Выбрать главу

Андрэй фон Стырлянд трымаў карону высока, уздымаючы яе ўсё вышэй, і яна трапятала ў ягоных руках сярэбраным целам злоўленай рыбіны. Біскуп, перавальваючыся, узняўся на памост, на ягонай руцэ пярсцёнак з часцінкай святых мошчаў здаваўся вялікім чорным жуком. Міндоўг, а за ім жонка і сын апусціліся на калені, і з шоргатам, рыпеннем, уздыхам паўтарыў тое народ. Біскуп узяў карону і паволі, імкнучыся падоўжыць гэтую хвілю, апусціў яе на галаву князя, нахіленую перад ім. З натоўпу крыжакоў Стырлянду перадалі загорнуты ў празрыстую кісяю сярэбраны абруч з невялікім конусам наперадзе, у які быў упаяны крыж з бірузы. Яго, асцярожна выняўшы з абгорткі, наклаў на галаву княгіні таксама біскуп, у той час як магістр апаясаў маленькага Рэпенью скураным поясам з металічнымі ромбамі і ўклаў у похвы пры поясе мініяцюрны меч — знак таго, што прымае хлопчыка ў рыцары. Тады крыжакі, падняўшы рукі ў жалезных пальчатках, тройчы ўдарылі далонь аб далонь.

— Каралі Свяшчэннай Імперыі заўсёды шчаслівыя атрымаць разам з каронай святое папскае блаславенне, — загаварыў Генрых. — І сёння гэтае блаславенне пасылаецца табе і твайму народу, які разам з табою ўступае ў сям'ю, прасветленую ісцінным вучэннем Хрыстовым. Ад гэтага часу ўсе хрысціяне Эўропы абавязаныя дапамагаць табе, кароль Міндоўг!

Зноў загрукаталі барабаны, звонка заспявалі ля капліцы служкі. Міндоўг сышоў з памоста, ля якога ўжо стаяла лава, засланая сінім аксамітам, куды ўселася княжацкая сям'я. Ваяводзіна і Апфія, стоячы ззаду, за княгіняй і дачкой, трымалі іхнія белыя накідкі. Світа тоўпілася ззаду.

На ўзвышша амаль узбег танклявы, гнуткі Раман, следам за ім узнеслі цымбалы. Перабіраючы струны, хлопец заспяваў складзены ім славаслоў у гонар князя. Паслы зашапталіся: голас спевака, высокі, звонкі, з няўлоўна аксамітава-мяккім адценнем, заварожваў, варушыў у сэрцах нешта патаемна-тонкае…

Апаясаная воямі плошча застыгла, змоўкла мурашліва-бязладнае варушэнне на ніжніх вуліцах, дзе тоўпіліся новагародцы. Жывена абвяла позіркам твары крыжакоў: круглы твар Северта з тоўстымі пажадлівымі вуснамі ільсніўся задавальненнем, магістр заплюшчыў вочы, немалады яго, з глыбокімі зморшчынамі лоб схіліўся; нейчыя вочы перахапілі ейны позірк, скрыжаваліся погляды, не адпускаючы адзін аднаго.

Малады, жаўтлявы як воск твар, на якім разцом выразаны рысы прыгожыя, жорсткія, уладныя. Нібы чуе Жывена, як нерухомы рот загадвае апусціць вочы, але яна не адводзіць.

— Ты што, закамянела на гэтым рыцары? — тарганула за рукаў Яўлампія. Жывена няўцямна перавяла на яе позірк, як не пазнаючы: нешта працяло грудзі, не ўздыхнуць.

— Перапудзілася, ці што? — дыхала заморскімі пахкасцямі, цясніла пульхнымі грудзямі цікаўная жанчына. — Ты лепей на князя, ой, на караля, зірні: ён жа ўсё касавурыцца на гэтую… нашай княгіні… каралевы сястру. А людзей! Хоць лыжкай мяшай!

Міндоўг, як ніколі падобны да ваўка са сваім белым няроўным выскалам усмешкі, сядзеў, выставіўшы правы плячук, і позірк яго стоена раз за разам абягаў Яксу, яе высокія грудзі пад пунсовым адамашкам, чорныя кудзеры над белым ілбом. Маладая жанчына была амаль адбіткам сваёй сястры, але адбіткам маладым, стоена-гарачым, у той час як цяжарная каралева агрузнела і, мабыць, пачувала сябе нездаровай: халодна-блакітныя вочы затуманіліся, пачырванелі.

— Трымайся роўна! — раздражнёна сказала яна Алене-Ваверыцы. — Ты дачка караля!

Тузанула галавой, так што медная шпілька, якой была прыколатая да чапца кісяя, да крыві драпанула рукі ваяводзіны, тая вохнула.

— Даруй, княгіня Мілена, — зашаптала спалоханая жанчына, — не ўтрымала за табой убор!

— Ці ты не чула: мяне ахрысцілі Мартай. І я каралева!

— Даруй, каралева Марта, — схілілася ваяводзіна, а слёзы ад болю і крыўды так і пакаціліся па ейных шчоках…

Баярын Агапій, калі Апфія пераказвала здарэнне, дакараў дачку і жонку:

— Ці вы, агонь вас ведае, не бачыце, што цяжарная жанчына змаглася? І Міндоўгу не да сестрыных спадніц: мабыць, думае, ці дапаможа холмскі біскуп улагодзіць Данілу Галіцкага? Той усё-ткі да Ордэна прыслухоўваецца, самога хрысцілі і каранавалі. Таўцівіла мы з гульні выкінулі… Прынясіце лепей варцобы, дый отрака паклічце. І не пайду я на плошчу, бо і так ногі баляць…

На плошчы ўвечары народу было як маку, хаця цяжарныя дажджом аблокі ледзь не дакраналіся да смалякоў, якія скрозь матляліся вогненнымі венікамі, прыбітыя да слупоў, пад якімі нястомна чэрпалі з бочак і разлівалі ў чашы і брэцьяніцы хмельны мёд і піва княжацкія слугі. На кастрышчах угіналіся пад зубрынымі тушамі на пожагах моцныя рагаткі, сабакі грызліся з-за костак альбо, ацяжэлыя, драмалі пад памостам, сквірчэла мяса, шугаючы ў насы пахам сытасці і свята. Гаманілі, меркавалі, спрачаліся новагародцы: