Выбрать главу

— Я сказала толькі, што яна ад ветру, а я ад зямлі. Што яна ведае, як ляцець па зямлі, а я ведаю, куды. І мы патрэбныя адна адной, бо я ніколі не пакрыўджу ніводную жывую істоту. І яна мне паверыла…

Пасля таго як талмач пераказаў яе адказ, наперад выступіў рыцар Райнер і працягнуў Жывене медальён, атрыманы ўчора на скачках.

— Гэта твой.

Яна адмоўна паківала галавой, гледзячы на яго знізу ўверх фіялкавымі вачыма, у сваёй белай сукні падобная да кветкі, пастаўленай у дарагую шкляную вазу.

— Ты наш госць, і хай застаецца табе на памяць, рыцар. Твой меч моцны, але я толькі хацела паказаць, што ёсць нешта мацнейшае за сілу…

Моцна сварыўся тады Агапій на сваю ўнучку, дакараў яе. Апфія ж найболей шкадавала Гастамысла, якога за тое, што дазволіў дзяўчынцы скакаць замест сябе, пакараў ваявода вялікім штрафам. Быў бы чорнай чаддзю, засеклі б, можа, да смерці; пры двары ж шапталіся аб тым, што надта прыслухоўваецца Міндоўг да Агапія і шануе яго — нават не карае за дзёркасць унучкі. Жанчыны ж меркавалі, што тут умяшалася Апфія, упрасіла каралеву Марту, абяцаючы, што не пусціць болей сваю ўнучку Агапій ні на якія ўрачыстасці пры двары.

Ад'ехаў Войшалк — правіць ад імя Міндоўга самымі багатымі гарадамі Панямоння Ваўкавыйскам і Слонімам. І з ягоным ад'ездам як закруціліся, завіравалі вакол Новагародка розныя, благія і добрыя, падзеі.

Сын Данілы Раманавіча Шварн пасватаўся да Алены, і паехала яна з бацькоўскім блаславеннем і багатым пасагам да яго ў Галіч, забраўшы з сабою Апфію і Рамана, якія абвянчаліся ў той жа дзень, што і княжацкая пара. Яўлампія была і ўсцешаная тым, і пакрыўджаная, што не ўдалося ёй паказацца ў новай сукні, дзе ўстаўка на грудзях была вышытая прадзеным золатам, каляровай фольгай і залотнымі блішчынкамі. Аднак жа ад'езд дарослай дачкі дадаў бляску яе цікаўным вачам, і, як ніколі раней, наведвала яна двор, дзе каралева Марта, ледзь паспеўшы нарадзіць другога сына, ладзіла то чытанні аб прыгодах Трышчана і Ізоты, то спевы салодкагалосыя, а то і глумцоў, вандроўных актораў, запрашала, не шкадуючы на тое грошай. Любілі бываць на тых зборышчах тэўтоны, атрад якіх застаўся ў Новагародку, найболей жа рыцар Северт, аб чым ужо шапталіся па завуголлях замка, вакол якога будаваліся дзве новыя каменныя вежы, і дзе, як тоўстагалоўкі-мухі, поўзалі па рыштаваннях глафеі*, муляры і каменячосы.

* Бялільшчык.

Стары ж баярын пачаў згінацца ў крук ці то ад скрухі, ці то ад хвароб. Дарэмна піў ён адвар з таўкачыкаў, які даў яму княжы лекар, дарма шапталі над ім замовы жрацы, а замест смажаніны падавалі яму найболей драчону посную ў макавым малацэ. Балюча перажываў ён нязгоды паміж Галіцка-Валынскім і Новагародскім княствамі, а сам, калі ўдзельнічаў у перамовах, тарокаўся*, раздражняўся, што ні на макулінку не думаюць іншыя пра Новагародак. Калі ж прыязджаў у храм Ашвінаў, дзе, ужо зусім не выязджаючы ў Новагародак, жыла і сталела Жывена, нібы маладзеў: борзда тупаў да вежы, там малады жрэц-вяжар** даваў яму глядзець на неба праз крышталёвы пацік***, падоўгу стаяў на каленьках перад ахвярнымі агнямі, як бы стараючыся нешта ўбачыць праз зменлівыя абрысы чырвані.

* Доўга дамаўляцца.

** Жрэц, які дзяжурыць на вежы.

*** Шар з крышталю (старажытнарускае — фаціс, ад індыйскага пацік).

— Жыццё ўжо гарэлага шэлегу не варта, — казаў Жывене. — Душачка мая і так на адной нітцы тут затрымалася, можа, каб убачыць, што з нашай зямлёй станецца. Агонь яго ведае, што татары надумаюць і што галіцкія князі праз іх утвораць…

Жывена чакала яго і разам з тым заўважала, што вечны яго клопат аб Новагародку раздражняе душу. Яна прагна вучылася ўсяму, што ўкладаў у яе Святазар, а вучэнне тое амаль не закранала хуткаплынных зямных праблем. Храм стаяў далёка ад дарог, па якіх ішло на Новагародак войска, якое як сарвала Міндоўга са стала і шпурнула яго назад у Руту, вярнула ў замак Войшалка, які пачаў перамовы з магутным некалі сапернікам. Цяпер, як нястрымная паводка падточвае жаралістыя камлі дрэў, падточвала татарская навала сілы Галіцка-Валынскага княства, тым даючы надзею Новагародку скінуць з сябе, як апрыкрае лапікла, васальную залежнасць. Але пакуль цягнуўся, ахінаючы крысом бацьку, маладняк: дачка Данілы Пераслава княжыла ў Мазовіі і Куявіі, пабраўшыся з сынам Конрада Мазавецкага Земавітам, сын жа Раман ажаніўся з Гертрудай, пляменніцай герцага аўстрыйскага. Патрабаваў Даніла новагародскую карону для Шварна…