Выбрать главу

— Хутка ўжо нявестай будзе. Не Апфія — у дзеўках не заседзіцца, — падкалоў Войшалк баярына, і той спахмурнеў.

— Апфія ўсё выбірае, а цяперака той, на каго заглядаецца, нешта цягне. Вось, вазьмі яе замуж. Буду чакаць унукаў, - пакпіў і баярын, ведаючы, што княжыч бяздзетны.

— Лепей ужо вось яе вазьму, — вырашыў аджартавацца той, як бы не заўважаючы куслівай старэчай завядзёнкі гаспадара. Са здзіўленнем пабачыў, як паплыла белізна па жаўтлявым твары, калі загаварылі аб Жывене.

— Пра гэта ты і думаць не павінен. Чуеш? Ніколі!

— Што з табой? — падазрона зіркнуў на яго Войшалк і ўтаропіўся ў мутныя старэчыя вочы. — Ты нешта ведаеш?

Але той ужо спахапіўся і паспрабаваў адгаварыцца:

— Яна ж яшчэ дзіця. Да таго ж жрыца, і любяць яе Ашвіны.

— Ты нешта хітруеш, — раздумліва прамовіў княжыч. — Што?

Агапій махнуў рукой, і Жывена пырхнула за дзверы лёгкай ластаўкай.

— Не выдумляй нічога, шаноўны сын Міндоўга, — пачціва схіліўся перад ім Агапій, — лепей спяшайся да сябе, каб іншаземныя паслы не поркалі ў цябе пальцамі. Спадчынны княжыч Новагародка павінен выглядаць як мае быць. Ды і мне час апранацца. На нас гледзячы, будуць меркаваць і аб княстве нашым.

Княжыч быў падступіўся да старога, каб той патлумачыў, чаму так спалохаўся простага жарту, але той упарта стаяў на сваім, і яны разышліся, моцна незадаволеныя адзін адным, асабліва ж Агапій. Сварыўся на сябе за тое, што выдаў страх за ўнучку. Ведаў учэпісты і настырны характар княжыча, які і сапраўды зачапіўся думкаю за незвычайнае хваляванне баярына і вырашыў у рэшце рэшт даўмецца, што да чаго.

На самым досвітку таго дня пачалі сцякацца на галоўную плошчу Новагародка госці і мясцовы люд, моцна заклапочаныя нечаканымі падзеямі.

Спяшаліся туды, дзе яшчэ ўчора да глыбокай ночы шчыравалі муралі, завяршаючы капліцу-мураванку, над якой высіўся незвыклай формы крыж і ля якой меўся быць пабудаваным першы на Новагародчыне касцёл, дзеля чаго новапрызначаны біскуп Хрысціян ужо абышоў ледзь не ўсе багатыя дамы горада, збіраючы ахвяраванні.

Ён жа, біскуп, мітусіўся ля капліцы, даючы распараджэнні служкам то пераставіць кветкі, то працерці краёчак абраза, то паправіць чырвоную суконную дарожку, па якой пойдзе да памоста новаахрышчаны князь з жонкай і сярэднім сынам. Былы ордэнскі каплан Хрысціян добра разумеў, якую ролю надае ягонай дзейнасці сам папа, і рыхтаваўся пашыраць межы свайго біскупства не шкадуючы сіл, насуперак усім высілкам спрадвечнага тут язычніцтва і за стагоддзі ўзмацнелага на тутэйшых землях праваслаўя. Мог перашкаджаць ягонай дзейнасці і рыжскі біскуп Альберт, які доўга працівіўся назначэнню каплана, але затое моцна падтрымліваў яго холмскі біскуп Генрых, дзеля чаго і прыехаў сюды на каранацыю, дабіўшыся гэтага гонару не без моцнай падтрымкі аднаго з папскіх кардыналаў, свайго брата.

З-пад свежачасанага, жоўтага, як масла, памоста выглядалі цесляры з заткнутымі за пояс склюдамі*, якімі яны таксама да начы абчэсвалі драўлянае ўзвышша, пацеючы над кожнай дошкай, каб дзе за які сучок не зачапіўся тонкі газ** княжавага альбо магістравага бота.

* Сякеры.

** Казловая скура, вырабленая ў саф'ян.

Варта цясніла цікаўных уніз, у ручаіны-вуліцы, таўкла ў каршэнь упартых, зацятых новагародскіх рамеснікаў, якія жадалі бачыць усё да драбніц на свае вочы, дзідамі падколвала хлапчукоў, якія гронкамі звешваліся з дахаў мураванак — не дай Божа, разаб'ецца каторы, азмрочыць свята, хаця ў купцы старцаў-язычнікаў шапталіся, што ў былыя часы ахвярнай крывёю абавязкова замацоўвалі кожную падзею, каб не злавалі на няўдзячных багі.

Як хваля пракацілася па натоўпе, калі на плошчу выйшаў невялікі атрад крыжакоў і накіраваўся да памоста, стаўшы паабапал яго. У белых плашчах з нашытымі крыжамі стаялі яны нерухома, гледзячы скрозь вузкія вачніцы шаломаў, бліскучыя накаленнікі нібы падвышалі іх, жалезныя пальчаткі, пакладзеныя на рукаяці мячоў, здаецца, гатовы былі схапіць і сціскацца на шыі ворага, не шкадуючы яго. Новагародцы, аднак, помнілі, што адчайнае супраціўленне прусаў, што доўжылася амаль сем гадоў*, было адкінула гэтую грозную сілу і добра пашчапала яе; многія з тых, што і самі сутыкаліся з тэўтонамі ў баі, глядзелі на іх з цікаўнасцю, але без боязі.