Таму ведалі імянітыя людзі і пра тое, што на пачатку 1253 года кароль франкаў Людовік ІХ таксама паспрабаваў дамовіцца з мангола-татарамі, паслаўшы фламандца Вілема Рубруквіса да хана Мункэ, каб прыцягнуць таго да ўдзелу ў крыжовым паходзе на заняты сарацынамі Святы горад, абяцаючы багатыя падарункі і здабычу, сам жа шукае славы вызваліцеля хрысціянскіх святыняў і збірае грошы для паходу сярод усіх краін Эўропы, але не ўсе адгукаюцца на ягоны прызыў, як і на заклік папы. Аднак жа тым часам разбітыя Міндоўгам князі разам з галіцка-валынскімі князямі сабралі сілы, каб пайсці на яго вайной, і Тэўтонскі ордэн стаў на іхні бок, бо добра супадалі ягоныя планы з заклікам рымскага прастола распаўсюджваць веру Хрыстову сярод язычнікаў.
Схіліліся ў тыя гады вагі нізка-нізка для новагародцаў, спазналі яны цану збірання вакол сваёй зямлі навакольных княстваў. Прыходзілі пад горад пераможаныя Міндоўгавы родзічы, прыводзілі тэўтонаў і полаўцаў, жамойтаў ды яцвягаў, палілі Ваўкавыйск, Слонім ды іншыя гарады. А вакол іх усіх мацней, неадольней сціскалася тэўтонская пятля, адрывала князёў ад любага імі язычніцтва: шукаючы ў немцаў дапамогі, хрысціўся Вікінт, жамойцкі князь, следам за ім Таўцівіл, Міндоўгавы братаніч. Магістр Лівонскага Ордэна Андрэй Стырлянд нястомна пашыраў свой уплыў, ягоныя пасланнікі атабарваліся амаль пры кожным княскім двары — у Дзяволтве, Жамойтах, Нальшчанах і Крэве.
Зачасцілі крыжакі і ў Новагародак часцей, чым у іншыя двары; разам з імі прыходзілі ў замак новыя звычкі — турніры ды розныя спаборніцтвы, падчас якіх пераможца ўручаў свой прыз даме сэрца, выбіраючы яе сярод прыдворных прыгажунь. Не раз схіляліся ганарыстыя рыцары перад княгіняй, абіраючы яе каралевай прыгажосці, і ад таго сустракалі ў яе баярынь куды больш ветлы прыём, чымся ў Міндоўга і яго радцаў. Але мусіў і Міндоўг прымаць крыжакаў, і раздзяліўся ад таго ягоны двор на дзве часткі.
Хрышчэнне па ўсходнім абрадзе не прызнавалася тэўтонцамі, а пагроза ўсё большала; і таму, як ні стараліся праваслаўныя святары ды частка баярства, што падтрымлівала іх, усё ж у Рым было адпраўлена пасольства з просьбай даць згоду на каранацыю. Тую падзею адзначылі ў замку вялікай вячэрай, дзе, аднак, не было многіх імянітых людзей. Андрэй фон Стырлянд быў вясёлы, шмат еў вепрычыны і мядзведзіны, а закусваў хмельны мёд грыбамі валжаніцамі*, улюбёнымі Міндоўгам, хаця княгіня Мілена тыя грыбы не прызнавала з-за таго, што гарчылі яны, нават вымачаныя. Міндоўг, аднак, не еў тых грыбоў — як шапталіся нядобразычліўцы, з-за таго што на сэрцы ў яго было так горка… У той жа дзень у замкавай віўлеофіцы** чытаў малады рыцар Северт радкі з паэмы Готфрыда Вайсенбургскага «Lieber Evangeliorum Domini gratia theodisce conscriptus» альбо коратка «Евангельскай гармоніі», а талмач ад сябе расказваў, што напісаў тую паэму аўтар трыста восемдзесят пяць гадоў таму ў Вейсенбургу, у Эльзасе. Княгіня неадрыўна глядзела на зграбнага юнака, аднак Яўлампія, дбаючы аб абранніку дачкі Рамане, прапанавала, каб пасля паэзіі спяваў для госця новагародскі «міннезінгер». Тады Раман выступіў наперад, але, перабіраючы струны, заспяваў ён не пра каханне, як спадзяваліся жанчыны, і не пра вайсковыя справы новагародцаў. Аб вайне паміж мазонамі і прусамі расказваў ён чамусьці:
І сказаў правадыр мазонаў
Відэвуту, каралю Брутэніі:
«Адмаўляешся нам даніну
Аддаваць — сцеражыся ночы».
…Верх узяў у бітве Антонес,
І пайшоў з багатай здабычай.
Ды сказаў вярхоўны жрэц Брутэн
Усім сабрацца на свята ў Рыкойта,
Дзе багам аддаюць ахвяры.
І прыняў Пярун прынашэнне:
Навальніца грымела магутна,
І натхніліся моцна людзі.
І Антонес разбіты быў.
Сын жа, Чанвіг, хутчэй прыехаў
У Брутэнію. Пакланіўся
Іх багам і прынёс ім ахвяры,
А яшчэ кабылу загнаў.
Так, у полі загнаў да смерці.
Быццам снег, была яна белай.
А спаліў ён яе ў ахвяру,
У ахвяру прускім багам.
З таго часу ў краіне прусаў
Боствы толькі на белых конях.
А смяротным людзям не варта
Спакушаць і багоў, і лёс…
(Тэкст узяты з Хронікі Сымона Грунаў «Забытая гісторыя прусаў»)
* Ваўнянкі.
** Бібліятэка.
Пасля спеваў маўчанне павісла ў пакоі цяжкай заслонай. Княгіня звузіла свае вялікія вочы, адкуль як палыхнуў сярэбраны бляск. Але паспешліва ўмяшалася Яўлампія, выставіўшы пульхныя грудзі, працягнула да спевака рукі, упрыгожаныя вітымі шклянымі бранзалетамі з шкляной крошкай:
- І такіх харобрых людзей перамаглі нашы госці-тэўтоны! Малайчына, Раман, што зрабіў прыемны падарунак рыцарам!