, і яна выглянула туды скрозь чыста памытае шкло: ля фурманкі, дзе ляжалі важкія, агромністыя тушы дзікоў, вішчала ад захаплення дзяўчынка, а сам Жадан стаяў ля коней, распрагаючы іх. Яна міжволі залюбавалася коньмі — адзін з іх, высокі, з тонкімі сухімі нагамі, нагадаў Роса, і нешта нахлынула на яе з тых часоў, калі яна ляцела на ім па дарогах, смелая і юная.
І, уся захопленая тым духам лёгкасці і святла, яна злавіла позірк Жадана.
Можа, ад таго, што яна жыла ў яго доме і шмат думала пра тыя хвіліны, калі ён выносіў яе з агню, можа, ад таго, што душа яе зараз была безабароннай ад наляцелых успамінаў, дзяўчына адчула штуршок у сэрца. Погляд маладога паляўнічага неспадзявана пранізаў яе танюткай сярэбранай іголкай…
Яна зачыніла акно, чамусьці спалохаўшыся. Гэтак яшчэ ніколі не бывала з ёю. Уладарыла заўсёды яна, адгукаючыся альбо на цёпла-дзіцячы парыў Відэвута, альбо на юнача-гарачае захапленне Брутэна. Нават Райнер… душа яе адгукнулася на ягоны крык аб дараванні, ягоны безнадзейны ўжо парыў. Але толькі душа…
Гэтае імгненне, калі яны з Жаданам глядзелі адно аднаму ў вочы, адразу зблізіла іх, нават як бы звязала нябачным, але моцным сілом. І калі яна, спалоханая і аглушаная адначасна, лягла на ложак, каб аддыхацца, бо моцна закружылася галава — ціхім, пераможным смехам нешта як рассыпалася ў пакоі, і яна зразумела, што грацыёзна-танклявая, легкадумная, але адначасна неадольна-магутная багіня кахання Ляля насцігла яе, захапіла разам са сваім насмешлівым памагатым Любчыкам.
Няўжо сапраўды неадольна-магутная?!
Вечарам, калі гаспадар запрасіў яе праз Вярбу выйсці да святочнага стала на вячэру, яна спачатку хацела адмовіцца. Але, падумаўшы крыху, сабралася, папярэдзіўшы, што не есць ні дзічыны, ні яек — зародкаў жыцця. Аказалася, што для яе прыгатаваныя асобныя стравы — каша з ячменю, жур, вараная рэпа. І гэта таксама кранула — ён ведаў ці здагадваўся пра тое, што даспадобы ягонай госці, а што не!
Калі яна выйшла да стала, засцеленага бялюткім абрусам і застаўленага любімымі новагародцамі стравамі, Жадан пачціва схіліўся перад ёю, спакойна-стрымана выслухаў ейную ўдзячнасць за выратаванне. Але ў абаіх румянкам гарэлі шчокі, і ў рухах, у паставах быў той ліхаманкавы агонь, якім меціць багіня Ляля сваіх ахвяр і які бывае для іх то нечуванай асалодай, то пракляццем.
Упершыню гарэла ў ім Жывена, упершыню не магла яна як след сабрацца з думкамі, адказвала як праз тонкую паласу туману.
Малая за сталом глядзела на яе яснымі, цікаўнымі вочкамі, і яна ўспомніла пра маленькага Святазара, якога выратавала некалі ў агні і які цяпер падрастае ў далёкай Чэхіі, недзе ля Прагі. Ён абдымаў яе тонкімі ручкамі, абвіваўся вакол, але, хаця душа яе і была аддадзеная дзіцяці, усё ж ніколі не рабіліся цяжкімі грудзі, не адольвала нейкая першабытная, амаль жывёльная прага цешыцца маленькім дзіцячым цельцам, цалаваць яго, злёгку пакусваючы, як робяць гэта звяры, грэючыся пад кароткім тут, на поўначы, цяплом. А зараз… Яна амаль не глядзела на Жадана, але нібыта бачыла яго моцныя рукі, шырокія далоні, і такое ж першабытнае, нястрымна-гарачае пачуццё да яго п'янкою хваляй шугала ў цела… Дык вось чым ахмельваецца бессмяротная душа, спускаючыся пад цяжарам мінулых жыццяў у зямны, невыносна пакутны і адначасна такі спакуслівы свет! Яна забываецца на высокі нябесны кліч і кожны раз нанова пачынае сваё кола… Але не, не паддасца яна, Жывена, на гэтую пастку, на гэтую хмельную, дурную радасць!
Назаўтра, падзякаваўшы яшчэ раз Жадану, яна з'ехала з ягонага дома. А забіраючы з сабой старога Святазара, каб разам з ім дабірацца да былой Менцязі, даведалася, што на новагародскі стол зноў сеў Войшалк. Ён трыумфальна ехаў да стольнага горада, у замку ліхаманкава ўздымалі белыя, з шырокай чырвонай паласой пасярэдзіне харугвы, вывешвалі Міндоўгавы выявы — конніка з узнятым мячом, а таксама агромністыя палотны з лікамі Спаса і Маткі Боскай.