* Шчодрымі.
Аднак у месяц бярозазол, калі распускаюцца вербы залатымі бубкамі, адразу пасля поўначы, калі прыйшоў у грузнае ўжо цела баярына макавым малаком сон, выгнаў яго адтуль прыслужнік. Сам Святазар прыехаў у горад, шапаценнем ссохлага ліста пранік у ложніцу, каб паведаміць, што забілі на конскай стаянцы Ашватха, у самім капішчы, хрысціянскага старца Елісея, які спрабаваў не дапусціць ахвярапрынашэння. Не, забілі, вядома ж, не жрацы, а людзі, што сабраліся дзеля абраду. Раніцай збіраецца княжыч Войшалк імчаць з атрадам вояў на капішча, а ад яго, вядома, не будзе літасці нікому, бо ад сваёй маці, княжны цвярской, набраўся княжы атожылак нянавісці да веры бацькоўскай. Міндоўг жа, як вядома ўсім, хаця і абрад грэчаскі прыняў, але не крыўдзіць і старых багоў. Аднак не стане ён пярэчыць сыну, бо новагародскія баяры ўжо амаль усе хрысціяне, і не асмеляцца яны захіліць сваёй уладай капішча.
- І я не асмелюся, — разважыў баярын. — Елісей блізкі да Войшалка чалавек, мо таму і асмялеў да таго, што абрад перарваў і тым учыніў святатацтва. Люд жа там, у лясах, такога не сцярпеў, іх таксама зразумець можна. Не, празарлівы старац, не змагу я за капішча заступіцца…
— Якраз ты і зможаш, — уладным голасам, нібы на яго, голас, была нанізаная, як лісце, уся ссохлая плоць жраца, запярэчыў той.
— Гэта чаму ж — я? — прадчуваючы нейкую пастку, затрывожыўся Агапій.
— Табе Міндоўг не адмовіць.
— Ну, што там у цябе за пазухай, шаноўны старац? Якія загадкі, пра якія я не ведаю? У які венцер ты хочаш мяне злавіць?
— Ты не карась, баярын, каб цябе лавіць. Памятаю, у дзяцінстве ты быў такім жа нецярплівым. А загадка мая такая: твая ўнучка, Жывена, народжаная ад Міндоўга. Можа, калі ён дазнаецца пра тое, не стане караць гілеўшчыкаў*, і капішча Ашвінаў не кране.
* Бунтаўшчыкі.
— Чаму ж ты мне ніколі пра тое не казаў? — толькі і прашаптаў ашаломлены баярын.
— Час не настаў. А цяпер нябесная Чаша павярнулася, і тайнае стала явай.
— Міндоўг мне не паверыць.
— Дай яму гэта, — Святазар дастаў берасцяны карабок, шчоўкнуў застаўкай. Пакой напоўніў водар свежай скошанай травы і яшчэ нечага востра-пахкага. Церушлівую шчопцю травы стары жрэц паклаў на стол.
— Хай ляжыць, і цябе не кране ні Начніца з яе мроямі, ні Стрыга, якая любіць прыходзіць не толькі да дзяцей, але і да старых, бо яны вяртаюцца ў сваё вусце. А Міндоўгу зелле верне памяць аб начы, на якую ён забыўся.
— Ён зняславіў маю дачку, а ты пра гэта ведаў і маўчаў?!
— Чалавек спрабуе ўплесці ў свой лёс узоры Неба і Зямлі, але гэта яны ўплятаюць яго ў свае, нам не падуладныя шляхі.
— Я не пайду прыніжацца перад Міндоўгам! А забіць яго ў мяне ўжо не стае сіл. Ды і хрысціянства забараняе тое.
— Капішча Ашвінаў — апошняя справа твайго брата. Ты пакляўся яму… Што тваё ці маё ў параўнанні з месцам, дзе мы, жрацы, абраныя нейкай невядомай нам самім сілай, можам час ад часу слухаць і разгадваць таямніцы быцця, пульс Сусвету? Цьмянее чалавечы дух ад стагоддзя да стагоддзя, гнецца ніжэй да зямлі, а раўнавага толькі пасярэдзіне…
Баярын, цяжка тупаючы па цёплай падлозе, качкай перавальваўся з нагі на нагу, нібы калыхала яго нястрымна-раздзіральная сіла. Жрэц сачыў за яго няўклюднымі крокамі, маўчаў. Нарэшце Агапій прахрыпеў амаль умольна:
— А ты сам?
— Мы пойдзем разам. Я скажу, што Войшалк не можа забіць сястру, бо і так зоркі кладуцца нешчаслівым узорам на лёс ягонай сям'і.
— Жывена — там? — схаладнеў баярын.
— Ужо — там.
— Ты адправіў яе на смерць?! Закрыў ёю капішча?!
— Калі мы пераканаем Міндоўга, то не.
— Для цябе і сапраўды жыццё чалавечае як пылінка, святы старац, — горка паскардзіўся Агапій, адчуваючы, як чэпка, умела, нібыта і сапраўды вудзільнам падлавіўшы карася, трымае яго Святазар. Адчуў і даўні свой дзіцячы страх перад вярхоўным жрацом, зноў вярнуўшыся ў маленства…
Міндоўг сапраўды спыніў Войшалка, які раз'юшана рваўся разам з вярхоўным ваяводам Астафіем Канстанцінавічам пакараць гілеўшчыкаў, што ўсчалі бунт супраць дарагога княжычу святара, а пасля і сцялі яго горла*.
* Забілі.
Шапталіся ў горадзе, што адседзеў княжыч тры дні ў падзямеллі, ахалоджваючы тым палкую кроў і душэўнае клекатанне, і быў моцна незадаволены бацькам. Новагародскую ж баярскую раду супакойваў Агапій, які даводзіў, што неразумна цяпер, перад вялікім паходам Міндоўга на сваіх родзічаў-ворагаў, уздымаць супраць князя чорную чадзь, ды дзе — на межах княства! Хадзіў баярын і да княжыча і супакоіў амяцежаны дух Войшалка тым, што ўнёс у абедзве новагародскія цэрквы вялікія ахвяраванні на супакой душы і на ўспамін і маленні аб Елісею. А яшчэ параіў Войшалку, калі той некалі збярэцца ў манашаства, як абяцаў не раз бацьку ў гневе, то няхай возьме сабе манаскае імя свайго настаўніка ў веры.