Выбрать главу

Сабе ён узяў пакоі, вокны якіх выходзілі на даліну, а на горад — толькі адно. Войшалку ж жадалася глядзець на горад — часта ўставаў уначы і слухаў, як ходзіць варта, пераклікаецца, пераразаючы цемру вогненнымі палосамі смалякоў.

Сястра яго, Ваверыца, што атрымала ў хрышчэнні імя Алены і моцна ад таго перажывала, таксама спала блага, хваравітыя яе ночы былі запоўнены трызненнем, плачам, ад чаго Апфіі не часта даводзілася начаваць у роднай хаце. Але паколькі баярскі дом быў непадалёку, яна ўпохапкам адведвала маці і бацьку; Яўлампія прагна, нібы далоні пад лузгавінне, гатова была падстаўляць цікаўныя вушы пад вадаспад навінаў аб тым, што любяць і носяць новыя ўладары. У сваю чаргу Ваверыца-Алена таксама прагна распытвала сваю прыдворную аб жыцці новагародцаў, і нават сама Мілена, якая не хацела забыцца на былое сваё імя багіні кахання Мілды, часцяком выпытвала бойкую і паслужлівую Апфію, як спадабаецца ганарлівым модніцам-баярыням яе новы ўбор. Ад вострых вачэй княгіні не схавалася нейкая асаблівая пяшчота пасынка яе Войшалка, якую той адчуваў да маленькай Жывены, якая зрэдзь разам са сваёй маладой цёткай завітвала ў княжы замак.

— Яна ж язычніца, слаўны мой Войшалк! — казала яна, прыжмурваючы вочы, як прыгожая пушыстая кошка. — І не проста язычніца, а будучая жрыца. Як жа ты, такі хрысціянін, не грэбуеш гэткім чарцянём?

Войшалк звычайна адгаворваўся альбо ішоў прэч. Ён не казаў нікому, што баярын Агапій адмовіў княжычу, калі той настойваў на хрышчэнні дзяўчынкі:

— Як ні ганарова для нас мець за хрышчонага бацьку самога княжыча, але даваў я брату свайму, жрацу Ашвінаў, клятву, што нехта з нашага роду заўсёды будзе служыць храму. А бацька мой, якога я страціў малым, такую ж клятву даваў прадзеду нашаму. Як я на Дзяды продкаў сустракаць буду?!

Войшалк сам не ведаў, чаму яго так цягне да дзяўчынкі. Часам, калі княгіня, нявінна гледзячы на яго блакітнымі, з сярэбрана-металічным бляскам вачыма, пацвельвалася з таго, што, мусіць, сумуецца княжычу па ўласнай сям'і, ён гатовы быў агрызнуцца так, каб ніколі болей не хацелася гэтай гнуткай, як змяя, жанчыне кранаць тое, што стараўся схаваць глыбока-глыбока ў душы. Так, малады княжыч некалі марыў аб сям'і і ўласных дзецях, але ніводная з жанчын, з якімі быў блізкі, не зацяжарыла ад яго. Жрацы ж, да якіх звяртаўся, прадраклі страшнае — ніколі, ніколі не будзе ў яго дзяцей, нічыё каханне не запаліць у ім свяшчэннага агню, ад якога злятаюць на зямлю душы, што прагнуць увасобіцца ў чалавечую зямную істоту. А калі так, то нашто заводзіць сям'ю і выстаўляць перад усімі патаемнае? І княжыч усё болей цікавіўся манастырамі, цэрквамі, боскім, душою як бы адварочваўся ад нялёгкіх справаў княжання. Міндоўг жа, наадварот, прагна спрабаваў захапіць паболей улады, яму хацелася б цэлы свет засяліць сваімі нашчадкамі, але княгіня, мабыць, не хацела шмат раджаць: яна, як магла, ухілялася ад шлюбнага ложа, але рабіла гэта ласкава, угаворліва, асцерагаючыся мужа. У замку, аднак, яе хутка сталі баяцца нават болей, чымся Міндоўга, і Ваверыца-Алена, змушаная сядзець насупраць мачыхі, скардзілася Апфіі, што кавалкі ежы застраюць у ейным горле кожную раніцу… Міндоўг, аднак, не надта спрабаваў да чаго-небудзь прымушаць княгіню — можа таму, шапталіся слугі, што толкам не ведае, даравала ці не яна забойства свайго мужа, якога, па чутках, кахала. Апфія аднойчы на свае вушы чула, як падчас спрэчкі, калі князь выгнаў усіх слуг і якія, аднак, стаіліся пад дзвярыма, раз'юшаны валадар, гахнуўшы кулаком па дубовым стале, зароў так, што задрыжалі вялікія каляровыя вазы на паліцах:

— Захачу — будзеш ногі мне цалаваць!

А ў адказ прамурлыкаў сярэбраны голас:

— Тады твае сыны, што народзяцца, будуць не ільвамі, як ты, а манахамі, як вось ён…

Тады ж упершыню пачулі прыдворныя шалёны рык Войшалка:

— Назавеш яшчэ раз манахам — заб'ю!

Тады жанчына, як кінуўшыся ў ваду, загаварыла чужым, незнаёмым голасам (нібы рвалася палатно, падумала Апфія):

— Вы мяне і так забілі, твой бацька забіў!

— Мілда, замаўчы! — зноў стукнуў па стале Міндоўг.

— А я так прасіла цябе пакінуць Вішымунта жывым! Жывы-ым!

— О, як ты шкадуеш яго! Мяне ты так не пашкадуеш! — голас князя асеў на самыя нізкія, з гудзеннем, гукі. Войшалк жа выскачыў са святліцы, стукнуўшы дзвярыма так, што адвалілася жалезная клямка, мусіць, нядбайна прыбітая, і заенчыў стольнік Мікіта, што не паспеў адскочыць ад дзвярэй.

Пакуль усе стаялі, чакаючы поклічу князя, самая харобрая, Апфія, зноўку падкацілася пад дзверы, прыадчыніла іх. Тады слугі ўбачылі, што Міндоўг цвёрда падышоў да як бы пераламанай плачам княгіні і ўсхапіў яе на рукі.