Выбрать главу

Дачка імянітага баярына заўважыла гэта. Яна падбадзёрліва пагладзіла дзяўчынку па плечуку, як бы здымаючы ў той нябачную пушынку, і ветліва паказала вачыма, што трэба пасунуцца бліжэй да царскай брамы. Князёўна слаба ўсміхнулася ў адказ, тварык яе, як бы сціснуты напружаннем, страхам памыліцца і ўвогуле бояззю перад чужымі, паружавеў і паспакайнеў. Войшалк, спачатку таксама напружаны і як бы зацяты, злагоднеў: ён пасунуўся, вызваляючы сястры зручнейшае месца, так, каб паміж княжацкай сям'ёй і натоўпам баяр заставалася даволі месца, і ўвесь астатні час, пакуль ішоў абрад, апекаваўся сястрою.

Калі, добра апырсканыя вадою, з залатымі крыжыкамі на грудзях, яны выйшлі з царквы ўслед за Міндоўгам і ягонай жонкаю, Войшалк абвёў вачыма натоўп і, выгледзеўшы Апфію, паклікаў да сябе.

— Вы чые?

— Баярына Агапія дачка. А гэта, — Апфія паказала на Жывену, — унучка.

— Так… — Войшалк раздумваў. — Як цябе завуць?

— Апфія.

— Гэта што — грэцкае? Нязвыклае тут… Дык, значыць, бацька добры хрысціянін. Нябось, хадзіў паломнікам?

— Хадзіў, княжыч.

— У манастыры паслушнікам жыў, але пасля перадумаў, вярнуўся на радзіму, — салодка заспявала, усміхаючыся княжычу, Яўлампія, што таксама далучылася да іх.

— Я скажу… папрашу бацьку, каб цябе ўзялі ў двор. Маёй сястры патрэбна такая, як ты.

— Калі мой бацька згодзіцца… — пачала Апфія.

— Ён згодзіцца! — абарваў яе Войшалк.

Апфія наравіста тарганулася, хацела змоўчаць, але не сцярпела:

— Новагародцы, княжыч, не падобныя да твайго ляснога народу…

Бровы княжыча грозна ссунуліся:

— З сённяшняга дня бацька мой і сярод новагародцаў першы!

— Твой бацька так не гаворыць з баярамі, ён клянецца паважаць вольнасць нашу!

Супраціўленне падлетка, відаць, раз'юшыла княжыча, ён схапіў дзяўчыну за руку, нібыта збіраючыся шпурнуць на зямлю. Але тут маленькая Жывена падбегла да яго і, абшчаперыўшы ручкамі ягоныя калені, загаварыла, ледзь не плачучы:

— Апфія добрая, а ты… злы! Ты як Лядашчык!

Княжыч апамятаўся, моцна пабляднеў. Некалькі імгненняў, згасаючы тварам, глядзеў на дзеўчаня, што, задраўшы золатавалосую галоўку, грозна зіркала на яго. Моўчкі, непрыветна пазіралі на маладога княжыча і тыя з баяр, якія затрымаліся ля царквы і не спяшаліся ўслед Міндоўгу.

Тады хлопец нахіліўся, узняў Жывену перад сабой і сказаў, пачціва схіляючы перад ёю галаву:

— Ты перамагла мяне, маленькая рачніца*. Я, канешне, пагарачыўся, але я вельмі хачу, каб твая Апфія дапамагала маёй сястры. А ты згодная?

* У значэнні — русалка.

Усе з палёгкай заварушыліся, засмяяліся. Яўлампія голасна праспявала:

— Прабач, княжыч, маю дачку, яна, як і я, таксама з княжага роду, продкі нашы…

Войшалк не слухаў баярыню, неадрыўна глядзеў на дзяўчынку, якая таксама не зводзіла з яго вачэй.

— Дык я Лядашчык, злы дух?

Жывена, не адводзячы пагляду, раптоўна пахітала галавой:

— Ты не злы. Ты нейкі… няшчасны.

І, пацягнуўшыся ручкамі да шыі княжыча, раптоўна абвіла яе, прыціснулася да грудзей, а ён, уражаны, як і ўсе навакольныя, таксама нечакана для сябе моцна прыціснуў пяшчотнае, пругка-гарачае цельца, але тут жа, як засарамаціўшыся, апусціў малую на зямлю і буркліва загадаў-кінуў Апфіі:

— З заўтрашняга дня.

Агапій, паслухаўшы аповед аб тым здарэнні, пакруціў галавой, задумаўся, пасля парашыў:

— Мне ў двары свой чалавек патрэбны. Бач ты, як семя Міндоўгава на нас узлезці хоча! Ды мы крамяністыя, а на крэмені не надта пасееш!

Так Апфія перайшла жыць у княжы драўляны замак, дзе раней жыла сям'я Ізяслава, якая цяпер пераехала ў новы мураваны дом ля дзяцінца. Міндоўг, агледзеўшыся тут і абжыўшыся, вырашыў будаваць на гары, велічэзна ўзнесенай над усёй навакольнай зямлёй, харомы, вартыя князя, што паяднаў Літву і Новагародскую зямлю. Хаця тое паяднанне толькі пачыналася, і нездарма на хрышчэнне не прыехалі родзічы-язычнікі, што спадзяваліся захапіць ягоныя землі, а цяпер трымцелі перад новым узвышэннем моцнага, як ніколі, князя, сам ён не сумняваўся, што даб'ецца свайго. Яго дзяржава будзе магутнай, яго продкі, сярод якіх былі і вешчуны, нездарма ведалі старое родавае паданне аб тым, што нехта з іх праславіць сябе навекі. Цяпер нібыта збывалася тое…