Калі Апфія расказала аб тым бацьку, ён хмыкнуў, раздумваў нейкі час, пасля адабральна кіўнуў жонцы:
— Нашы хлопцы больш харобрыя, чым мудрыя. Прусаў перамагаюць тэўтоны, але гэта іхні лёс. Нам жа цяпер утаймоўваць трэба немцаў, моц на іхнім баку, сам Даніла на іх аглядаецца. Вунь, зяця ягонага Земавіта разам з жонкай паланіў брат, куявіцкі Казімір, і нічога парабіць магутны князь Галіцкі не можа. Бацька іхні Конрад прызваў немцаў, каб з прусамі справіцца — цяперака крыжакі каб ягоных дзяцей разам з прусамі да продкаў дымам не адправілі!
- І баярын Парнус так разважае, як ты, тата, — узрадавалася Апфія. — А дачка мужа імянітага Мікулы казала пра цябе, што ты здраднік і немцам прадаешся!
— Любім мы адзін аднаго таўчы ў ступе дый покрыўкай накрываць, каб не выскачыў! — зазлаваў Агапій. — Тут агонь яго ведае што рабіць. Мяняць веру? Але ж ужо на багоў сваіх спрадвечных забыліся, дык што цяпер, галаву класці за новых? Дый Бог рымскага абраду той жа, што і грэчаскага. Праўда, Полацак увесь праваслаўны, і, агонь яго ведае, як яно ўсё абернецца. Але я падтрымаю князя Міндоўга, хаця нават Войшалк працівіцца пярохрысту. Для мяне найлепшае тое, што лепшае для Новагародка!
— Я заказала ўжо сабе і Апфіі сукні новыя, як у Эўропе носяць, — заспявала Яўлампія. — Яны доўгія прыталеныя, з вузкімі рукавамі, а на галаву турбан альбо покрыўка празрыстая…
— Цьфу! — плюнуў Агапій. — Так і не зразумею: ці ёсць усё-ткі ў баб хаця якія мазгі?
Апошнім часам Войшалк часта прыкладаўся да гарэліцы, і таму, калі ён пагрукаў на досвітку 6 ліпеня 1253 года ў тоўстыя дубовыя дзверы Агапіевай сядзібы, сонны вартаўнік спачатку не хацеў адчыняць.
— Спіць яшчэ баярын, і каго там Лядашчык нясе! — бурчэў ён.
— Не адчыніш княжычу — засяку! — урэшце прыгразіў ранні госць, тады спалохана адчынілася брама, вартаўнік пабег наперадзе трушком, але Войшалк апярэдзіў яго, уварваўся ў ложніцу, дзе, як ведаў ён, баярын гады са два спіць адзін. Той, цяжка сапучы, сунуў цяжкія ногі ў скураныя пантофлі з высцеленым унутры футрам, загадаў прынесці вару з брусніцамі.
— Застудзіў нутро? — па-дзіцячы цікаўна нахіляючы голаў, прамармытаў княжыч. — Скажы, каб і мне кіслага квасу прынеслі.
Хлябтаў квас прагна, ажно захлынаючыся. Выцер рот шырокім расшытым рукавом, заявіў пагрозліва:
— Я заўсёды паважаў цябе, баярын, але зараз… Чаму ты настройваеш бацьку супраць мяне? Вы яго сцяной абкружылі — ты, Парнус, Астафій Канстанцінавіч. Ён і слухаць мяне не хоча.
— Таму, што ты, княжыч, хочаш выбрыкнуцца: глядзіце, які я харобры! І што было б, каб бацька зрабіў па-твойму? Таўцівіл, Вікінт, Дуцэ, Мільгернэ, Дзіндэне, сам Даніла Галіцкі з сынамі, нарэшце — і ўсе супраць нас. Ці не замнога нават для такога магутнага горада, як Новагародак? Ты забыўся, як мы тут ледзь адбіліся? Калі немцы з ворагаў стануць саюзнікамі, гэтыя князі адразу хвасты падціснуць.
— Міндоўг падпісвае грамату за граматай. Што ж застанецца мне?
— Падпісаць грамату — яшчэ не аддаць. Да таго ж тыя землі, якія нібыта адыходзяць да крыжакоў, яшчэ трэба было б паваяваць. Ты сам будзеш князем, дык вучыся мудрасці і абачлівасці, якія ты называеш здрадніцтвам.
— Я не пайду на каранацыю.
— Што ж, у Міндоўга ёсць і другі сын, хай сабе і малы. Княгіня чакае дзіця. Што, калі гэта таксама будзе сын?
Войшалк затраўлена азіраўся.
— Тады хай пашле мяне хаця б у родавую Літву. Яму застанецца Новагародак!
— Яго Літва належыць цяпер таксама Новагародку. Няўжо ты думаеш, што мы дапусцім тое? Мы, якія столькі грошай падкінулі пад ногі Міндоўгаваму каню, які нёсся праз усе бітвы і перамагаў разам з гаспадаром?
— Каню?
- І Міндоўгу.
— Ты яшчэ жартуеш… Дык вы і зусім не прымаеце мяне за патомнага княжыча?
— Калі б не прымалі, я не гаварыў бы з табою. Але май цярпенне! Думаю, ты прыйшоў да мяне таму, што цябе не падтрымалі ні Мікула, ні Ратбор, ні Векша, хаця ты на іх моцна спадзяваўся.
— Адкуль ты ведаеш?
— Пажывеш з маё княжыч… А на каранацыю — ідзі. Хітруе Міндоўг з немцамі, як хітраваў са сваімі родзічамі. А выйграе самы цярплівы.
У пакой зазірнула Жывена, але, убачыўшы Войшалка, адступіла, хацела зачыніць дзверы. Ён жа падскочыў да яе, выцягнуў на сярэдзіну пакоя, агледзеў.
— Даўно не была ў Новагародку, даўно! Нябось, прыехала на каранацыю паглядзець? Ну, глядзі, глядзі, як мой бацька новым вапленнем* займаецца.
* Афарбоўка (ад вап — фарба).
Яна ўсміхалася, гледзячы на яго, падобная са сваёй шапкай ярка-залатых валасоў на дзьмухавец. Тонкае сцябло яе цела нібы калывалася ў густым летнім ветры, настояным на паху расцвілых ліпаў, худзенькі твар, рукі, ногі былі яшчэ нейкімі неакрэсленымі, струменлівымі. Падлетак, які вось-вось нальецца сокам жыцця. Фіялкавыя вочы, адцененыя пушыстымі вейкамі, здавалася, павінны былі б належаць дарослай дзяўчыне-прыгажуні, і таму дзіўнаватай, нібы з іншых земляў, здавалася адзінаццацігадовая ўнучка баярына.