* З 1242 па 1248 год.
Ля памоста пачалі збірацца людзі імянітыя, набліжаныя да князя, іхнія сем'і — кожнага, расхінаючы перад імі дзіды, прапускала на плошчу сцярожкая варта, абмацвала вачыма. Мужчыны ішлі да памоста, жанчыны тоўпіліся наводдаль.
Жывена пайшла на плошчу з Яўлампіяй, якая ўсю дарогу крыўдавала, што не ёй, а дачцы ейнай Апфіі выпала суправаджаць княжацкую сям'ю, трымаючы за Аленай доўгую белую накідку. Яе ж, якая магла б ісці за княгіняй, адцясніла на гэты раз жонка ваяводы, якая выплакала тое ў самога князя. Аднак ганарлівая баярыня цешылася тым, што ў невялікай свіце Міндоўга будзе разам з ваяводам і Парнусам ейны муж. Падыходзячы да купкі імянітых жанчын, абмацала вачыма Яўлампія ўсе парчовыя і шаўковыя сукенкі прысутных, іхнія каптурыкі і шапачкі. А відовішча было надзвычай прыгожае: смарагдамі, яшмай ці вірэламі* абсыпаныя паясы, наміткі, бранзалеты залатыя ці шкляныя трохгранныя, бронзавыя і медныя фібулы, сумачкі, абшытыя бісерам, тонкія пантофлікі, якія можна сціснуць у далоні, - многа багацця маюць новагародцы, ад таго ўпрыгожваюць сваіх жанчын. Промні сонца, час ад часу прабіваючыся скрозь густыя хмары, выблісквалі на залатых крыжыках, што ляжалі ля алтара, чашы і паціра, дараносіцы, а таксама на жалезных даспехах рыцараў. Прысутныя, асабліва жанчыны, з трывогай задзіралі галовы — вільготная гарачыня поўніла целы млявасцю, дождж кожную хвіліну мог абрынуцца на ўсё святочнае шэсце. У натоўпе ж, што гудзеў, як устрывожаны вулей, таксама шапталіся, што недарэмна ад самога Вялікадня амаль не сціхае дождж і нават рыбін знаходзяць у барознах, калі ля поля блізкая рэчка, дык якога ж ураджаю можна чакаць сёлета?**
* Берыл.
** Аб гэтых незвычайных дажджах пішуць летапісы.
Голасна ўскрыкнулі трубы, загудзелі валынкі, нямецкія барабаншчыкі загрукаталі палачкамі па тоўстых чэравах сваіх барабанаў, новагародскія музыкі ў адзіным рытме затохкалі ў варганы. На плошчу ўступіў Міндоўг, па абодва бакі ад якога ехалі магістр Андрэй Стырлянд і холмскі біскуп Генрых, якія, аднак, на паўкрока адсталі ад яго, кругам праязджаючы плошчу, за імі ехала світа князя і княгіні, а таксама княжыя дзеці. Тады, па камандзе: «Das Visier lüften!»* знялі свае шаломы рыцары, гучна выкрыкнулі вітанні. Завыў, загалёкаў, загаласіў натоўп, схіліліся ў нізкім паклоне баяры, цяжка затрапяталі харугвы — каляровыя і белыя, а таксама бела-чырвона-белыя з коннікам, што высока ўздымаў меч.
* Забралы падняць!
Каля капліцы ўжо стаялі крэслы — высокая разьбяная спінка амаль схавала трохгадовага Рэпенью, альбо, як яго клікалі ў замку, Рэплю. Наструненая постаць княгіні Мілды-Мілены нібы злілася з тонкай разьбой дрэва, Міндоўг жа ўзвысіўся над крэслам, як бы падмяўшы яго пад сябе. Наводдаль ад іх стаялі Войшалк з сястрой і баяры, а таксама магістр, паслы і сястра княгіні Якса з мужам, нальшчанскім князем Даўмонтам. Цёмнавалосая, з бліскучымі вачыма-вішнямі, яна кусала вусны, каб стаяць нерухома, бо ўся як трапятала жывой, пругкай сілай, падобная ў сваім строі на вузкі каснік агню — ярка-чырвоны, зіхоткі.
Затое надта падобным да вярхоўнага жраца Святазара здаўся Жывене біскуп Генрых — у доўгай белай альбе, падпаясанай цынгулем і аздобленай карункамі, у аздобленым каштоўнымі камянямі арнаце, ён вяршыў абрад хрышчэння тым жа гучным, але лёгкім голасам, нібы спяваючы, гэтак жа ўладна пырскаў вадой на схіленыя перад ім галовы. Аднак Святазар падвязваў доўгія свае валасы толькі белай павязкай-галавізной, у біскупа ж, апроч чатырохвугольнай шапачкі, на якую надзеты доўгі белы каўпак — мітра, белыя рукавічкі, а галоўнае — крыж, упрыгожаны празрыстымі белымі камянямі, якія — і гэта разгледзелі яе зоркія вочы — час ад часу ўспыхвалі асляпляльнымі іскрынкамі. «Гэта дыяманты», — шапнула зайздросна Яўлампія.
Глядзелі новагародцы і на яшчэ нябачаных імі манахаў — у сандалетах на босых нагах, у чорных прасторных сукнях з шырокімі рукавамі, у капюшонах; брытыя галовы іх час ад часу выглядалі з-пад капюшонаў, калі яны азіраліся навокал, седзячы на лавах ззаду світы.
Люд жа талопіў вочы на алтар, ніжняя частка якога — антэпендыум — была, мабыць, прывезеная з самога Рыма — з рэдкім майстэрствам на металічных пласцінах, упрыгожаных яшмай і лазурытам, выбітыя сцэны з жыцця Хрыста і апосталаў; на келіх, крапіла, бурсу, што з рук у рукі перадавалі біскупу апранутыя ў белае служкі з брытымі макушкамі. У напружаным маўчанні скончыўся абрад, і Міндоўг, з палёгкай уздыхнуўшы, пругка пайшоў таропкімі крокамі, далёка пакідаючы сына і жонку, нібы рвучыся на памост, дзе яго чакаў магістр.