Выбрать главу

Тое, што ярыла дзеда, выслухоўвала Жывена, але горкія яго прыкідкі пакідалі яе раўнадушнай, і не раз стрымліваўся Агапій, каб не расказаць унучцы аб усім. Адчуваў, што пакідае яе адну, безабаронную перад хітраспляценнямі Лёсу, які недарэмна ўзвышае князёў над усімі, але тым і прымушае іх плаціць па асобным рахунку. Аднак помніў старажытны выраз: «Вагай валодаюць словы, і цягнуцца лёсы за Словам», а таму баяўся сурочыць унучку і маўчаў.

У год, калі Жывене споўнілася чатырнаццаць, у храм прыехаў Міндоўг.

Толькі што прайшла Сёмуха, калі ў храм прыносілі зеляніну, вянкі з маладых красак, а ў селішчах плялі для самай прыгожай дзяўчыны карзно-плашч з зялёных галінак, у якім яна сядзіць пад бярозай, дзе скачуць хлопцы і дзяўчаты, спяваюць-гукаюць шчасце, раз-пораз выкрыкваючы «Мая, о Мая!» альбо «Дзід-Лада!». Песні даносяцца да храма, а Святазар апавядае сваёй вучаніцы пра глыбінны сэнс культу Маі, багіні расліннасці і буяння, а разам з тым падману і ілюзій. Так, у багоў дзве абалонкі: адна, зразумелая для ўсіх, другая ж, патаемная, для жрацоў, якія вучацца пранікаць за абалонку, каб дазнацца пра волю багоў і няўмольны поступ лёсу. У Лады, славянскай багіні кахання, як і ў літоўскай Мілды, свае таямніцы, як і ў Жытняга Дзядка, у іншых багоў і, паўтараючы прыпевы, звяртаюць людзі на сябе ўвагу багоў, спрабуюць іх улагодзіць. На Сёмуху былі добрыя прыкметы: ярка гарэлі вогнішчы, і мабыць, данесліся да багоў з дымам памкненні вернікаў, таму што сонца ўперамешку з гаючымі дажджамі нібыта выцягвала з зямлі кожную, самую слабую раслінку, песціла яе, і радасна завіхаліся на палетках агнішчане і простая чадзь.

І да святва Ашвінаў, альбо першага Конскага Вялікадня, рыхтаваліся па селішчах: рвалі рагоз, фарбавалі тканіны з цыбульнага шалупіння ці з яловых шышак, разводзілі для чырвані іржавае жалеза. Ды ў якой гаспадыні няма пад рукой валошак ці сухой дубовай кары альбо алешыны, каб прыйсці на свята ў новапафарбаванай кашулі? Ткалі лён на белыя наміткі, ручніковыя ўборы, вышывалі іх альбо аблямоўвалі сярэбранымі і жалезнымі бляшкамі. Для коней жа таксама стараліся: грукалі па селішчах кавалі, бразгацелі падковамі, каб абнавіць старыя; у стайнях чысцілі і прыбіралі, вешалі бразготкі, каб адагнаць нячысцікаў; драўлянымі грабянцамі разбіралі грывы, бо, бывала, яны ў струкі пакачаюцца ад натруджанасці. Дастаецца сялянскім конікам, ірвуць яны жылы на лядах, дык стараліся хаця б на свята агледзець іх як найлепей навакольныя гаспадары. Да таго ж перад Конскім Вялікаднем звычайна аб'язджалі селішчы жрацы з храма, каб абкурыць хворых коней зёлкамі, а здаровых апырскаць вадой са свяшчэннага возера. У апошнія гады надта прасілі прысылаць Жывену: светлая ўсмешка дзяўчыны, заўсёды радасны настрой і гатоўнасць дапамагчы прыцягвалі да яе сэрцы. Да таго ж заўважылі людзі, што коні цягнуцца да яе, і самыя наравістыя заціхалі пад ласкавымі пальцамі маладой жрыцы, калі дакраналася яна да вахлакоў* ці выцятых месцаў. Таму ў дзень ахвярапрынашэння яна ледзь паспела вярнуцца з аб'езду і, выкупаўшыся ў возеры, пераапрануўшыся ў святочнае адзенне, стаяла ў канцы купкі жрацоў каля ахвярнага кастрышча, сярод якога высіўся грамозны** разьбяны конь з устаўленымі замест вачэй агатамі. Калісьці ў час вялікай ахвяры палілі жывога каня, але цяпер усё часцей карысталіся драўляным; у многіх вернікаў на ланцужках альбо вяроўках матляліся на шыі маленькія драўляныя альбо гліняныя конікі.

* Нарост.

** Вялізны.

— Вялікі князь! Міндоўг! — прашалясцела ад брамы.

Яр, трымаючы аберуч гліняны гаршчок з вуголлямі ад жывога агню, куды жрацы павінны былі ўторкнуць свае смалякі, каб падпаліць ахвярнае вогнішча, спыніўся каля Святазара, але ціха загадаў вярхоўны жрэц:

— Пачакаем князя.

У натоўпе прыгнечана зашамацелі: чаканне, хаця і кароткае, было нядобрым знакам — ці захочуць багі прыняць ахвяру? Усе моўчкі глядзелі ў бок брамы, на мошчаную каменем дарожку, дзе, шоргаючы ботамі, падбітымі сярэбранымі цвікамі, у чырвоным карзне, з-пад якога выглядала белая кашуля з залатым мулетам-змеевіком на грудзях, велічна ішоў Міндоўг. За той час, як не бачыла яго Жывена, ён пацяжэў, асунуўся і пажаўцеў тварам, але па-ранейшаму нешта непакорліва-воўчае было ў яго зялёных вачах і выстаўленым наперад правым плечуку. Жрэц блаславіў яго схіленую перад ахвярным кастрышчам галаву, а слуга падаў авечы пузыр, ад якога моцна запахла бабровым струменем. Князь выліў каштоўнае змесціва на ногі драўлянага каня, чые вочы-агаты загадкава зіхцелі зверху. Тады Святазар запаліў свой смаляк і ўрачыста прагаварыў цвёрдым голасам-стрыжнем, на які, здавалася, была нанізаная яго шапаткая, стончаная плоць: