Ні аб чым не даведаўся княжыч, хаця чуйна-насцярожаная душа яго недаверліва ўспрыняла і нязвыклую бацькаву мяккасць, і гарачае заступніцтва за язычнікаў-забойцаў імянітага баярына. Горка наракаў пасля Войшалк на тое, што прымусілі яго ў рэшце рэшт скарыцца, і разарыў-такі праз колькі гадоў капішча, калі давялося Міндоўгу, пакінуўшы новагародскі пасад, вяртацца ў свой стольны горад Руту, у маленькае сваё родавае княства. А яшчэ ўзяў малады княжыч, стаўшы манахам, імя Елісея, і пад тым імем пісаў у Лаўрышаве, якім названае было праз многа гадоў месца ахвярапрынашэнняў, летапіс, а таксама перапісваў Евангелле.
Нічога не сказаў аб патаемнай размове з Агапіем і Святазарам вялікі князь нікому. Быў асцярожным і хітрым, а хто ведае, чым абернецца для княства, дый і для самой сям'і, з'яўленне маладой жрыцы як ягонай дачкі. Хісткая шахматная дошка яго жыцця, з усіх бакоў ворагі-сапернікі, а новая постаць — не проста пешка. Любіў вялікі князь гульню ў варцобы*, крумкачом у засадзе выглядаў, як цікаваў за кожнай фігурай на дошцы альбо калі кідаў косці, спадзеючыся, што выкінутая колькасць будзе дзяліцца на чатыры і ён выйграе. Любіў выйграваць, але не раз даводзілася, як і ў жыцці, пятляць загнаным зайцам, вяртаючыся на свае ж сляды. Адно заўважылі, падглядаючы за чужым шчасцем, баяры: цяплейшым да Агапія стаў Міндоўг, а той, мабыць, не надта цаніў літасць князя, бо меней, як заўсёды, бываў пры двары. Затое жонка ягоная ласіцай улезла ў прыдворнае кола баярынь, зацьміла ўборамі ды лёстачкамі нават жонку Астафія Канстанцінавіча, ваяводы. Дый тое сказаць, была Яўлампія прыроджаная новагародская імянітая баярыня, дый не абы-якога, а княжацкага дрэва атожылак. Княгіня надта прыслухоўвалася да яе, хаця і пацвельвалася часцяком, што надта падмалоджваецца немаладая ўжо кабетка. Апфія ж таксама прыкмеціла, што надта неахвотна стаў браць у дом яе бацька Жывену, нібы лацвей было яму самому ездзіць у Храмавы горад. Падзівілася з таго, але лёгка жылося ёй пры двары, дзе грыдні і сыны людзей вятшых нямала за ёй прылягалі, асабліва ж спявак пры дружыне княжай Раман. Круцілася кола жыцця, апускаючы адных і ўздымаючы на вяршыню тых, каму прыходзіў час адпрацоўваць сваё і тым выконваць прызначэнне. Уздымаўся, рос Новагародак, трашчалі путы ягонага васальства і торгаўся хрыбет Галіцка-Валынскага княства, аточанага татарамі. Дзікая іх сіла ламала ўсё на сваім шляху, падбіраючыся да Эўропы, і трывожыліся каралі і герцагі, біскупы і просты люд, асабліва калі ў кароткіх маланкавых набегах спустошаныя былі берагі Віслы і Дуная, заліта крывёй Унгарыя. Яшчэ ў 1246 годзе спрабаваў папа дамовіцца з дзікунскім тым народам, падобным да Гогаў і Могаў, што паўсталі з самых нетраў зямлі, раз'юшанай людскімі грахамі: пасылаў да іх паслоў на чале з Джаванні да Плана Карпіні, і яны, праязджаючы праз зруйнаваны Кіеў, напісалі аб тым з жалем і страхам. Аднак ні францысканцы, ні дамінікане, што былі сярод паслоў, не знайшлі слоў, каб заваяваць давер кагана: татары сталі пагражаць і папе.
* Так называлі шахматы.
Трэслі папскі стол звады паміж Інакенціем і германскім імператарам Фрыдрыхам ІІ, таму, склікаўшы Ліёнскі сабор у 1245 годзе, сярод пяці скрух, што тузалі ягонае сэрца, як пяць язваў распятага на крыжы Збаўцы Свету, назваў папа наступныя: татарская навала, раскол у Грэцыі, нашэсце хаварэзмійцаў на Святую Зямлю, поспех ерэтычных вучэнняў і непаслушэнства імператара. Калі кардыналы, якія першы раз апранулі чырвонае аддзенне, як сімвал таго, што гатовыя заўсёды праліць сваю кроў дзеля ісціны, выступілі наперад у час адлучэння Фрыдрыха, а папа і біскупы нахілілі свечы ўніз у знак праклёну — адчай ахутаў Германію, бо Генрых, ландграф Цюрынгскі, якому папа загадаў перадаць імператарскую карону, меў меней уплыву і ваеннай сілы, чымся непакорны Фрыдрых. Бурлівыя хвалі эўрапейскіх звадаў мала трывожылі б новагародцаў, калі б не татары — грозны іх вал каціўся з Усходу і, не баючыся Эўропы, мог змесці, адно за адным, тутэйшыя княствы, як раз'ятраны вецер зрывае з дахаў дзерціцу-дранку, рупліва пакладзеную гаспадаром.