Выбрать главу

* Своеасаблівае выкананне духоўных вершаў.

На зваротным шляху кідаў грамабітны Пярун стрэлы ў адступніка. Кіпела ключом-варам Рускае мора і старалася разламаць ладдзю, дый толькі патрапала ветразі, а Мара-Марэна ўсё дыхала новаспечанаму хрысціяніну ў патыліцу, насылаючы на дняпроўскія парогі клубкі туманоў дый вятры несціхальныя. Вялікага страху набраўся Куп-Агапій, пакуль дабраўся да берага і ступіў на тупкае месца, адкуль пехам паклыпаў па спрадвечным шляху паломнікаў-новагародцаў назад, у родны, вабны, як кліч маладосці, горад. Убачыў здаля, сярод цяжкай зеляніны дрэў, лёгкую залатую макаўку царквы — лёг на зямлю і адчуў, як сціхае ў вушах нейкі бесперапынны за гэтыя гады свіст, нібы Карачун нарэшце стаміўся важдацца з яго прагна-шукальнай душой, адпусціў са сваіх чорных прастораў.

Але жанчына, Марэна, помслівым, смяротным дыханнем усё хукала ззаду, і таму, дабраўшыся да храма Ашвінаў, даведаўся Агапій, што цяжка хварэе, прастудзіўшыся, яго дзяўчынка.

Тады прынёс ён у храм Ашвінаў усё, што зарабіў за вандроўныя гады, асабліва па вяртанні, дапамагаючы купцу-грэчніку*: залатыя ланцужкі, зашытыя ў плашч з валю — грубага сукна, манеты-дырхемы і траянкі**, запампаваныя ў посах вандроўніка, якім адмерваў шлях і на якім хітрэц-майстар прымацаваў разьбяную ручку з сакрэтам. Прынялі багі-лекары шчодрае ахвяраванне, вярнулі малой здароўе, а ён пакляўся і перад Ашвінамі, і ў хрысціянскім храме, каб крапчэйшаю была клятва, што ніколі больш не выедзе з Новагародка надоўга, каб не пакідаць родную істоту без апекавання. Мабыць, не хацелі багі, каб ён пакідаў Новагародак, таму раз'юшыліся і помсцілі насланнём — хваробай альбо смерцю. І яшчэ даў сабе зарок былы вой — не прывязвацца душою без астатку да анікога, каб не цалялі старыя багі ў самае дарагое і блізкае, бо і сам не ведаў, хто ж мацнейшы — новы, хрысціянскі ці яны, старыя і звыклыя. Таму жаніўся ён не па сэрцы, а па розуме, і ніколі не шкадаваў пасля аб тым, бо адразу трапіў у мужы імянітыя, паступова прыйшло гаіла*** на спакутаваную душу, а Марэна таксама адступілася, Трасцамі ды Ліхаманкамі губячы іншых, а за ім ужо не наглядаючы, не гмырачы. Дый надта стараўся Агапій не церабіць жыццё за крысо, патрабуючы зашмат, бо добра засвоіў, што не любіць яно, жыццё, настырных, таму часцей пасылае да людзей адбіраць, чым даваць што-кольвечы.

* Купец, які гандляваў на шляху з вараг у грэкі.

** Залатыя рымскія манеты часоў Траяна.

*** Старажытны назоўнік ад «гаіць».

Яўлампія сталася заўзятаю хрысціянкай, але дачка ад гэтага шлюбу, Апфія, надта гарнулася да бацькі, таму часцяком брала ягоны бок, калі ўсчыналася ў хаце гаворка пра язычнікаў, якіх усё болей цясніла новая рэлігія.

Апфію ж часцяком браў з сабою Агапій, калі ездзіў у храм Ашвінаў з багатымі падарункамі, якія яго дачка, жрыца, нязменна аддавала Святазару. З цягам часу баярын адразу вярнуў свой вазок да храмавай скарбніцы, дзе гладкаязычны* Нар, прыцмокваючы і вохкаючы, прымаў скруткі з дзібай, — з яе, шаўковай тканіны, шытай золатам ці срэбрам, шылі заслоны ў храме — альбо скрынкі з шкляным посудам, які выраблялі майстры ў Новагародку, альбо, часцей, аксамітавы кашэль з манетамі. Гледзячы ў фіялкавыя, бліскучыя вочы дарослай дачкі, якая рабілася прыгажуняй на вачах, стараўся Агапій не даваць волі любасці, якая ўспыхвала ў ім. Аднак раўнівая Яўлампія здагадвалася аб тым і незалюбіла, што ўласная яе дачка брыдчэйшая за тую, язычніцу. Таму ніколі не запрашаў у свой дом Агапій старэйшую дачку, дый тая, мабыць, і не прыехала б: затуленая дзіка-прыгожым чараўнічым возерам і храмавым жыццём, яна калыхліва гайдалася ў зацішку, як пярэлка ў ружовай ракавіне, схаванай на марскім дне. Ішлі гады, зманлівы спакой загойдваў і Агапія, аднак жа нездарма бачыў ён у сваіх падарожжах страхотлівыя грымасы-маскі глумцоў — вандроўных акцёраў: але яны выказваюць праўду жыцця, якое таксама глуміцца дзе і як можа з беднага чалавека.

* Ліслівы.

Не захлынуўся горам Агапій, калі паміраў ягоны брат-жрэц; апошнім часам той пераехаў на капішча, што ляжала на поўнач ад Новагародка і якое называлася Ашватха — конская стаянка. Нягледзячы ні на што, паспеў баярын закрыць вочы старэйшаму брату, развітаўшыся з ім у гэтым зямным жыцці, паабяцаўшы сустрэчу ў іншым і цвёрдай рукой запаліўшы развітальнае вогнішча. Дзеля павагі да памерлага аднавілі на капішчы старажытны абрад спальвання каня разам з нябожчыкам, і дым пацягнуўся якраз на поўдзень, дзе ляжыць краіна памерлых. Пасля прывялі яшчэ аднаго каня, тройчы абвёўшы яго вакол ахвярнага слупа, следам за пярэстым казлом, і закалолі, а пасля і разабралі па строгіх правілах, бо, як вядома, правільнае ахвярапрынашэнне дае жрацам уладу над багамі. Агапій еў конскае мяса і ўспамінаў аповеды брата аб тым, што ў старажытнасці, выбіраючы сабе зямлю, князі ці ўладары спачатку выпускалі каня, а той блукаў месяцы ці гады, пакуль не спыняўся на сталым месцы. Тады там рабілі алтар, арыентаваны на ўсход, унутры ж усё было так, як і ў сённяшніх храмах — тры рытуальныя вогнішчы, на ўсходзе — алтар з ачагом у выглядзе птушкі. Такія ж алтары рабілі і тады, калі ўладар не меў нашчадкаў. Казалі ў старажытнасці, што сто рытуалаў, калі прыносілі ў ахвяру каня, маглі даць уладу над светам…